Выбрать главу

Алесь Бяляцкі

ЛІТАРАТУРА І НАЦЫЯ

БЕЛАРУСКАЯ ЛІТАРАТУРА І БЕЛАРУСКАЯ САЦЫЯЛІСТЫЧНАЯ ГРАМАДА

Залатым дзесяцігодзьдзем беларускай літаратуры можна лічыць пэрыяд ад 1905 па 1915 год. У гэты час у беларускае прыгожае пісьменства назаўсёды ўвайшлі добры дзесятак творцаў, якія заклалі магутныя падваліны новай беларускай літаратуры. На зробленае імі і зараз гледзімо з захапленьнем і павагаю. Купала, Багдановіч, Колас, Гарун, Гарэцкі, Бядуля — суквецьце імёнаў, якому можа пазайздросціць любое літаратурнае пакаленьне. Своеасаблівы выбух у новай беларускай літаратуры абумоўлены грамадзкай сітуацыяй, што склалася на той час у Беларусі. Спынімся на гэтым больш падрабязна.

Цяжка знайсьці больш меньш працяглы пэрыяд на Беларусі пасьля яе анэксіі Расеяй у канцы ХVII ст., каб на гэтай зямлі было зацішша. 1812-ы, 31-ы, 48-ы, 63-і, затым замах Грынявіцкага, і вось — пачатак новага стагодзьдзя — няўтаймаванае новае пакаленьне. Найбольш адукаваныя адплюшчваюць вочы астатнім. Як адзначае адзін з гісторыкаў, удзельнік ранейшых падзеяў, "сацыялістычныя ідэі на Беларусі да пачатку XX ст. ужо мелі шмат прыхільнікаў: не было ніводнага места, ніводнага мястэчка, дзе б не існавала якая-небудзь рэвалюцыйная група".

Выразную адметнасць мела і нацыянальная структура края, што моцна адбівалася на сацыяльна-эканамічным разьвіцьці розных этнічных групаў і ў сваю чаргу уплывала на ўмовы разьвіцьця беларускага нацыянальнага адраджэння. М.Поташ у кнізе "Бальшавізм і дробнабуржуазныя партыі ў рэвалюцыі 1905 г. у Беларусі", выдадзенай у 1931 годзе, акрэсьліў становішча наступным чынам: "у вёсцы (памешчык пераважна паляк або апалячаны беларус, селянін — пераважна беларус...) і ў горадзе (буржуазія галоўным чынам яўрэйская і часткова польская і менш беларуская, рускае чыноўніцтва, рабочыя, у значнай ступені яўрэі, затым беларусы, палякі і рускія)."

Беларусы пры гэтай раскладцы ўяўлялі найбольш вялікую і прыгнечаную частку грамадзтва — сялянства (нават сярод пралетарыяту і паўпралетарыяту, па падліках гісторыка М.Біча, на пачатак стагодзьдзя беларусы складаюць усяго толькі 17,1 прац.). Сялянская нацыя. А як жа буржуазія? Выбіваўся ж той-сёй з беларусаў у людзі. Паслухаем гісторыкаў: "Прамысловая і фінансавая буржуазія, якая зьяўлялася на Захадзе застрэльшчыкам нацыянальнага руху, на Беларусі гэтага заданьня выканаць не магла, з той простай прычыны, што яна з беларускасцю нічога супольнага ня мела, што яна пачувалася да супольнасьці з польскім або рускім народам і ўключалася ў рады польскіх нацыяналістаў або рускіх вялікадзяржаўных шавіністаў", — піша Вінцук Склубоўскі. Так, а што ж інтэлігенцыя? На гэта адказваюць самі адраджэнцы. Па словах публіцыста Лявона Гмырака, інтэлігенцыя краю складалася "с памешчыкоў-палякоў, і апалячэўшых, с чыноўнічэства расейскаго і абруселаго ды мешчанства часьцю абрусе лаго, часьцю апалячэнаго".

Вось жа такая сітуацыя й вызначала шляхі разьвіцьця нацыянальна-вызвольнага руху беларусаў. Усялякія спробы ў вырашэньні нацыянальнага пытаньня беларусаў непазьбежна прыводзілі да іхняга сацыяльнага статусу ў грамадзтве. Як заўважаў Язэп Лёсік, "буржуазныя станы на Беларусі стаялі зусім абасоблена ад асноўнага, сялянска-земляробскага насяленьня. Гэтая абасобленасьць ня меньш кідалася ў вочы з боку культурнага, як з боку эканамічнага. Працоўныя масы гаварылі пабеларуску, а камандныя, эканамічна пануючыя станы — папольску або парасійску".

Дарэчы, з гэтай этнічнай сітуацыі на Беларусі і вынікае тэорыя адзінай плыні, адзінства беларускай нацыі, якая спрэс складалася з сялянства. Савецкія псэўдагісторыкі механічна пераносілі схему клясавага раздзялення нацыі з расейскае глебы на. Беларусь, не зважаючы на істотныя адрозненьні, якія мы пералічылі вышай.

Зразумела чаму нацыянальны беларускі рух адбіваў інтарэсы сялянства, якое зьяўлялася ягонаю асноваю, на якое ён і мог абаперціся ў будучыні. Менавіта гэта рабіла яго адпачатку дэмакратычным, прагрэсіўным, маючым вялікую пэрспэктыву.

* * *

Першай сьвядомай нацыянальнай арганізацыяй быў "Кружок Беларускае Народнае Асветы", які ўтварылі ў 1902 годзе ў Пецярбурзе беларусы-студэнты. Памкненьні займацца чыста культурна-асветніцкаю працаю пры сутыкненні з рэчаіснасьцю, з сістэмаю, перайначыліся. Згадвае адзін з сяброў гуртка: "Першыя крокі гуртка былі чыста культурнага характару: імкненнем яго была культурна-прасьветная праца сярод беларускага сялянства ў роднай мове, пісанне і друкаванне беларускіх кніжак, азнаямленьне грамадзянства і асабліва моладзі з беларускай гісторыяй і этнаграфіяй... Але тут жа сустрэўся (гурток — А.Б.) з непераможнымі перашкодамі, якія і папхнулі больш радыкальныя элемэнты на шлях рэвалюцыйнай барацьбы ня толькі за волю, але і за самае права беларускага народу на істнаваньне".