— А, идите вы... Мне надо хлеб растить...
Цяпер усе мы ведаем, як ён і яму падобныя «растили» гэты хлеб. Ні хлеба, ні красы не маем мы сёння пасля іх гаспадарання на нашай зямлі.
Выверы былі зусім недалёка ад Маладзечна. Таму пасля выздараўлення Тамаша Зана бацькі паслалі яго разам з малодшымі Ігнасем і Сцяпанам давучвацца якраз сюды, у Маладзечна, у павятовую школу, якую толькі што перавялі з Бабруйска.
Знайшлі ў горадзе прыстойную кватэру, дзе разам з імі пасялілася і бабка Далеўская, каб глядзець хлопцаў. Кожную нядзелю яны спяшаліся да бацькоў у Выверы, куды часцей за ўсё ішлі пеша.
Павятовае вучылішча ў Маладзечне было чатырохкласнае, з двухгадовым курсам навучання ў двух старэйшых класах. Хаця тут выкладалася менш прадметаў, чым у Мінскай гімназіі (не было, напрыклад, логікі і будаўніцтва — прадметаў, якія ўваходзілі ў курс лекцый па матэматыцы, а таксама батанікі, грэчаскай і нямецкай моваў), але настаўнікі былі даволі падрыхтаваныя. Матэматыку і фізіку вёў магістр філасофіі Адам Юркоўскі, літаратуру і права — магістр філасофіі Ігнат Довят, граматыку — Мацей Нарушэвіч, гісторыю і святое пісьмо — Вінцэнт Шумскі, рускую мову і маляванне — Аляксей Зорка, французскую— Фердынанд Мілер... Адзін з настаўнікаў — Галаўня — перавёўся сюды з Мінскай гімназіі. Усіх іх Тамаш Зан успамінаў потым з удзячнасцю. Асобным настаўнікам ён не забываўся перадаваць у пісьмах з Віленскага універсітэта паклон.
Вялікі след у душы Тамаша Зана пакінула вайна 1812 года.
З паходам Напалеона на Расію беларуская шляхта звязвала вялікія надзеі на адраджэнне былой Рэчы Паспалітай, адной з састаўных частак якой было Вялікае княства Літоўскае. «Нягледзячы на нястомную дзейнасць Міхала Агінскага, — піша пра настроі спольшчанай беларускай шляхты Я. Івашкевіч у кнізе «Літва ў 1812 годзе» (1912), — нягледзячы на шырокую агітацыю за польска-расійскую садружнасць, немагчыма было схіліць польскую грамадскасць да ідэі аб еднасці з Расіяй. Вочы ўсіх былі скіраваны на Захад, на Напалеона, які быў для гэтых людзей паўбогам, ідэалам зямной сілы, прысланай з неба для адбудавання Польшчы, з'яднанай з Літвой». Энтузіязм, які ахапіў «літоўскую» шляхту з уступленнем французаў на беларускія землі, добра выказала «Газэта тымчасова міньска» ад 8 ліпеня 1812 года: «Непераможныя атрады вялікага Напалеона, цара французаў і італьянскага караля, сёння ўвайшлі ў наш Мінск. Гэты гістарычны дзень вызваліў нашу правінцыю з ярма няволі і вярнуў нас Айчыне». Па ўсёй Беларусі шляхта арганізоўвае свае ўзброеныя атрады, якія ўліваюцца ў «вялікую» армію Напалеона. На вайну супроць «маскаля» пад напалеонаўскія сцягі рвецца і чатырнаццацігадовы Тамаш Зан. Толькі бацька не дае яму здзейсніць гэты юначы парыў.
Але не прайшло і паўгода, як вялікі энтузіязм шляхты змяніўся не меншым расчараваннем: вялікая армія Напалеона бясслаўна кацілася назад, пакідаючы на сваім шляху безліч замёрзлых трупаў. Гэтую страшную карціну на свае вочы бачыў у Маладзечне і Выверах і Тамаш Зан, які надзвычай цяжка перанёс крах сваіх ілюзій. Тым не менш Напалеон застаўся для яго, як і для большасці шляхецкай моладзі, героем, сімвалам барацьбы з царскім абсалютызмам. І нездарма ж яго равеснікі і сябры Адам Міцкевіч і Ян Чачот, якія таксама з энтузіязмам сустракалі ў Наваградку армію французскага імператара, яшчэ ў 1819 годзе ў пісьмах адзін да аднаго дадавалі да сваіх імён і імя свайго куміра — Адам Напалеон, Ян Напалеон.
Пасля разгрому напалеонаўскай арміі ідэя вызвалення з-пад «маскоўскага ярма» не толькі не аслабела, але яшчэ больш узмацнілася ў асяроддзі вучняў Маладзечанскага павятовага вучылішча. Гэта добра праявілася, напрыклад, у вайсковых гульнях. Школьнікі падзяляліся на дзве «арміі»: рус кую—армію Марса, які ўвасабляў грубую сілу, і польскую — армію Апалона, бога любві. На чале арміі Марса быў Юзаф Сухоцкі, а арміі Апалона — Тамаш Зан, якога высока ставілі вучні за «мінскую вучонасць». Памочнікам Зана стаў яго сябар Леанард Ходзька, будучы сакратар кампазітара Міхала Агінскага.
Пра баявы настрой Тамаша Зана сведчаць і яго вучнёўскія творы, якія потым выкарыстала ў працэсе над філаматамі следчая камісія як доказ «непажаданага накірунку думак» і з якіх зрабіла вывад, што ён «яшчэ з дзяцінства, з павятовай маладзечанскай школы зневажаў урад і пісаў нядобранадзейныя вершы, а таксама стварыў там нейкае таварыства». Асабліва ўхапілася следчая камісія за напісаны ў 1815 годзе Занам «Марш для студэнтаў апалонаўскага войска», у якім быў прамы заклік рыхтавацца да вайны за вызваленне айчыны з-пад улады царскай Расіі, і яго невялічкую незакончаную камедыю «Сталасць у сяброўстве», якая таксама была напісана ў маладзечанскім вучылішчы ў 1813-1814 гадах і якая зноў жа была накіравана супроць царскага самадзяржаўя. Твор «Сталасць у сяброўстве», ад якога захаваліся толькі ўрыўкі, — выразна аўтабіяграфічны: у ім якраз апавядаецца пра моцнае сяброўства двух школьніках, адзін з якіх Слаўзан (тут адразу ўгадваецца Тамаш Зан) стварае вучнёўскі полк пад назвай Апалона, а другі — Ходзьслаў (Леанард Ходзька) становіцца яго баявым памочнікам. Цікавы ў творы маналог Свенталюба — яшчэ аднаго сябра Слаўзана. З маналога мы даведваемся, што Слаўзан любіць літаратуру, яго пакой запоўнены кнігамі, што ён ніколі не бывае хмуры, заўсёды вясёлы, з майстэрствам іграе на скрыпцы. У процілегласць яму Свенталюб ходзіць смутны, яго гняце жаль з прычыны заняпаду Польшчы, ён зайздросціць тым, хто лёг за яе ў бітвах, і вельмі шкадуе, Што цяпер нічым не можа ёй дапамагчы.