Выбрать главу

ЛІСТ ТРЫНАЦЦАТЫ

Памяць — дзікі зьвер, Што чуе гукі, Сочыць цемру й маладзіць сьляды У твае забытыя гады, Дзе, здаецца, ня было прынукі.
Памяць — дзікі зьвер, Яго нікому Ня ўдалося прыручыць нідзе. Зьвер, што ціхім назІркам ідзе За табой, Пацьвельваючы стому.
Восені пазной лІсу рудую Можа, й ня перахітрыць яму. Памяць — дзікі зьвер, Відаць, таму Ён усіх прыручаных шкадуе... 27 сакавіка 1999 г.

ЛІСТ ЧАТЫРНАЦЦАТЫ

Упала зь неба хмурынка, Як вейка. Бо загадала душа на сьвятло. — Хрыстос уваскрос! — Кажа ўсім салавейка. Хрыстос уваскрос — Вялічка прыйшло.
Маўчаў, чакаў, Каб абнашчыцца сьпевам, I дачакаўся сьвятога дня. Хрыстос уваскрос — Вольна птушкам і дрэвам. Хрыстос уваскрос — Ажыла дабрыня.
Уваскрасае вера й надзея. Сьвятлее тварам I думкамі лёс. Смуга радзее, сьвет маладзее. Хрыстос уваскрос! Хрыстос уваскрос!
11 красавіка 1999 г.

ЛІСТ ПЯТНАЦЦАТЫ

Блізка гучыць Родны голас здалёку, Падаючы самоце руку. Аж затуманіцца хочацца воку, Як на зьнявераным скразьняку.
У галасах Ён згубіцца ня можа, Голас, Які твой гадуе настрой. А ці з выгнаньня, ці з падарожжа Ён прылятацьме смутнай парой.
Стомленасьць, Як памяркоўная пані, Ціха ступае па гулкай жарсьцьве. Голас жыве — I жыве спадзяваньне. Голас жыве — I трывога жыве...
12 красавіка 1999 г.

ЛІСТ ШАСНАЦЦАТЫ

А як будзеце мёд-гарэлку піць, Успомніце пра мяне: А дзе ж тая сіраціначка На чужой старане... З вушацкае песьні Няхай і недалёкая яна, Але завецца старана чужою. Бо яе сагрэта роднаю душою. Дамоў з-за слёзаў сьцежка ня відна.
Туга ў спакоя на руцэ засьне. Але глыбей трывогу прыхавае. I камень, Як падушка пухавая. Мароз цяплейшы ў роднай старане.
I думка Ластаўкай ляціць дамоў, Дзе хмара з градам Здаецца хлебам з сольлю. I зажурыцца хочацца застольлю Па тых, Хто на бяседу ня прыйшоў!
23 красавіка 1999 г.

ЛІСТ СЯМНАЦЦАТЫ

Вось і першы дождж веснавы Шэпча нешта нябеснае долу. Я дажыў да зялёнай травы — Дзякуй ахоўцу — анёлу!
I да жаўталісту цяпер, I да белых зорак завеі Я дажыць маю пэўны намер. I намерам тым маладзею.
30 травеня 1999 г.

ЛІСТ ВАСЕМНАЦЦАТЫ

Кінь наперад — Знойдзеш апазадзь. Шчодра кідаў Дні свае наперад. Неяк азірнуўся — Толькі верад На душы Ды камяні ляжаць.
А наперадзе Карчы й вятры. Дні былосьці Сталі камянямі. Як з самім сабого Ня хітры — Камяні на дні Не памяняеш...
25 ліпеня 1999 г.

ЛІСТ ДЗЕВЯТНАЦЦАТЫ

Душа аблятае I высі і нізі, Але нідзе Не знаходзіць радні. Калі безвыходнасьць У сьне — прачніся. Калі ў жыцьці Безвыходнасьць — засьні...
3 верасьня 1999 г.

ЛІСТ ДВАЦЦАТЫ

Як мама зь усьмешкай казала некалі, — Знасілася галава. Гады маладыя адкукарэкалі. Чарсьцьвее сьцежак жарства. Няма ўтрапёнасьці ўжо тае, Якой шалянеў прасьцяг.
Яшчэ трымаецца лісьце жоўтае. Яно таксама ў гасьцях...
17 верасьня 1999 г., 10-я лякарня