Выбрать главу

Абое закаханыя пачалі думаць аб жаніцьбе. Але і тут былі свае перашкоды. Перш за ўсё тое, што Тамаш Зан быў не цалкам яшчэ вольны, звязаны з Горным інстытутам у Пецярбургу, заданні якога ён выконваў на Беларусі, вышукваючы па ўсёй яе тэрыторыі розныя «скамянеласці». Перш чым жаніцца, яму трэба было, як ён сам прызнаваўся, «замяніць цяперашнюю службу на іншую, у межах краю, а за пасаг купіць або ўзяць у арэнду які-небудзь больш-менш прыстойны маёнтак». Але только ў 1846 годзе яго вызвалілі ад працы ў Горным інстытуце і дазволілі пасяліцца ў Беларусі. І вось 29 кастрычніка «маладыя» змаглі пайсці пад вянец — Тамашу Зану было ўжо тады пяцьдзесят гадоў.

Шлюб бралі ў мястэчку Лебедзева пад Маладзечнам. Адсюль вяселле на пяцідзесяці вазах рушыла ў родавы маёнтак Свентажэцкіх — Маліноўшчыну. Вяселле было мнагалюднае, урачыстае. Цягнулася яно аж да Задушнага дня. З'ехалася ўся радня Тамаша Зана, сярод якой ужо не было ў жывых яго бацькі — магіле яго ў Лебедзеве ён пакланіўся адразу па прыездзе сюды. Прыехалі, вядома ж, яго самыя блізкія сябры Марыля і Ваўжынец Путкамеры, браты Верашчакі Юзаф і Міхал. Вось толькі не змог прыехаць на ўрачыстасць аніхто з сяброў-філаматаў: ні Адам Міцкевіч з Парыжа, ні Ігнат Дамейка з Сант-Яга ў Чылі, ні Міхал Рукевіч і Ану фры Петрашкевіч з Сібіры, ні Юзаф Кавалеўскі з Казані, ні Францішак Малеўскі з Пецярбурга... Хоць бы нейкім цудам яны і змаглі б прыляцець на вяселле дарагога сябра, усё роўна іх сюды не пусцілі б улады: яны ж былі выгнаны назаўсёды з роднай зямлі. Не было на вяселлі і Яна Чачота, які жыў цяпер на Беларусі, на сваёй Наваградчыне.

Чаму ж не прыехаў, не прыляцеў на крылах на Занаву ўрачыстасць адзін з самых блізкіх сяброў — Ян Чачот?

Тут маглі быць дзве прычыны. Першая — хвароба Яна Чачота, якая змусіла яго праз колькі месяцаў пусціцца ў Друскенікі на лячэнне. Другая прычына — трэшчыны ў шматгадовым сяброўстве Чачота і Зана. На гэтых «трэшчынах», мусіць, варта спыніцца больш падрабязна. Што ж магло разладзіць іх сардэчную, яшчэ з філамацкай пары дружбу?

Тут праглядваюцца таксама два чыннікі.

Першы — гэта спрэчка іх яшчэ ў ссылцы аб адносінах да «маскалёў».

Ян Чачот стаяў на тым, што з імі ў філаматаў не павінна быць ніякога супрацоўніцтва, ніякіх адносін: гэта ж — «ворагі». Тамаш Зан, наадварот, не мог ад каго б там ні было адгароджвацца. Жывы, таварыскі па сваёй натуры, ён з усімі знаходзіў агульную мову, хутка завязваў сяброўства. Выйшаўшы з крэпасці, з турмы, ён хутка зблізіўся з рускімі афіцэрамі ў Арэнбургу, з губернскім начальствам, ахвотна наведваў многія дамы тых самых «Маскалёў», бавіў з імі вольны час, даваў урокі дзецям высокіх чыноў. Даведаўшыся пра такія зносіны Зана з «ворагамі», Ян Чачот напісаў яму гнеўнае пісьмо, у якім абураўся гэтакімі яго паводзінамі, называючы іх «здрадай» айчыне, сябрам-філаматам і Богу. Дарэчы, такія не пісьмы паслаў Ян Чачот і Адаму Міцкевічу, у якіх таксама дакараў яго за наведванні маскоўскіх салонаў, за ўдзел у свецкіх забавах. У адказ Адам Міцкевіч растлумачваў Яну Чачоту беспадстаўнасць яго абвінавачванняў, не адабраючы яго «цяперашні стаіцызм», яго погляды на адносіны з рускімі, сярод якіх ён сустракаў нямала такіх жа праціўнікаў царскай тыраніі, як і яны самі. Горача абараняючы Зана ад несправядлівых нападак Чачота, ён яшчэ раз напамінаў пра мужнасць «архіпрамяністага» ў час віленскага працэсу над філаматамі, запэўніваў, што ён «і цяпер зрабіў бы гэтак жа пры падобных абставінах». Падагульняючы свае меркаванні аб спрэчцы Чачота з Занам, Адам Міцкевіч так заканчваў адзін з лістоў да іх: «Калі б які анёл убачыў гэтыя вашыя сваркі і перапросіш, ён гневаўся б, смяўся і плакаў бы адначасова».

Але паколаты збан склеіць было ўжо не лёгка.

Тым больш што гэтыя «трэшчыны» вельмі паглыбіў яшчэ адзін важны чыннік — каханне Яна Чачота і Тамаша Зана да Зосі Малеўскай, іх суперніцтва.

Як ужо не раз пісалася, дачка рэктара Віленскага універсітэта і сястра філамата Францішка Малеўскага Зося была сапраўднай музай Яна Чачота. Пазнаёміўшыся з ёй на адной з вечарын у рэктарскім доме і захапіўшыся яе ігрой на фартэпіяна, Ян Чачот пакахаў яе назаўсёды, хоць і без надзеі на ўзаемнасць.