- Пэўна, вы ведаеце, што робіцца ў суседніх губернях, - сказаў спраўнік. - Бунт паспяхова падаўляецца. Самыя адчайныя галовы, я маю на ўвазе Серакоўскага...
- Серакоўскі?! - усклікнуў гаспадар. У вачах ягоных мільганула трывога.
- Ён павешаны, не турбуйцеся... Дык вось. Вы чулі пра збройны напад... - сказаў спраўнік.
Бароўскі подняў бровы, забожкаў.
- Ёсць звесткі, што ваш сын Людовік... - спраўнік змоўк, каб падшукаць больш далікатныя словы. - Быў сярод... грабежнікаў.
- Сярод польскіх бандытаў, - удакладніў Фогель і зняў з блакітнага кіцеля смяцінку.
Бароўскі збялеў. Рукі перасталі зашпільваць камізэльку. Урэшце апанаваўся.
- Панове, вы што, панове, выбачайце, блёкату аб'еліся? Я скардзіцца буду, губернатару...
- Пане Бароўскі, - спакойна сказаў Фогель. - Па-першае, выбірайце словы. Перад вамі афіцэр. А па-другое, вашага сына там бачылі.
- Гэта няпраўда. Мой сын ніколі... - заабураўся Бароўскі, але жандар абарваў яго:
- Перастаньце. Ёсць сведка.
Фогель паказаў нагайкай на селяніна, які стаяў з кучомкай у руках і глядзеў убок. У селяніне Бароўскі пазнаў старасту тутэйшай царквы Максіма Дзеркача.
- Хто мог падумаць, што каталікі могуць схавацца ў праваслаўнай царкве? Гэты чалавек - стараста той царквы, кцітар. Ён іх і хаваў. Але... пачуццё вернападданасці перамагло. Нам належыць бачыць вашага сына, пане Бароўскі.
- Гэта не ўласціва майму сыну - нападаць на дзяржаўныя канвоі... - разгублена мармытаў гаспадар маёнтачка.
- У сувязі з нападам на канвой мушу ўчыніць дазнанне вашага сына, - дзелавіта заявіў спраўнік.
- Яго... няма дома. Паехаў... Паехаў у Пінск... - замітусіўся пан Бароўскі, але па вачах, позірк якіх хаваў, адчувалася, што ён гаворыць няпраўду.
Фогель неўпрыкмет кіўнуў спраўніку: маўляў, паглядзі, што з панам Бароўскім зрабілася - пабялеў; рукі, каб не трэсліся, адну за камізэльку засунуў, другой увішна расціраў твар. Ясна, што сын Бароўскага Людовік удома, і справа часу, каб яго арыштаваць. Без гвалту, далікатна.
- Няма? - разгублена праказаў спраўнік, але Фогелю міргнуў, маўляў, разумею, што да чаго. - Ці не запросіце на філіжанку кавы?
Бароўскі разгублена пасміхнуўся. Яму нічога не заставалася рабіць, як паказаць рукой на ганак:
- Проша.
Бароўскі правёў гасцей у вітальню, выйшаў распарадзіцца прынесці кавы.
Максім Дзяркач застаўся на вуліцы.
5. Кроў на шаблі
Палавіну вітальні на адно акно, у якой апынуліся Фогель і спраўнік, займалі абдзёртая канапа, адно крэсла і некалькі этажэрак з кнігамі. Пад столлю вісела сплеценая з тонкіх лазовых дубчыкаў клетка з птушкай. На нефарбаванай падлозе ляжаў даматканы ходнік. Сцены густа ўлеплены карцінкамі ў рамках і рамачках, дагератыпамі вусатых і невусатых асобаў. З багетнай, узелянелай ад часу рамы адрачона і неяк зусім рахмана пазіраў вусаты продак роду Бароўскіх. Вусы на партрэце былі так прамалёваны, што здаваліся наклеенымі на палатно. Пад партрэтам на невялічкім дыванку вісела шабелька. Паветра ў вітальні было густое, пахла нечым незразумелым і нават нясвежым, як пахне ў пакоях старасвецкіх людзей.
Фогель глянуў на клетку, падчэпленую пад столь. У клетцы сядзела птушачка. Яна насцярожана глядзела на чалавека.
- І што то за птушка? - пацікавіўся жандар, адрасуючы пытанне спраўніку.
Спраўнік падышоў да клеткі, пашкробаў яе пазногцем, прыгледзеўся.
- Шчыгел нейкі. Але, выбачайце, і духавіта тут.
- Гэта ёдаформ, васпане. Так што віншую - канцэрт удаўся.
- Каб толькі без шуму, толькі без гэтых енкаў, гвалтаў, - перахрысціўся спраўнік. - Ведаеце, я не вайсковы чалавек. На службе апошні труп бачыў тры гады назад, і то тапельца.
Дзверы прачыніліся, у іх праслізгнула беленькая котка з чорнай плямай на воку. Яна закруціла хвосцік пытальнікам, зірнула на чужых людзей.
Фогель пакіцікаў, прывабліваючы котку. Котка падбегла да жандаравых рук, панюхала, пакрыўджана адвярнулася.
- Шляхта, у іх каты і тыя з гонарам, - праказаў спраўнік. - Наглядзеўся я гэтых так званых дваран. Слухайце, пан Фогель. Што будзем рабіць са старастам?
Фогель запытальна зірнуў на спраўніка.
- Вы абяцалі яму грошы?!
Жандар пацёр коратка падстрыжаныя вусікі, задумліва вымавіў:
- У гэтага, выбачайце, сына балота язык развязаўся толькі тады, калі я намякнуў на грошы... Але толькі намякнуў...
- Нядобрыя грошы атрымліваюцца, як Юдавы сярэбранікі...
Гаспадара ўсё не было. Фогель выскубваў з кіцеля асцюкі.
Спраўнік выціраў насоўкай спацелы твар і корпаўся ў кнігах на паліцах, буркочучы:
- Польшча, усё Польшча... Хоць бы адна кніжачка па-расейску. Ага, ёсць... Яшчэ адна, а вось і яшчэ...