Выбрать главу

Астаўшыся адзін, я ізноў пайшоў блукаць па парку. У правым яго кутку я натрапіў яшчэ на адну важную памятку, што засталася ад былых уладароў маёнтка, — вялікі мураваны склеп, задзірванелы зверху. Праз адкрыты дзвярны прахон я ўвайшоў усярэдзіну. Шырокі, прасторны, ён разыходзіўся ўнізе ў два бакі, а дзе канчаўся, у цемнаце нельга было разабраць. Я хацеў агледзець склеп дэталёва, але адтуль так моцна патыхала дустам, што я адразу павярнуў назад. Белая атрута была парассыпае па ўсім склепе. Ясна — тут быў яе склад. Потым да мяне дайшло, што гэта ж не што іншае, як тон самы фамільны склеп гаспадароў маёнтка, дзе стаялі іх труны, — якраз ім прыходзіў пакланіцца ў свой прыезд Ігнат Дамейка. Я не мог уявіць, як іх выкідалі адсюль, як з магілы рабілі склад. Кажуць, парассыпаны па склепе дуст ужо ніяк нельга ні вымесці адтуль, ні выпаліць агнём. Так што той, што не ведае, што такое дуст, хто ніколі не бачыў яго і не нюхаў, хай едзе ў Крашын, у былы панскі парк, а цяпер «парк культуры і адпачынку працоўных»: там уволю можа ён надыхацца «славутай» атрутай стагоддзя.

Крашын. Гэтая назва навекі звязалася з імем загубленага нацыянальнага генія Беларусі. Таму ці ж можам мы быць абыякавымі да ўсяго, што там робіцца, да захавання жывых памятак старажытнага мястэчка, да самога аблічча радзімы Паўлюка Багрыма?

Зноў і зноў перачытваю адзіны, цудам уцалелы твор паэта, дзе, нібы сонца ў кроплі вады, адбілася цэлая эпоха ў жыцці беларускага народа, эпоха, імя якой — прыгон. Народная трагедыя паказана праз долю аднаго сялянскага хлопца, якога прыгонніцкая сістэма прывяла да поўнай безвыходнасці:

Заграй, заграй, хлопча малы, І ў скрыпачкі, і ў цымбалы, А я заграю ў дуду, Бо ў Крашыне жыць не буду. Бо ў Крашыне пан сярдзіты, Бацька кіямі забіты, Маці тужыць, сястра плача, Гдзе ж ты пойдзеш, небарача? Гдзе я пайду? Мілы Божа! Пайду ў свет, у бездарожжа, У ваўкалака абярнуся, З шчасцем на вас азірнуся. Будзь здарова, маці міла! Каб ты мяне не радзіла, Каб ты мяне не карміла, Шчасліўшая ты бы была!..

Да якой жа мяжы адчаю мог быць даведзены чалавек, калі ён шкадуе нават, што нарадзіўся на свет, што нарадзіўся чалавекам, а не каршуном, калі адзіны ратунак бачыць ён у тым, каб абярнуцца ў ваўкалака, калі ён баіцца расці, а за тое, што ўсё ж вырас, ён дакарае кажана — чаму той не сеў некалі на яго:

Каб я большы не падрос Ды ад бацькавых калёс?..

Гэта не проста верш. Гэта крык беларускай душы, што даляцеў да нас з далёкага стагоддзя.

Кажуць, геніяльнае — заўсёды простае. Тут — якраз той самы выпадак. І вельмі натуральная ў вершы, амаль у кожным радку сувязь з фальклорам, з народнымі вераваннямі і ўяўленнямі. Інакш і не магло быць: аўтар жа сам з народа, ён з яго ніколі не «выходзіў», ён неад'емная яго частачка, з ім паэт дзяліў агульную долю. Долю нявольніка на сваёй зямлі, нявольніка, які ўжо ўсвядоміў сябе чалавекам і які не хоча мірыцца з адведзенай яму ў жыцці роляй. Адсюль — абвостраная трагедыйнасць твора.

Пра трагічную долю Паўлюка Багрыма напісана нямала мастацкіх твораў, асабліва паэтычных. Але, мусіць, найбольш ярка выказаў нашу жальбу па загубленым беларускім Шаўчэнку Уладзімір Караткевіч у вершы «Паўлюк Багрым», дзе паэт-каваль убачыўся яму на схіле жыцця, пасля гвалтоўнай 25-гадовай недарэчнай салдатчыны:

Праз акенца сляпое Шэры дожджык глядзіцца ў хату, У якой дагарае, Бы ў небе асеннім зара, Непатрэбная старасць Адстаўнога паўстанца салдата, Невядомага генія, Беларускага песняра... Мог бы славай грымець Сярод годных паэтаў Еўропы, — Гвалтам спуталі ногі, Трымалі ўвесь час за руку. Што пакіне ён? Вершык у памяці хлопаў? Кандэлябру ў касцёле Ды кроў на гарачым пяску...

У трагедыі Паўлюка Багрыма Уладзімір Караткевіч убачыў трагедыю ўсяго народа, трагедыю Беларусі, з якой здзекуецца «п'яны, разбэшчаны гун», якую гнятуць прыхадні, што «тлустым задам расселіся на паднявольнай зямлі».

Беларусь мая, сонца, Дарагая і родная маці! На якіх раздарожжах Згубіла ты шчасце сваё? Ці удасца хоць дзецям Шчаслівага дня дачакаці Пасля мужнасці гэткай, Пасля столькіх крывавых баёў?..

Але гэта — не крык адчаю. Гэта высокі парыў збалелай душы. Кажучы купалаўскімі словамі, «гэта крык, гэта енк, што жыве Беларусь». Якраз так, думаецца, трэба ацэньваць і верш Паўлюка Багрыма.