Выбрать главу

У 1844 годзе, згуляўшы вяселле з семнаццацігадовай Паўлінай Мітрашэўскай, Уладзіслаў Сыракомля пакінуў сваю канцылярскую службу ў Нясвіжы i пераехаў з жонкаю ў Залуча — ціхі салаўіны куток на беразе Нёмана, дзе малады паэт задумаў пагаспадарыць на зямлі. Цяністай асфальтаванай дарогай, аздобленай высознымі кацярынінскімі бярозамі (якія, дарэчы, пачалі ўжо там-сям падаць), пагойдаў — праз сто з чвэрцю год — i мяне аўтобус услед за паэтам — да ціхаплыннага Нёмана.

КРАЙ ПАЭТАЎ

Птушкі Нёмана. Залуча — радзіма песень. З рукапісам i матыкай. «Гнёзды» паэтаў. Гід — Сыракомля. След аратага, які памёр 10 жніўня 1851 года. Як гараць кнігі? «Нa начлег, да зялёнага гаю». Нараджэнне песні.

У высокай, рыжаватай ад метлюкоў траве, не чапанай ні каровінымі зубамі, ні авечым капытом (тут — сенакос), стракаталі нябачныя конікі. Над зелянінай лугоў — адсюль, з узгорка, яны відаць далека — стаяла, трохі прымружанае воблакамі, сонца. Аднекуль, здаецца, з таго унь раскідзістага куста, узляцела i пачала кружыць над паплавамі кнігаўка. Яе прарэзлівае «кні-гі! кні-гі!» то прыбліжалася да нас, то зноў аддалялася, прападаючы недзе за Нёманам. Ён, бацька Нёман, хаваючыся ў аеры, ішоў, аказваецца, зусім блізка. Яго лёгка было пазнаць па ланцугу лазнякоў, які, выгінаючыся, цягнуўся нізам логу.

Так, гэта было яно, Залуча (дарэчы, якраз так гавораць мясцовыя жыхары, а не Залучча, як пішуць некаторыя аўтары). Тое Залуча, дзе восем гадоў пражыў, арандуючы панскую зямлю, Уладзіслаў Сыракомля. Залуча, якім памечаны вельмі многія выдатныя творы паэта, напісаныя ў гэтым зацішным куточку беларускай зямлі, такія, да прыкладу, як «Хадыка», «Вясковы лірнік», «Добрыя весці» (на беларускай мове), «Пра закляты скарб», «Аб Заблоцкім i мыле», «Над калыскай», «Прысвячэнне літвінам народных гутарак», нарэшце, «Паштальён», верш, які потым стаў шырока вядомай рускай народнай песняй «Ямщик». Тут, у Залучы, паэт шмат працаваў над перакладамі польскіх паэтаў-лаціністаў, а таксама над даследаваннем па гісторыі Беларусі, яе гарадоў i мястэчак, быту беларускага селяніна.

«Залучы, часу ціхай працы i патайнага, нябачнага для вока набірання сіл, — пісаў у сваёй кнізе пра Сыракомлю А. Драгашэўскі, — абавязаны паэт найшчаслівейшым гадзінам свайго жыцця». Пасля Залучы, — працягваў крытык, — «новых канцэпцый, вышэйшых ці хоць бы інакшых адносін да свету, да людзей, да прыроды ўжо не спадзяваймася... Творы пісацца яшчэ будуць, але плынь паэзіі будзе ліцца выжлабленым ужо рэчышчам, страціўшы свой разгон».

Пра Залуча, пра беларускую прыроду ў паэта назаўсёды засталіся самыя светлыя ўспаміны:

У дні маладыя, у час мой шчаслівы I я араў наднямонскую ніву. Знаю, як люд там жыве у хацінах, Як жаць грамадою выходзяць жанчыны. Я тыя лугі ўсе па паху пазнаю, Пa смаку ваду з той бруі адгадаю.

Сюды, у ціхі паэтаў куток, мяне прыкаціла «Волга», якую мне далі ў рэдакцыі стаўбцоўскай раённай газеты «Прамень». Ca мной былі фатограф газеты Міша Пражэнік i сакратар партарганізацыі мясцовага калгаса Мікола Кавальчук, хлапец гадоў дваццаці двух, якога мы «прыхапілі» ў Аталезі — цэнтры калгаса. Абодва хлопцы вельмі зацікавіліся сваім земляком Уладзіславам Сыракомлем i з ахвотай ездзілі са мной па яго мясцінах.

Па шырокіх, здзічэлых кустах бэзу, што зелянеў, як астравок, сярод паджоўклага ўжо жыта, мы адразу пазналі на ўзгорку арандатарскую сядзібу. Пра яе нам расказала ў Жукавым Барку васьмідзесяцігадовая бабулька, дадаўшы пры гэтым, што недзе там, як чула яна ад старых, схавана залатая калясачка. Сярод травы мы знайшлі валун з падмурка, старыя, з імхом цагліны, не зусім яшчэ засыпаныя ямы — ці не ад склепаў? Так, якраз тут i стаяла, пэўна, Сыракомлева хата. Канчаткова ўнэўніліся мы ў гэтым, прачытаўшы раздзел «Вандровак» пра Залуча i верш «Пра маю старую хату», у якім паэт пакінуў вельмі дакладнае яе апісапне: