Але што тут здзіўляцца: мемарыяльная табліца на былой навучальнай установе Маладзечна — яшчэ адзін прыклад скажэння, наўмыснай кастрацыі нашай гісторыі, вылучэння адных асоб і замоўчвання іншых, тых, хто не ўкладваўся ў жорсткія рамкі камуністычнай «прапаганьбы».
На добры толк хіба ж наогул трэба было адгароджваць ад людзей гэты помнік нашай гісторыі, культуры? Адсюль жа ішло святло асветы яшчэ ў часы ўсеагульнай цямноты, тут жа былі сабраны ўсе інтэлектуальныя сілы старога Маладзечна і не толькі Маладзечна. Таму ці не разумней было б будынак былога павятовага шляхецкага вучылішча і пазнейшай настаўніцкай семінарыі і адначасова архітэктурны помнік XVIII стагоддзя нейкім чынам рэстаўраваць і ператварыць у музей асветы і культуры Маладзечаншчыны? Тым больш што ў 1910 г. тут ужо быў адкрыты музей. А яшчэ ж тут была вялікая семінарская бібліятэка, існаваў у 1905-1911 гадах тэатр, дзе ставіліся творы М. Гогаля, А. Чэхава, А. Астроўскага.
Як расказаў мне аднаго разу Адам Мальдзіс, у нейкай замежнай кнізе ён вычытаў такую фразу: «Вільнюс — самы дзіўны горад у свеце: ён стаіць на беларускай зямлі, населены палякамі, а лічыцца сталіцай літоўскай дзяржавы». У гэтых словах, мусіць, адбілася, як у кроплі вады, уся складанасць нашай гісторыі, яе хітраспляценні, доля старажытнай Вільні.
Вільня, у ваколіцы якой і сёння пачуеш чысцюткую беларускую гаворку, з часоў сярэднявечча была грамадска-культурным цэнтрам Беларусі, усяго Вялікага княства Літоўскага, гэтай магутнай і сапраўды вялікай дзяржавы, афіцыйнай мовай якой на працягу вякоў з'яўлялася мова беларусаў — асноўнага яе насельніцтва. Тут, у Вільні, працавалі выдатныя беларускія асветнікі старажытнасці Францішак Скарына, Пётр Мсціславец, браты Мамонічы, Лаўрэнцій Зізаній... Тут у 1578 годзе была заснавана езуітамі вышэйшая навучальная ўстанова краю — акадэмія, якая ператварылася потым у вядомы ў шырокім свеце Віленскі універсітэт.
У Вільню, сталіцу свайго краю, па святло ведаў здаўна цягнулася беларуская моладзь.
Нямала маладых людзей з беларускіх губерняў паклікаў Віленскі універсітэт і ў пачатку мінулага стагоддзя.
Асабліва прыкметны след у гісторыі Вільні і Віленскага універсітэта пакінулі студэнты гэтай наву чальнай установы, якія ў 1817 годзе арганізаваліся ў славутае Таварыства філаматаў і іншыя згуртаванні моладзі галоўным чынам з беларускіх земляў.
Тут, у Вільні, разгортвалася ўся дзейнасць філаматаў. Тут іх помняць векавыя сцены універсітэта, многія старадаўнія муры, вуліцы і завулкі, помняць віленскія ваколіцы з выразна беларускімі назвамі Пагулянка, Паплавы, Закрэт, Антокаль, Папоўшчына, дзе яны наладжвалі маёўкі, сяброўскія ўгодкі, філамацкія сходы, на якіх гучалі палкія прамовы, вершы, спяваліся песні. Тут на галовы маладых хлопцаў, змагароў за волю зусім неспадзявана абрынуўся жорсткі град рэпрэсій, вельмі хутка параскідаўшы ўсіх членаў дружнай філамацкай сям'і па самых розных кутках свету.
Амаль усім ім ужо не суджана было ў жыцці хоць адным'вокам глянуць на свой, дарагі сэрцу горад, які з усіх зямных шырот свяціў ім зыркай і такой недасягальнай зоркай: там жа навекі засталіся іх маладосць, каханне, іх нязбытныя мары, высокія юнацкія парывы. Толькі двум ці тром сябрам з усёй філамацкай сям'і выпала вялікае шчасце праз многія і многія гады, ужо ў сталым узросце адчуць пад нагамі такі знаёмы і родны брук віленскіх вуліц.
Такім шчасліўцам быў самы «прамяністы з прамяністых» Тамаш Зан.
З уральскай ссылкі Тамаша Зана, гэтага «небяспечнага палітычнага злачынца», бунтаўшчыка спакою ў паўночна-заходняй частцы Расійскай імперыі, адпусцілі толькі праз трынаццаць гадоў. А дамоў, на радзіму — яшчэ пазней.
Адпускалі яго недарэмна. Сваю ролю адыграла тут захапленне Тамаша Зана прыродай Урала і прылеглых да яго земляў. Гэтае захапленне зблізіла яго там з многімі выдатнымі людзьмі. Вялікі ўплыў на «архіпрамяністага» зрабіла сустрэча і знаёмства з сусветна вядомым вучоным-натуралістам з Германіі Аляксандрам Гумбальтам, які прыязджаў на Урал у вучоную экспедыцыю. Пад яго ўздзеяннем Тамаш Зан з уласцівай яму апантанасцю заняўся вывучэннем геалогіі і батанікі. Праз колькі часу яму даручаюць геалагічную разведку на шырокіх прасторах Прыуралля. У пошуках карысных выкапняў і мінералаў, а таксама з мэтай больш шырокага вывучэння краю Тамаш Зан аб'ездзіў многія мясціны Урала, Прыуралля, Тургайскага стэпу. На Волзе пад Самарай ён адшукаў нафту, у Зауральскім стэпе — багатыя паклады золата, каля Троіц кай крэпасці — медную руду. Тамаш Зан стварыў мінералагічны музей у Арэнбургу. Першымі экспанатамі былі там рэчы, сабраныя ім у шматлікіх навуковых экспедыцыях.