Выбрать главу

- Прачытайце, васпан такога яшчэ не чытаў. - Жандар падаў гаспадару эканоміі лісціну паперы.

Аканом тупа ўставіўся ў радкі.

«Пастанова Рэвалюцыйнага трыбунала з абвяшчэннем маршалка А.Дамейкі па-за законам. 25 чэрвеня 1863 года...»

- Навошта мне гэта? - спалохана прамовіў Урбановіч.

- Чытайце, чытайце... Уголас чытайце...

- «Рэвалюцыйны трыбунал Віленскага павета, зважыўшы, што грамадзянін Аляксандар Дамейка, спаўняючы пасаду маршалка Віленскага ваяводства, выказваў стала на працягу апошніх чатырох гадоў рэакцыйныя памкненні... - мармытаў Урбановіч, - што... пад націскам Масквы, з-за нікчэмнай слабасці... нягледзячы на папярэджанне пра завочны прысуд, не даў тлумачэнняў і такім чынам адкрыта адмовіўся падпарадкоўвацца законнай уладзе...» Не, не магу... Літары расплываюцца...

- Тады давай я прачытаю. - Жандар забраў паперыну, стаў чытаць: - «Што, прыняўшы зноў пасаду маршалка, імкнецца цяпер скласці ад імя шляхты незаконны вернападданніцкі адрас цару і зрабіўся праз гэта поўным адступнікам народнай справы, на моцы артыкула другога крымінальнага права ад 2 чэрвеня 1863 года аб'яўляе грамадзяніна Аляксандра Дамейку здраднікам айчыны і таму вынятым з-пад аховы закона. Дано ў Вільні 25 чэрвеня 1863 года...»

- На што вы намякаеце, спадар афіцэр? - трывожна спытаўся аканом.

- Прыйшоў час вызначыцца, - ужо ў дзвярах сказаў жандар. - Я вас не падганяю, ёсць час падумаць.

Аканом падняўся з крэсла. «Варта неяк залагодзіць гэтага службістага... Але якім чынам?»

- Пане афіцэр, спадар Фогель, - на мяжы ліслівасці праказаў Урбановіч. - Вы анёл-захавальнік маёй радзіны. Вы ўжо зрабілі нам гэтулькі ласкі...

- Во, во. Паперку я вам пакіну. У напамінак. І дайце пачытаць вашай пані.

«Ці не вымагае ён хабару, - падумаў аканом, калі жандар пайшоў. - Але як яму даць? Адкрыта не возьме, афіцэр усё-ткі... Пра Аксаніна камісарства таксама ведае.... Ой, узяў на кручок, дык узяў. І не за губу, калі можна абарваць, а ў горла ўсадзіў...»

Становішча аканома рабілася двухсэнсоўным: з аднаго боку - ягоная жонка магла быць арыштавана ў любы момант; з другога - ён, Урбановіч, мусіў падпісаць вернападданніцкі адрас, каб гэткім своеасаблівым чынам загладзіць віну жонкі. На гэта і намякаў Фогель.

- Радасць мая... Што з табой будзе? - шаптаў аканом, думаючы пра Аксану.

Часам да аканомавай заходзіў Ясь Кавалец. Памяняць кніжкі, якія браў чытаць. Прыходзіў з Інсургентам. Цяпер воўк настолькі падужэў, што не ён ад сабак, а яны ад яго ўцякалі. Праўда, Ясь пакідаў свайго ўлюбёнца за брамай эканоміі - не дай Бог улезе куды. Але перасцярога не дапамагла. Аднойчы ўскочыў у парк і задушыў ажно двух хартоў. Быццам памятаў былыя крыўды.

Выклікалі Яся. Той прызнаўся, што Інсургент уцёк і ад яго. Відаць, баіцца кары. Кавальца папярэдзілі, што будуць пільнаваць сабак са стрэльбамі. Мондрык і напраўду хадзіў да апоўначы са стрэльбай, але хартоў не ўпільнаваў - воўк загрыз двух апошніх. Праўда, сучку са шчанятамі не крануў.

3. Апантанасць

Аднойчы Аксане прынеслі цыдулку. У ёй рукой Людовіка было напісана: «Трэба пагаварыць». Пакуль ехала ў брычцы да Бароўскіх, думала пра задушаных хартоў. Выходзіла, што аблезлыя харты - то паны, а воўк-пройда - звыродак зямлі, істота ад зямлі, мужык, хлоп, селянін, які знішчае ўсё панскае, выкшталцонае, няздатнае для суворага жыцця. Гэтая думка прыгнятала Аксану. Яна бачыла, адчувала і разумела, што паўстанне згасае. Асабліва балюча было ўсведамляць, што тыя людзі, якіх яна ведала, аказаліся такімі бездапаможнымі ў вайсковай справе.

Ехала праз мястэчка і ўбачыла каля карчмы некалькі расейскіх жаўнераў. Глянула на іх проста, без ганарлівасці. Яна лавіла сябе на тым, што гэтыя людзі ёй ненавісныя, але ці былі яны вінаватыя? Ці вінаваты былі сам жандар Фогель, прыстаў, спраўнік? Калі так думаць, то не вінаваты быў і цар і ніхто не вінаваты. Такім было жыццё: мацнейшы, дужэйшы топча слабейшага.

Яна чакала сустрэць Людовіка бледным, знядужаным, як і павінна быць пасля хваробы ці ранення, але, надзіва, убачыла яго здаровым і нават вясёлым. Толькі вочы як запаліў.

- Там такая мясціна была, Гантарня называецца, - пачаў ён без прадмовы, калі яны зачыніліся ў ягоным пакоі. - Там усё і адбылося. Цяпер я ведаю, што супраць нас выступіў маёр Крэмер - пружанскі ваенны начальнік. Выступіў з сваім войскам на адшуканне паўстанцкіх атрадаў. Манюкін - галоўнакамандуючы расейскімі войскамі ў Гарадзенскай губерні - загадаў яму не цырымоніцца. Аксанка, каб ты ведала, да чаго ўсё было неарганізавана...