Выбрать главу

Гэй, русіне! Што так зажурыўся?

Чы пра Русь ты сваю шчэ не забыўся?

- задзірліва пытаўся яшчэ ў 1899 годзе Карусь Каганец. Янка Купала заўважаў, што яшчэ да пачатку сваёй творчасьці "адчуваў сацыяльную ды нацыянальную крыўду да беларускага працоўнага люду... Усё ж я ўсьведамляў, што кніжка на беларускай мове не горшая ад астатніх, а нават лепшая, таму што ў ёй вялася гаворка пра гора блізкіх мне людзей, з якімі разам фізычна працаваў". І яшчэ: "Якімі былі паэтычныя штуршкі? Усё, што акаляла: і сацыяльная і нацыянальная крыўда, і беларуская прырода, і песьні, пачутыя на полі, на вясельлі, на вечарынцы..."

У пошуках прычынаў, якія абуджалі беларусаў як нацыю, Максім Гарэцкі небезпадстаўна пытаўся: "Ці гэта законная зайздрасьць к другім мо' і драбнейшым, галінкам дрэва славянскаго, што куды раней пукацца пачалі і к часу беларускага адраджэньня закрасавалі?"

Якуб Колас у тон ім зазначаў: "Мне здаецца, што такі забіты, бязьлікі стан народа, як беларускі народ, не можа ня выклікаць пратэсту і пачуцьця крыўды ў душы больш ці менш чуйнага яго прадстаўніка".

Фактычна пра гэта — абуджэньне нацыянальнага пачуцьця з прычыны сацыяльнае няроўнасці — напісаная раньняя паэмка Алеся Гаруна "Мае коляды".

Выразна адчуваў абдзеленасьць беларусаў Янка Купала, пішучы:

Кожны край мае тых, што апяваюць,

Чым ёсьць для народа ўпадак і хвала,

А беларусы нікога ж ня маюць,

Няхай жа хоць будзе Янка Купала.

Дарожнага з творцаў па-рознаму трапіла беларускае мастацкае слова. Менавіта яно часта рабілася штуршком да пачатку творчасьці.

Я.Купала адзначаў: "яшчэ да рэвалюцыі 1905 г. мне трапіліся кніжкі вершаў Марцінкевіча і Багушэвіча, і, наколькі памятаю, я імі надзвычай захапіўся".

М.Гарэцкі ў "Гісторыі беларускай літаратуры" гэтак піша пра А. Гаруна: "Пісаць па-беларуску Гарун пачаў з 1905 году, а беларускае друкаванае слова першы раз увідзеў у 1903 ці 1904 годзе, прыпадкова знайшоўшы абадраную, запэцканую, без пачатку і канца, цікавую кніжку, друкаваную лацінкай... Але з першых жа прачытаных слоў нязвычайна зьдзіўлены хлапец пачуў, як неўспадзеўкі закалацілася яго сэрца, на вачох, няма ведама чаго, накруціліся слёзы...". З.Жылуновіч удакладняе: "яшчэ з 1903 году (А.Гарун — А.Б.) зацягваецца "Гапонам" В.Марцінкевіча. Гэты твор на роднай мове кратае яго душу і выклікае пяшчотныя пазывы".

Я.Колас згадваў: "Першы беларускі твор, які я пачуў, быў верш Янкі Лучыны (Неслухоўскага) "Стары ляснік". Яно пакідала на мяне моцнае ўражанне не сваімі літаратурнымі вартасцямі, а тым, што яно было напісана па-беларуску. Параўнаўча нізкія літаратурныя вартасці яго мелі для мяне той добры бок, што надалі мне ўпэўненасьці самому напісаць штосьці падобнае, ня горш ад напісанага".

Апавядаючы пра Максіма Багдановіча, Адам Ягоравіч, ягоны бацька, зазначаў: "Ад казак ён перайшоў да песьняў, загадак, прымавак ды інш., цягнучы з маёй бібліятэкі кніжку за кніжкаю. І так дапяў да мастацкіх твораў Дуніна-Марцінкевіча, Бурачка ды інш".

Літаратурныя традыцыі, закладзеныя В.Дуніным-Марцінкевічам, Ф .Багушэвічам, моцна ўплывалі на пачаткоўцаў. Сьвежыя па тым часе вершы Ф.Багушэвіча, Я.Лучыны, А.Гурыновіча, напісаныя пры канцы XIX стагодзьдзя, былі за ўзор, паказвалі на свой правідловы шлях разьвіцьця літаратуры. Ды за гонар быць першымі і В.Дунін-Марцінкевічу, і Ф.Багушэвічу, і Я.Лучыну давялося добра заплаціць. Нягледзячы на невялікае, у кожным канкрэтным выпадку, кола сяброў і знаёмых, што падтрымлівалі паэтычныя экзэрсісы пачынальнікаў, усё ж яны былі кожны паасобку. Не было нацыянальнага, і як вынік — літаратурнага руху, не было агульнай канцэпцыі беларускай ідэі, цяжка было разглядзець хоць нейкія пэрспэктывы. Якуб Колас, які пачынаў пісаць ужо пазьней, і той з прыкрасцю адзначаў: "Беларуская мова, здавалася, існавала толькі для таго, каб пацвеліцца над ёю, і пасьмяяцца... Нягледзячы на гэта я працягваў пісаць беларускія творы, а разам з тым усё больш і больш пераконваўся ў тым, што беларуская мова мае такое ж права на жыцьцё, на сваё разьвіцьцё, на свой ужытак у школе, у жыцьці беларуса, як і усякая іншая мова. Перспектываў на гэтае разьвіцьцё не было ніякіх, і я перажываў цяжкія хвіліны горкага ўсьведамленьня, што мае творы ня будуць мець хады і беларуская мова не будзе прызнанаю". Такое безвыходнае становішча непазьбежна абмяжоўвала кругагляд пісьменнікаў, што моцна адбівалася на іхняй творчасьці.