Выбрать главу

Трошкі далей за каменем, між камлёў пачарнелых альшын і напалову сухіх вербалозін, цягнуўся, перасякаючы нам дарогу, глыбакаваты роў, на дне якога бялелі пясчаныя наносы — след ручая, які яшчэ нядаўна шыўся тут між кругляцу ды асочкі. Каля рова Эдуард Іванавіч паказаў мне і зарослую цяпер сажалку Луцэвічаў, на беразе якой стаяла іх лазня.

А во і сама хата Бянігны Іванаўны, мацеры паэта.

Хата, пра якую, праўда, трэба гаварыць ужо ў мінулым часе. Бо ад яе застаўся толькі падмурак і выкладзеныя каменем два скляпы. Адзін, пад былой кухняй — для бульбы, гародніны; другі, пад кладоўкай — для малака, сала, садавіны, называўся ён — спіжарня. Радавала трошкі тое, што і падмурак і скляпы вельмі добра захаваліся. Сценкі скляпоў як быццам сёння былі выкладзены камянямі, нідзе не аб'ехалі, захаваліся нават лазы ў іх.

Эдуард Іванавіч паказаў мне, дзе былі «пакоі», спальня, калідор, лесвіца на вышкі, дзверы і, нарэшце, пакой, дзе звычайна спыняўся Янка Купала. Два акны Купалавага пакоя — ён быў вуглавы — выходзілі ў сад: адно, здаецца, на поўдзень, другое — на захад. Перад самымі вокнамі цвілі на клумбах кветкі, раскашавалі кусты руж. З акон відаць былі дубы, клёны, ясені, хвоі недалёкага лесу, прасвечвалася шырокімі прагаламі поле. Не дзіва, што так добра пісалася тут паэту.

Цяпер пасярэдзіне пакоя Янкі Купалы гаманіла з ветрам выгоністая бяроза. На месцы ж кветнікаў разрасліся суцэльнай сцяной здзічэлыя кусты руж — тыя самыя, што бачыліся з акна паэту. Вакол хаты былі яшчэ кусты бэзу, шыпшыны, а таксама рэшткі саду — састарэлыя яблыні, ігрушы.

Недалёка ад хаты мы знайшлі рэшткі калодзежа, які даўно аб'ехаў — цяпер гэта была неглыбокая яміна, з камянямі. З яміны цягнуліся ўвысь два тонкія маладыя дубкі. Эдуард Іванавіч падводзіў мяне туды, дзе былі раней гаспадарчыя пабудовы — ад іх заставаліся цяпер толькі камяні падмуркаў ці невысокія, амаль зроўненыя з зямлёй травяністыя валкі. Во тут стаяла «высакаватая будачка» — капцільня («раней яна называлася вяндлярня»). Тут — хлявы («і коні ў адным стаялі»). Тут — пуня. Тут — гумно, у якім была конная малацілка. Тут стаялі два свірны: у адным — «ссыпалі дабро», у другім, добра помніцца Эдуарду Іванавічу, віселі хамуты, сядзёлкі і ўсякія іншыя рэчы («нейкі склад быў»).

Мы абышлі ўсю, яшчэ даволі вялікую паляну. Якая разнастайнасць парод дрэў у Акопах, вакол былога двара Бянігны Іванаўны! Тут і светлыя беразняку і задуменныя хвойнікі, і пахмурныя рады елак, і — уперамешку з іншымі дрэвамі — клёны, дубы, ясені, арабіны, вербы, ліпы, дзікія яблыні і ігрушы... І ўсё гэта ў вясёлым асеннім убранні. Чароўны, поўны цішыні і сонца куточак!

Мы доўга тупалі па свежаапалым лісці, па сіўцовым куп'і, сачылі, як над лесам, высока ў небе плаваў, амаль не махаючы крыламі, нейкі ястрабок, і нам проста не хацелася вяртацца назад, пакідаць гэты першародны спакой, гэту амаль што некранутую красу ціхай прыроды.

Водзячы мяне па сцежках паэта, Эдуард Іванавіч расказваў аб колішнім тут жыцці, аб сваіх сустрэчах з Янкам Купалам. Праўда, пра першыя гады, калі АўлачынсКія жылі разам з Бянігнай Іванаўнай у Акопах, а потым — самастойна — на суседнім хутары Айчызна, Эдуард Іванавіч нічога не помніць, бо тады яшчэ быў зусім малы. Затое добра запомніўся яму «дзядзька Янка», калі Аўлачынскія сядзелі на недалёкім хутары Ляўшова, які сёння зліўся з вёскай Харужанцы. Янка Купала, прыязджаючы ў Акопы, не мінаў хаты сваёй сястры ў Ляўшове — Марыі Дамінікаўны Аўлачынскай. Тым больш што з яе чалавекам — Янкам Аўлачынскім, бацькам Эдуарда Іванавіча, ён шчыра сябраваў, яшчэ з юнацтва вучыўся з ім у Беларуцкім вучылішчы, хадзіў разам на паляванне. Помніцца Эдуарду Іванавічу, як паляўнічыя падсмейваліся з Янкі Купалы, які прыходзіў з лесу з пустымі рукамі: у яго рука не падымалася стрэліць у звера, асабліва ў такога прыгожага і бяскрыўднага звярка, як вавёрка. «Хай жыве сабе ды дзяцей пацяшае», — казаў Янка Купала. Не раз сустракаўся з паэтам Эдуард Іванавіч і ў саміх Акопах, куды бегаў з Ляўшова да сваёй «бабкі» — Бянігны Іванаўны.

У памяці застаўся адзін выпадак. Аднойчы Янка Купала пайшоў у грыбы. Раптоўна ўсчалася небывалая бура, хлынуў лівень. З хаты і з гаспадарчых будынкаў ледзь не пазносіла дахі. Некалькі гадзін шалеў гэты смерч. Бянігна Іванаўна не знаходзіла сабе месца, хадзіла па хаце, плакала, узіраючыся ў вокны: прападзе Ясь — гэта ж пайшоў амаль што голы і столькі часу няма. Толькі калі мінавала бура, Янка Купала вярнуўся дадому. Ён быў мокры да ніткі, але вясёлы, з усмешкай на твары: перачакаў непагадзь, схаваўшыся пад нейкі выварацень...