Выбрать главу

Здавалася б, з канца XVIII стагоддзя, калі Беларусь была адарвана ад Польшчы і далучана да Расіі, працэс паланізацыі будзе спынены. Але атрымалася якраз наадварот. Цар Аляксандр І, імкнучыся задобрыць польскую грамадскасць, даў палякам самыя шырокія правы ў Беларусі, на якую ў Расіі глядзелі як на частку Польшчы. Палякі ж са стратай сваёй дзяржаўнасці прыкладалі ў гэты час усе намаганні для згуртавання гвалтоўна падзеленай на часткі нацыі. Важнейшым сродкам такога згуртавання была асвета. У Беларусі кіраваць ёю цар даручыў свайму прыбліжанаму, польскаму магнату Адаму Чартарыйскаму. «Няма чаго казаць, — успамінаў потым А. Чартарыйскі, — што я выкарыстаў добрыя да мяне адносіны цара і скіраваў галоўную ўвагу на грамадскую адукацыю, якой з гэтага часу надаў нацыянальны характар... Віленскі універсітэт цалкам зрабіўся польскім; я запрасіў туды лепшых вучоных з маіх суайчыннікаў і некаторых вядомых вучоных з іншаземцаў... На працягу далейшых гадоў уся паверхня Польшчы (тут перш за ўсё маецца на ўвазе Беларусь, Літва, частка Украіны, дзе распаўсюджвалася яго «папячыцельства») пакрылася школамі, у якіх дадзена была поўная свабода развівацца польскасці». Ян Снядэцкі, рэктар Віленскага універсітэта ў 1807-1815 гадах, навучальнай установы, на якую была ўскладзена арганізацыя асветы на Беларусі, загадваючы інспектарам школ звяртаць галоўную ўвагу на вывучэнне там польскай мовы, даводзіў ім, што «гэта неабходна для таго, каб вучні перасталі быць чужаземцамі на сваёй зямлі і каб пры дапамозе вывучэння польскай мовы станавіліся сапраўднымі сынамі айчыны». Інакш кажучы, каб беларусы на сваёй, беларускай зямлі станавіліся палякамі — усё шыварат-навыварат! Трэба з сумам канстатаваць, што паланізатарам Беларусі ўдалося зрабіць тут шмат.

ВЫВЕРЫ

Вучыцца далей у Мінскай гімназіі перашкодзіла Тамашу Зану хвароба. Таму бацькі вырашылі забраць яго разам з братам Ігнасем дамоў. А «домам» іхнім стаў цяпер фальварак Выверы, які бацькі ўзялі ў арэнду.

Выверы былі селішчам Заняў аж да 1819 года, пакуль уладальнікі фальварка Юшынскія не прадалі' яго Міхалу Агінскаму. Тут прайшлі самыя яркія дзіцячыя і юнацкія гады Тамаша Зана. У зборніку «Перапіска філаматаў» у пяці тамах вельмі часта мільгае гэтая назва, праўда, трохі перайначаная — Іверы: сюды, да бацькоў, ляцелі з Вільні многія лісты Тамаша Зана, сюды прыяздлсаў ён сам на канікулы, тут любіў блукаць па ваколіцах.

І вось мы ідзём з Генадзем Каханоўскім у Выверы. Чорнае, нядаўна ўзаранае поле непадалёк ад дарогі, вясёлы гурт маладых фарсух-бярозак у вабнай зялёнай даліне, сіняя палоска лесу каля небакраю. Занавы ваколіцы.

Спачатку мы завіталі ў школу. Там даведаліся, што на месцы былога фальварка жыве цяпер сама завуч школы Соф'я Васільеўна Галюк з сям'ёй. Доўга не думаючы, пайшлі шукаць яе двор.

У агародзе перад домам адразу ўбачылі пажылую жанчыну. Гэта была маці Соф'і Васільеўны Марыя Іванаўна Акуліцкая. Сустрэла яна нас з насцярожанасцю. Але калі расказалі ёй, хто мы і чаго завіталі, яна з ахвотай пачала ўспамінаць пра былую панскую сядзібу. Убачыўшы нас, падышоў к плоту з суседняга двара немалады, са здаровым сялянскім загарам чалавек, які назваўся Уладзімірам Захаравічам Акуліцкім.

Ад іх мы даведаліся, што якраз абодва іхнія двары і займаюць былую панскую сядзібу. Больш таго, Уладзімір Захаравіч нават жыве ў доме тых паноў. Дом драўляны, з трох бакоў ашаляваны. Толькі адна сцяна, якая падыходзіць амаль да плота, што падзяляе абодва двары, не ашалявана, з пачарнелага ўжо ад вятроў і часу і патрэсканага бярвення. Толькі дом здаўся мне нейкім залішне кароткім. Я папытаўся ў гаспадара, чаму ён такі.

— Правільна, ён быў даўжэйшы.

І гаспадар расказаў нам незвычайную гісторыю дома. Некалі панскую сядзібу з домам купіў яго дзед Паўлюк. Для гэтага трэба было залазіць у пазыку. Каб выплаціць яе, мусіў працаваць да сёмага поту. Душыліся нішчымніцай, хадзілі босыя — усё ішло на выплату. З горам папалам пазыку адолелі. А пасля смерці дзеда сядзіба была падзелена паміж яго сынамі. Але выявілася, што частка панскага дома, які дастаўся бацьку Уладзіміра Захарэвіча, заходзіла на зямлю брата. Невялікі лапік, але ж — зямля! Яна была даражэй за ўсё. Ніхто не ведае, якія там былі спрэчкі, але бацьку Уладзіміра Захаравіча давялося... адразаць ці не палову дома, каб вызваліць зямлю брата: у другім месцы ён чамусьці браць зямлю не захацеў. Да адрэзанага дома прыладзілі новую сцяну: яе, мабыць, таму і не шалявалі, што была ўсё ж навейшая, больш наглядная.