Другая, яшчэ большая затрымка была звязана з «операцией отмечания» нашых камандзіровачных пасведчанняў. Вядома, іх можна было б адзначыць і ў той жа бухгалтэрыі вучылішча. Але этыкет падказваў нам зайсці ў райком партыі і падзякаваць Нэлі Казіміраўне за начлег — значыць, і камандзіроўкі мы палічылі лепш адзначыць там.
У райком пайшлі мы ўдвух з Валодзем Содалем. "Сакратарка ў прыёмнай, калі мы назваліся і папыталіся, як трапіць да Нэлі Казіміраўны, сказала, што Нэля Казіміраўна прасіла нас трохі пачакаць — яна пакуль занятая. Мы толькі здзівіліся, як гэта яна ўведала, што мы прыйшлі да яе — пра гэта ж з ёй не было ніякай гаворкі. Каб не марнаваць час, я дастаў увесь пук нашых камандзіровак і папрасіў сакратарку хутчэй іх адзначыць. Але сакратарка ўзяла пасведчанні і спакойненька засунула іх у стол.
— Нэлі Казіміраўна сказала не адзначаць, пакуль яна не вызваліцца.
Мы пераглянуліся з Валодзем: што гэта за дзівосы?
— Раз так, давайце камандзіроўкі назад, мы ў іншым месцы адзначым.
Але дзяўчына і не думала вяртаць іх:
— Нэлі Казіміраўна прасіла пачакаць — яна хутка вызваліцца.
Счакаўшы яшчэ колькі часу, мы пачалі выказваць сваё абурэнне, даводзіць, што нам няма калі таптацца ў райкомаўскай прыёмнай. Але сакратарка была непахісная:
— Нэлі Казіміраўна прасіла...
Нарэшце нас паклікалі ў яе кабінет. Калі мы ўвайшлі^ сакратар райкома партыі, яшчэ даволі маладая і стройная жанчына, пасадзіўшы нас перад сабой, проста ашаламіла абодвух, выпаліўшы нам у твар:
— Попрошу ваши документы...
Першы зрэагаваў на гэта Валодзя Содаль: А я не пакажу...
Потым Валодзя растлумачыў мне, чаму так адказаў. У яго ўжо выпрацаваўся ўнутраны пратэст супроць такіх во, як бы мякчэй сказаць, «дзействаў» афіцыйных асоб. Асаблівую падазронасць да сябе ён адчуваў у Ашмянах, куды не адзін раз ездзіў, вывучаючы мясціны Францішка Багушэвіча. Аднаго разу, спыніўшыся тут на колькі часу па дарозе да Вільні, ён убачыў, як бураць старыя, Багушэвічавай пары будынкі. Каб хоць на здымках захаваць стары від горада, пачаў спехам фатаграфаваць тыя будынкі, бегаючы ад аднаго да другога. Ён так захапіўся гэтым, што ледзь не спазніўся на аўтобус — ускочыў у яго, калі той ужо адыходзіў. Але не паспеў аўтобус яшчэ ўзяць разгон, як наперадзе, пасярод дарогі, выраслі два міліцыянеры. Выстаўленымі далонямі паднятых рук далі знак спыніцца. Ускочыўшы ў аўтобус, міліцыянеры пакіравалі проста туды, дзе сеў Валодзя, спыніліся перад ім:
— Ваши документы?..
Ловячы на сабе цікаўныя позіркі здзіўленых пасажыраў, Валодзя паказаў тады свой дакумент і растлумачыў, хто ён такі і чаго яму трэба было ў Ашмянах. Пагартаўшы, пакруціўшы ў руках той дакумент, міліцыянеры вярнулі яго і сышлі з аўтобуса. І хоць на гэтым усё кончылася, Валодзеў настрой быў тады сапсаваны. Ён нібы сутыкнуўся тады з нечым брыдкім.
І вось цяпер ізноў...
Я ж як чалавек не горды (а ўсё ж, мусіць, трэба такім быць) дастаў з кішэні сваё «палымянскае» пасведчанне — якраз жа было пры мне — і падаў сакратару райкома.
— А, Цвйрка! Так я вас знаю, — вяртаючы дакумент, сказала Нэлі Казіміраўна і пачала апраўдвацца. — Вы должны понять: у нас же — приграничный район...
Я спачатку не мог уцяміць, пра якую мяжу-граніцу ідзе тут гаворка. Толькі пасля да мяне дайшло, што Воранаўскі ж раён мяжуе... з Літвой, Літоўскай ССР!
Нэля Казіміраўна пачала расказваць нам, якое напружанае цяпер становішча ў раёне. Гэта ж заўтра ў недалёкім адсюль Вільнюсе адкрываецца ўстаноўчы з'езд Беларускага народнага фронту. Туды з усёй Беларусі з'ехаліся экстрэмісты. Пасля з'езда яны, магчыма, будуць вяртацца праз Воранаўскі раён, могуць быць эксцэсы. Таму райком робіць усё, каб даць ім адпор, для чаго вядзецца растлумачальная работа. Пра барацьбу з «экстрэмісцкімі элементамі», з «нефармаламі», казала Нэлі Казіміраўна, вельмі сур'ёзна гаварылася на апошнім пленуме ЦК КПБ.
Цікава, як бы рэагавала Нэля Казіміраўна, калі б даведалася, што два такія «нефармальныя элементы», дэлегаты заўтрашняга з'езда ў Вільні, сядзяць цяпер перад ёй уласнымі персонамі! Толькі яны не зусім разумеюць, з якімі «эксцэсамі» збіраецца змагацца раённае кіраўніцтва.
Разгаварыўшыся, мы тым не менш хутка знайшлі з Нэляй Казіміраўнай агульную мову. Нават у прамым сэнсе, бо, пазнаёміўшыся з намі, яна сама пачала размаўляць, прытым вельмі добра, па-беларуску. Ад яе мы даведаліся пра сапраўды трывожную праблему, з якой сутыкнулася сёння раённае кіраўніцтва: адмаўленне часткі тутэйшага беларускага насельніцтва ад сваёй беларускасці, патрабаванне адкрываць польскія школы. Нэля Казіміраўна вельмі шчыра прасіла нас памагчы арганізоўваць у раёне сустрэчы з беларускімі пісьменнікамі, якія б растлумачвалі людзям пра іх сапраўднае, беларускае паходжанне, памагалі б падняць прэстыж беларускай мовы. Інакш тут можа зрабіцца «новы Карабах»! Падумалася: гэта ж такім вось нечаканым бокам вылазіць сёння бяздумная русіфікатарская палітыка, якую многія дзесяцігоддзі нястомна праводзілі магутныя арміі верных байцоў добра арганізаванага, аснашчанага ўсімі сучаснымі сродкамі антынароднага ідэалагічнага фронту. Праўда, татальнай русіфікацыі, як бачым, не адбылося. Але бясконцае, беспакаранае прыніжэнне аднаго з вялікіх славянскіх народаў — беларускага, непрыкметнае, «ціхае», але метадычнае шальмаванне, адмаўленне яго культуры і мовы прывяло да таго, што менш свядомая частка беларусаў пачала ўжо адмаўляцца ад сябе. Вось адна са страшнейшых хвароб нашага духоўнага Чарнобыля!