- Дык ты паранены? - ускрыкнула Аксана, бялеючы. - А казалі, з каня ўпаў і рабрыну зламаў.
- Было і такое. А ў тым стозе зачапіла. Убілі шаблі ў нагу, ледзь не зароў ад болю. Але каб закрычаў, то забралі б. Бачыш, я перад табой... - Людовік вінавата пасміхнуўся.
- А што Артур?!
- Я што, я паранены. Куды мне падзецца? - Людовік усё расказваў пра сябе. - Далучацца да якога атрада, каб змагацца зноў, немагчыма... Артур давёў мяне да Пінска, перадаў знаёмым людзям, а сам вярнуўся.
- Дык ён з табой быў. І дзе цяпер ён?
- Хаваецца. Па лясох. Разам з такімі, як сам. А на тых, якія паўцякалі раней, злы, як сабака. Цяпер разумееш, чаму тыя, як вярнуліся, не надта ахвочыя паказвацца на вочы. Баяцца не столькі расейцаў, колькі сваіх, у першую чаргу Артура. Э-э, ды ці вінаватыя яны?! Ці ведаеш, што цар кінуў 200 тысяч войска на адну толькі Беларусь. А нас колькі было? А дзе агульнае кіраванне, дзе наш Касцюшка?
- А што зараз думаеш рабіць? - прамовіла Аксана, не хаваючы свайго расчаравання.
- Страшная сіла - расейцы, - працягваў сваё Людовік. - Што нашыя паляўнічыя стрэльбачкі супраць іхніх ружжаў. І гэта яшчэ ў лесе ваявалі, а каб дзе ў чыстым полі, ды супраць гармат?
- Дык вы ж... мужчыны.
- Ну, скажы яшчэ, што голымі рукамі падушыла б іх... Тут варта ўжыць іншыя спосабы...
Вочы ў Людовіка гарэлі. Было зразумела, што склаўшы рукі ён сядзець не будзе.
4. Першая вылазка
Партызанскай акцыі не задоўжыліся чакаць. Літаральна праз пару дзён па лініі паштовага тракту Пінск - Мазыр невядомыя напалі на канвойны абоз, які гнаў этапам з Царства Польскага палонных паўстанцаў ці арыштаваных варшаўскіх падпольшчыкаў.
Налёт не зусім каб удаўся: на выручку канвою паспяшаўся конны раз'езд жандараў пад кіраўніцтвам капітана Фогеля. Жандары кучнымі залпамі рассеялі нападнікаў, дапамаглі вярнуць уцекачоў, якія і хадзіць добра не маглі, не тое што разбягацца. Хто і ўцёк, схаваўся ў лазу, у багну, праз дзень-другі вылезлі, абгрызеныя машкарэчай, каб самахоць здацца ўладам.
Фогель ламаў галаву: хто арганізаваў напад? З камунікатаў ён ведаў, што ў ваколіцах залётных бандаў наўрад ці было. Тутэйшыя сяляне, большасцю праваслаўныя, у сімпатыях да польскага закалату не былі заўважаны. Наадварот, знайшліся і памочнікі, якія лавілі «польскіх бандытаў» па лесе з тых, каму ўдалося ўцячы. Шляхта, асабліва шарачковая, не вызначалася мяцежніцтвам. Але ж знайшоўся нехта, відаць, з апалячанай шляхты, хто адважыўся пагуляць у Гарыбальдзі. Напад на канвой быў мясцовай самадзейнасцю, капітан жандармерыі не сумняваўся.
Фогель выклікаў спраўніка, прыстава. Яны лепей ведаюць тутэйшых. Пагаварылі пра кожнага з памешчыкаў, пра іх дзяцей. Правялі адпаведнае следства з сялянамі. І гэта дало нечаканы вынік. Знайшоўся адзін, які мог пацвердзіць удзел у збройным нападзе, як мінімум, аднаго чалавека.
Фогель намысліў, што язву трэба выразаць, і выразаць з коранем. Запрасіў і атрымаў адпаведную падтрымку - пяхотную роту рэгулярнага расейскага войска, якая спынілася на пастой у Манкевічах.
Не прайшло і тыдня пасля нападу, як да сядзібы пана Бароўскага скрытна, тройкамі, пяцёркамі падышлі жаўнеры. Фогель з некалькімі сваімі падначаленымі, таксама са спраўнікам у якасці цывільнага следчага і селянінам-сведкам паехалі дарогай не хаваючыся.
Стаяла гарачыня, задуха. У спякотным мроіве плавілася паветра, аблокі высіліся вычапурыстымі слупамі. Мясцовасць абапал дарогі выглядала бязлюднай, цішыня рэзала вушы. Там-сям пракідаліся стажэчкі «майскага», яшчэ незрудзелага сена з пачарнелым лісцем маладога шчаўюху.
Селянін, які ішоў пешшу, ледзь паспяваў за коннымі. Вязнуў у сыпкім дарожным пяску ў скураных перасохлых поршнях, абутых «дзеля людзей» - у такую пагоду ён хадзіў босы, і раз ад разу бажыўся, што Людовіка Бароўскага пазнае і за вярсту, бо ведаў яго змалку.
Гойдаліся на конях гадзіны дзве, пакуль урэшце паказалася доўгая драўляная будыніна пад умшэлай і пазелянелай гонтай, акружаная старымі каржакаватымі ліпамі. Людзей, панскіх работнікаў, нідзе не відаць. І дом Бароўскага, і фальварак выглядалі запушчанымі.
Бароўскі, а менавіта да яго сядзібы і выехалі следчыя, выскачыў насустрач нечаканым гасцям без шапкі, у незашпіленай камізэльцы.
- Рады бачыць высокія персоны на маім забытым Богам хутары... - разгублена загаварыў, вінавата пасміхаўся.
- Мы не ў госці, па справе, пане Бароўскі, - таксама вінаватым, але цвёрдым голасам праказаў спраўнік. - І па справе не зусім вясёлай.
- Што здарылася, панове? - па-жаночаму ўспляснуў рукамі Бароўскі.