Выбрать главу

Пра сацыяльна-палітычныя пагляды Я.Купалы, якія адбіваліся на ягонай творчасьці, гавораць і факты ўдзелу паэта ў рэвалюцыйным руху. Сам паэта чамусьці зьмяншаў сваю ролю ў гэтых падзеях. У лісьце да Л.Клейнбарта ён пісаў: "У нацыянальным беларускім руху, калі можна так сказаць, чыннага ўдзелу не прыймаў, акрамя рэдактарства ў "Нашай Ніве", у гэтым руху, якім кіравалі браты Луцкевічы, была, безумоўна, і палітыка, а дзе была палітыка, я імкнуўся ў яе не ўблытвацца".

Неадпаведнасць паміж гэтымі радкамі і рэчаіснасцю адзначаў у сваёй кнізе "Беларускі літаратурна-грамадскі рух у Пецярбурзе" яшчэ Р.Семашкевіч: "Прызнанне Купалы гучыць трохі парадаксальна. Уся паэзія яго — палітыка, спалучаная з высокай грамадзянскасцю, уся паэзія — выкрыйце палітыкі царызму". Акрамя згаданых намі ўжо радкоў Купалы, прыцягвае ўвагу таксама эпізод, апісаны ва ўспамінах П.Бычкоўскага, выдрукаваных у кнізе "Успаміны пра Я.Купалу". Янка Купала прысутнічаў на нелегальнай сходцы, якая праходзіла ў хаце Пятра Бычкоўская ў канцы траўня 1906 года. Нечакана зьявілася паліцыя. Купала уцёк, а Бычкоўскі Антон, ягоныя браты Ян і Ясь, К.Казлоўскі і А.Шпакоўскі былі арыштаваныя, абвінавачаныя ў арганізацыі маёўкі, падбухторваньні сялян да закалоту і пасаджаныя ў астрог, адкуль былі выпушчаныя толькі праз два месяцы пад залог.

Як нам бачыцца, нежаданьне Купалы раскрываць свой удзел у рэвалюцыйна-дэмакратычным руху, у "палітыцы" тлумачыцца, адно, часам напісання ліста да Л.Клейнбарта — лютым 1929 года. Ужо грымела барацьба з нацдэмамі. Удзел у дарэвалюцыйнай працы любой партыі, акрамя сацыял-дэмакратычнай (бальшавікоў) быў ужо доказам супраць чалавека. Менавіта таму Купала заяўляў пра свой палітычны нэйтралітэт.

Такім чынам, мусім канстатаваць: непасрэдная роля Я. Купалы ў рэвалюцыйна-дэмакратычным руху магчыма і не была вялікай, ды яна, пэўне, была і зьяўляецца выразным паказальнікам ягоных грамадзка-палітычных настрояў, перакананняў.

Дзякуючы грунтоўным анкетам Л.М.Клейнбарта мы гэтаксама можам праназіраць за ўдзелам у рэвалюцыйным руху Якуба Коласа. Паэта пісаў: "Хваля рэвалюцыі ў 1905 годзе захапіла мяне. Я далучыўся да рэвалюцыйнага руху разам са сваімі сябрамі, сельскімі настаўнікамі".

Антон Луцкевіч адзначаў: "Улетку 1906 году ў Вільні адбыўся — з учасьцем Якуба Коласа і іншых — скліканы намі зьезд народных вучыцялёў, які і пастанавіў закласьці тайны саюз беларускіх настаўнікаў, галоўнай мэтай якога была барацьба за беларусізацыю народных школаў у Беларусі".

Трохі пазьней, у ліпені 1906 г. адбыўся зьезд беларускіх настаўнікаў у вёсцы Мікалаеўшчына, на радзіме Я. Коласа, разагнаны паліцыяй. За ўдзел ў зьезьдзе, як адзін з арганізатараў, Я.Колас дастаў тры гады астрогу. На зьезьдзе былі абмеркаваныя праблемы становішча настаўнікаў, іхняя роля ў грамадзкім жыцьці і ў рэвалюцыйным руху. Была прынята пастанова пра ўтварэньне саюза настаўнікаў Беларусі. Адгукаючыся аб палітычныя настроі сярод удзельнікаў зьезда, Я.Колас адзначаў: "Трэба было перадумаць і сьвядома ўспрыняць арыентацыю той ці іншай партыі, а покі што ішло хістаньне між партыямі эсэраў і эсдэкаў. Значная большасць схілялася ў бок эсэраў".

Пра палітычныя погляды Я.Коласа ў астрожных успамінах згадвае стары рэвалюцыйны дзеяч А .Бонч-Асмалоўскі: "З партыі соцыялістых-рэволюцыянэраў яшчэ сядзелі ў турме наступныя таварышы... Міцкевіч — настаўнік, беларускі поэта, псэўдонім — Якуб Колас".

Палітычныя перакананьні Якуба Коласа не былі артадаксальнымі. Гутарка можа ісьці хутчэй пра агульную пляцформу. Эвалюцыя поглядаў паэты надалей адбывалася дзякуючы моцнаму ўплыву БСГ. Праграмы партыяў, асабліва па зямельным пытанні, шмат у чым былі падобнымі. Варта адзначыць, што ў 1917 годзе Я.Колас быў вылучаны наноў паўсталай БСГ на выбарах кандыдатам па сьпісе нум. 13 (БСГ).

Першая сустрэча Я.Коласа з Атласавым, які быў, па словах А.Бурбіса, адным з "найбольш энэргічных працаўнікоў Б.Р.Г. (БСГ — з 1903 г. — А.Б.) "пакінула на яго вялікае ўражанне, натхніла і дала магутны імпульс для творчасьці на роднай мове. Я.Колас гэтак апісвае іхнюю сустрэчу: "Восенню 1906 года на адным рэвалюцыйным зьезьдзе у г.Менску (трэба адзначыць, што гэты сход адбываўся ўжо пасьля няўдалага настаўніцкага сходу ў Мікалаеўшчыне, дзе хэньць да падобных рэвалюцыйных сходаў у Я.Коласа не адбілі. — А.Б.) я пазнаёміўся з Аляксандрам Мікітавічам Уласавым. Да таго часу ў Вільні зарадзілася група асобаў, якія пастанавілі выдаваць газэту на беларускай мове. Уласаў неяк даведаўся пра мяне як пра беларускага паэта і прыехаў, каб знайсці мяне... Па вяртаньні да дому я прыняўся з палам за вершы... Выхад у сьвет беларускай газэты было найвялікшай падзеяй у маім жыцьці. Я ўвесь аддаўся беларускай паэзіі, стаў шчырым прапагандыстам беларускага адраджэння".