Падышоў да партрэта, дакрануўся да шаблі, зацікавіўся ёю, зняў са сцяны, высунуў з похвы. І раптам прысвіснуў:
- Уга, капітан, паглядзіце.
Фогель зірнуў на шаблю.
- Гэта ржа... - няўпэўнена вымавіў.
- Гэта засохлая кроў, капітан, - ціха праказаў спраўнік. - Не думаю, каб дзедаўскімі шаблямі тут, на сядзібе, секлі пеўняў.
6. У пастцы
Калі ў пакой уляцеў устрывожаны бацька, Людовік прыўзняўся на ложку, апёрся на локці.
- Сыне, ты падмануў нас, ты сказаў няпраўду, - гарачым шэптам разліўся стары Бароўскі. - Прызнайся, ты адбіваў у жандараў паўстанцаў?
Людовік падціснуў вусны, вінавата кіўнуў.
- Яны арыштуюць цябе, сыне, што рабіць? - разгублена прамовіў бацька.
- Колькі іх, хто яны?
- Жандар... Той Фогель, капітан і пан спраўнік... Скачы, сыне, праз акно, уцякай, родны. Не, яны падстрэляць цябе...
- На вуліцы жаўнеры ёсць?
- Ёсць, сыне, пэўна ёсць... Максім Дзяркач, стараста буевіцкай царквы, прывёў іх... О Матка Найсвентша, дажылі, дзіця мусіць уцякаць з роднага дому праз вокны.
- Пад Расеяй, татусь, нас яшчэ і не такое чакае, - праказаў Людовік, узводзячыся. Твар яго перасмыкнула ад болю, але ён асіліў яго, падняўся.
- Ты паранены! Ты казаў - звіхнуў нагу. Ды ты ж паранены! А я думаю, чаго гэта так ёдаформам смярдзіць!
- Дробязь, тата. Я магу хадзіць.
- Тады хуценька, сыне, хуценька, - шаптаў бацька. - Іначай - шыбеніца. Я паспрабую затрымаць іх, адцягнуць увагу, наколькі змагу. Іначай Сібір, іркуцкія капальні, о Матка Найсвентша, змілуйся над намі. Глядзі толькі, сыне, дом, пэўна, акружаны. Можа, і казакі на дарогах... Глядзі, сынку... О! Не, лепей здацца... На ўсё воля Боская... Я прывяду іх сюды...
- Не, тата. Ёсць шанец. Не адбірай яго ў мяне.
Бацька разгублена развёў рукамі, выйшаў. Людовік прайшоў да стала, сабраў паперы, засунуў за пазуху. Ён кульгаў, рана была напраўду неглыбокай, але балючай. Дастаў з-пад ложка скрынку, з яе - зараджаны рэвальвер. Адхінуў фіранку і рэзка адхіліўся сам - пад акном стаяў расейскі жаўнер. Праз дзірачкі фіранкі стаў сачыць за жаўнерам. Упэўнены, што яго ніхто не бачыць, маскаль збіў штыком яблык-цукроўку, амаль што завязь, зусім не зваблівы на выгляд. Укусіў, скрывіўся, выплюнуў.
Людовік прайшоў у іншы пакой - бацькоўскую спальню... І там жаўнер пад акном тырчыць. Людовік перайшоў у матчын пакой. Маці з выразам жаху і адчаю замахала на яго рукамі: сюды нельга. На мігах паказала, што на ганку ажно два жандары. Уцячы, выскачыць з дому не было ніякай магчымасці. Хіба што падацца на гарышча, а адтуль саскочыць праз слыхавое акно ў сад? Там якраз глухая сцяна, вокны з залы закрыты аканіцамі і жаўнераў не павінна быць.
Людовік прайшоў у свой пакой, сеў на ложак, абхапіў рукамі галаву. Чаму не пайшоў у лес раней? Чаго чакаў? Шкадаваў матку? Выходзіць, што сам палез у кіпцюры жандараў. Няўжо, як і тысячам паўстанцам, Сібір? А можа, і напраўду шыбеніца, як кажа бацька. Тады лепш паспрабаваць уцячы, прабівацца да інсургентаў, паваяваць яшчэ.
7. Хобі пана Бароўскага
Бароўскі выскачыў ад сына і ўбег у адзін з пакояў. З фатэля паднялася ўстрывожаная жанчына.
- Якія ў іх намеры? - спыталася яна. - Што яны кажуць?
- Дамісю, родная, бяда, - прашаптаў Бароўскі. - То прыехалі забіраць нашага Людовіка. Паспрабую затрымаць, забалбатаць жандара і спраўніка. Лёдзя ў варыўні? Няхай нясе наліўкі. Я стану частаваць гасцей кавай, паспрабую падпаіць, буду цягнуць час, як можна...
Жонка спуджана кіўнула, Бароўскі пабег шукаць пакаёўку Лёдзю.
А тым часам у вітальні ўстрывожаныя Фогель і спраўнік пачапілі шаблю на месца і з нецярпеннем чакалі гаспадара. Бароўскага ўсё не было. Спраўнік пазіркваў на партрэт. Яму здавалася, што вусаты ягамосць не зводзіць з яго пільных вачэй.
- Стары род, - адзначыў ён. - Стары і прыгожы. Шкада, што ўсе палякамі парабіліся.
- Яны такія палякі, - адказаў яму на гэта Фогель, - як і мы з вамі. Яны тутэйшыя, ліцвінамі ўсё жыццё сябе лічылі. Толькі што каталікі. Паслухайце, а ці зручна тую каву нам тут піць, - стаў сумнявацца Фогель. - Вып'ем каву і арыштуем сына?!
- Хм, сапраўды нядобра... - хмыкнуў спраўнік. - А нападаць на канвой добра?! Гэтак званая польская гжэчнасць. Да ўсяго - абавязак ёсць абавязак, пане Фогель. Калі дбаць пра гжэчнасць, то трэба выводзіць з гэтага краю войска, даваць тутэйшай шляхце канстытуцыю ці свайго караля няхай выбіраюць. Можа, вас і сумленне яшчэ будзе мучыць, што вы адправіце бунтаўшчыка, крушыцеля дзяржаўнага парадку, ворага імперыі ў Сібір?!
- Не, - варухнуў плячом Фогель, памацаў гузік. - Я прысягаў цару, але непрыгожа, згадзіцеся: гаспадар вас частуе ад шчырага сэрца, а вы ягонага сына за шкірку ды ў каталажку.