Выбрать главу

- Колькі вас было?

- Дванаццацёра...

- Усяго?

- Я лічу конных. Пешых было дзесяткаў тры-чатыры. З іх стралкоў дзесяткі два.

- А куды ж падзеліся астатнія?

- Куды? - Людовік зіркнуў на Аксану. - Скажам так - адсталі. У абозе шмат было. Мы выйшлі на кіраўніка інсургентаў, камісара ваяводства Гарадзенскай губерні Ануфрыя Духінскага. Ён з адстаўных. Палкоўнік, прыбыў з Парыжа. А камандзірам быў Валеры Ўрублеўскі... Сябра Каліноўскага, ягоны бліжэйшы паплечнік. Мы выставілі ў лесе конны пікет, бо ведалі, што супраць нас выступілі жаўнеры. А тут прыляцелі выведнікі, дакладваюць, што наш конны пікет разбегся. Як? А так! Казакі аднаго захапілі ў палон. Тады мы выставілі стралковы ланцуг. Некаторыя залезлі на дрэвы. Бачым, ідуць. Мы падпусцілі іх на пяцьдзесят крокаў і далі залп. Крыкі, гвалт, енкі паміраючых... Нам падалося, што расейцы адступілі. Адразу такое натхненне з'явілася... Адзін з слонімцаў, памятаю, усё крычаў: «Панове, храбрэй, іх бардзо мало, адна рота стрэльцаў. Мы іх вшысцкіх паб'ём!» Мы сядзелі ў даволі густым лесе, а тыя нападалі па рэдкаватым. Пасля першых стрэлаў бачым, напраўду адступаюць маскалі. Вось была радасць! Інсургенты без каманды кінуліся наперад. І адразу трапілі пад кулі. Пасыпаліся, як абмалочаныя снапы, сталі падаць... У іх не нашы пістонаўкі - як дзерануць залпам, дык толькі трэскі ад дрэваў адскокваюць, не ведаеш, куды хавацца. І не відаць нічога, не чуваць камандаў... Дым, лямант, неразбярыха. Расейцы, узбадзёраныя, у сваю чаргу кінуліся ў атаку, ды так раз'юшана, бягом, штыкамі размахваюць, страляюць, крычаць шалёна. Нашы, якія ў атаку пайшлі, уцякалі па тым лесе хто куды. Дабеглі да касінераў, спыніліся, але тут таксама - адкуль толькі ўзяліся? - расейцы атакуюць. З флангаў абышлі. Артур зразумеў, што настаў час самых рашучых дзеянняў. На каня і ўсіх нашых конных павёў у абход, каб ударыць расейцам у фланг, з левага боку. Але ў гэтай неразбярысе ўсё перамяшалася, пераблыталася... Пакуль Артур аб'язджаў сваіх жа, якія мітусіліся ў паніцы і вэрхале, расейцы ўмацавалі фланг. Была флангавая сутычка, якая фактычна не прынесла поспеху, бо фланг расейцаў прарваць не ўдалося. Нашыя спешыліся, сталі страляць. А расейцы па цэнтры вядуць метадычны абстрэл і падступаюцца да абозу ўсё бліжэй і бліжэй. Мы кідаліся ў атаку разоў шэсць... Не, болей... Падымаліся з крыкам: «За радзіму, за айчыну, за волю, за Бацькаўшчыну, за Беларусь, у рэшце рэшт...»

- Так і крычалі?

- Але, крычалі. Ды расейскі кулявы агонь быў такі шчыльны, што нашыя падалі адзін за адным. Сапраўдная бойня. Кроў хлішча...

- Але і вы стралялі? І некага забілі?

- Канечне! Да вечара столькі трупаў валялася, і нашых, і расейцаў, па ўсім лесе... Пад ногі глядзелі, каб не наступіць на чалавека. Карацей, як сонца добра схілілася, гляджу, інсургенты па два-тры чалавекі сталі пакідаць пазіцыі... Прасцей кажучы, разбягацца.

- Разбягацца?

- Так, разбягацца. Кідалі зброю, зрывалі камандзірскія адзнакі і ўцякалі. І ніхто не мог стрымаць іх... Што ты хочаш, цывільныя людзі... Аднаго натхнення, каб ваяваць, мала. Разумееш, ваяваць - гэта забіваць людзей. А гэтаму трэба ву-чыц-ца!

Аксана зіркнула на Людовіка, нічога не сказала.

- Як сонца схілілася яшчэ ніжэй, стала зразумела, што расейцам удалося зрабіць флангавыя абхваты - справа і злева. Узнікла пагроза акружэння. Сітуацыя вырабілася на панічную. Ды што тут гаварыць, гэта і была самая сапраўдная паніка. Пабеглі і мы... І зброю давялося кінуць, і ў дрыгву лезці, каб у палон не трапіць. А там возера такое, далей вёска Ласосна... Усе туды ўцякалі. А расейцы ўжо і не атакуюць, толькі зрэдку пастрэльваюць. Казалі потым палонныя, што расейцы сваіх параненых і забітых збіралі. Потым адышлі ў Ружаны, пахавалі. Усё больш ніжніх чыноў.

- А колькі нашых загінула?

- Многа, Аксана. Больш сотні. А ў палон колькі трапіла! Адразу ўхапілі Рафаіла Карыцкага. Ён з Беластока аднекуль... Былі чыноўнікі, мяшчане, шмат леснікоў... Такія, як я, гімназісты з Беластока, Гародні, Свіслачы. Адстаўныя салдаты былі. Сялян крыху, з дзяржаўных... Добры натоўп. - Людовік прыклаў хустачку да вачэй, на хвіліну змоўк. - Так, натоўп, не войска.

- Дык, выходзіць, вы такім натоўпам і ваявалі?

- Не, мы зрабілі правільную арганізацыю, пабіліся на роты - плутоны.

Людовік зноў змоўк, нешта думаў пра сваё.

- Дык пра што ты пыталася? - ачомаўся ён. - Пра загінулых? Цяжка сказаць... Маёр Крэмер данёс у рапарце, што пабітых было больш, чым дзве сотні. А цяпер вядома, што застрэленых усяго сорак чалавек.

- Ну а вы?

- Каб не трапіць у палон, сядзелі ў дрыгве. Потым выбіліся да маёнтка ў той Ласосне, схаваліся ў стозе саломы. Чуем, пад'ехалі казакі, сталі пратыкаць пікамі і шаблямі салому. Тут мяне і зачапіла.