- Вы, капітан, малады чалавек... Вас мучыць пачуццё абавязку... Не думайце, што вы ліцвін ці нейкі там кімсьці выдуманы беларус. Думайце, што вы рускі. Нават не расеец, але рускі. Вы ж рускага веравызнання, так?
- Так, - згадзіўся жандар.
- Калі думаць, што вы рускі, то гэта значыць Расея - ваша... наша айчына. Адчуйце, як соладка гэта гучыць - Расейская імперыя. Ад Варшавы да Японскага мора. Шостая частка Зямлі. Такіх імперый не было і ніколі не будзе.
Фогель недаверліва зірнуў на спраўніка.
- Дапусцім, - сказаў ён, - я стану думаць, што я рускі, маральна мне будзе лягчэй піць чужую каву, а потым арыштоўваць сына гасціннага гаспадара?
Спраўнік быццам не слухаў яго.
- Імперыю збіралі таксама і выхадцы з нашага краю, з Літвы. Збіралі кавалак да кавалка, цагліна да цагліны, служылі Раманавым як мае быць. Усе служылі і служаць: і ліцвіны, і палякі. Каўказ, Азія, Далёкі Ўсход - усё заваявана нашымі, падкрэсліваю, нашымі продкамі: і ліцвінамі, і палякамі ў тым ліку. А гэта, выбачайце за ўтылітарызм, гэтулькі паліцэйскіх акалоткаў нашым нашчадкам...
- Бачу, у вас сапраўднае імперскае мысленне... А наконт нашчадкаў... Выбачайце, баюся, каб на тым жа Далёкім Усходзе так званыя нашы нашчадкі па-кітайску не загаварылі.
Увайшоў Бароўскі са сподам, над якім з філіжанак кулдыячкамі вілася пара.
- Што гэта, пане Бароўскі, у вас такая за птушка, - каб не маўчаць, спытаўся Фогель і даў лёгенькую пстрычку ў дно клеткі.
- Ціха вы, ціха, не стукайце, - замітусіўся Бароўскі. - Шчыглы баяцца стукату. Асабліва вучоныя...
- Вучоныя? - здзівіўся спраўнік.
- Дзёндзік, - ласкава паклікаў Бароўскі, - ану пакажы, як ты ўмееш насіць ваду.
Гаспадар прасунуў паміж прутамі клеткі маленькае, з напарстак, сярэбранае вядзерца, якое вісела дагэтуль збоку клеткі, падліў з бутэлькі, якая стаяла пад этажэркай, вады ў адно з карытцаў у клетцы.
Шчыгол паглядзеў адным вокам на гаспадара, ухапіў дзюбай дужку вядзерца, набраў вады з карытца і, высока падымаючы вядзерца, перанёс яго ў другое карытца.
- Брава! - ціха паляскаў у далоні Фогель.
- Я адсадзіў сюды гэтага шчыгла, бо ён у мяне са здольнасцямі. У вялікай, панове, залі ў мяне шмат яшчэ птушак, але малінаўкі задзірлівыя. Ведаеце малінавак, панове? Мусіць, ведаеце, хто не ведае спеваў малінаўкі вясною, калі пасля дзённай утомы сядзеш спачыць, а бярозавыя пупіхі толькі што здымаюць з сябе смалістыя каптурыкі...
Спраўнік і жандар пабралі філіжанкі, пілі каву і пасміхаліся. Бароўскі заўважыў усмешкі.
- Вы, панове, выбачайце, тут такі пах, бо птушак шмат у мяне, я зараз пакажу, - стаў апраўдвацца пан Бароўскі. - Вунь фортку прачыню.
Спраўнік незаўважна падміргнуў Фогелю - сапраўды Бароўскі хоча ўтаіць, што ў доме пахне ёдаформам.
Гаспадар адчыніў фортку, і адразу на яе села маленькая птушачка з іржава-чырвонай грудкай, з чорным горлечкам і белым лобікам.
- Рудахвостка, - ціха і замілавана сказаў Бароўскі. Дастаў з кішэні пушачку, адкрыў яе, узяў шчопаць нечага белага, рассыпістага. - Гэта мурашыныя яйкі, панове, - патлумачыў ён і працягнуў руку да птушачкі.
Тая нейкі час недаверліва глядзела на руку, потым скокнула на яе і пачала хапаць і прагна глытаць яйкі.
- Рудахвосткі, панове, распаўсюджаныя птушкі, але скрытныя. Яны перасмешнікі, тэк-тэкаюць, пасвістваюць, хвастом не ўзмахваюць, а патрэсваюць. Яйкі ў іх бледна-блакітна-зялёныя...
- Дык злавіце яе, - прашаптаў спраўнік, каб не апудзіць птушку, - ды ў клетку.
- У клетках рудахвостак трымаюць мала, бо надакучваюць сваім «фьюць». Ліцвіны яе яшчэ лысушкай называюць.
- Ліцвіны?! - з выклікам перапытаў спраўнік. - Рускія цяпер тут усе, раней былі ліцвіны, а цяпер рускія. Ліцвіны - гэта з лексікі мінулых стагоддзяў. Калі былі маскавіты, былі і ліцвіны, згодзен. А цяпер - усе рускага роду-племені. Ці не спаконвечная тут Русь была? Станеце спрачацца, што Полацак, Тураў, Пінск - рускія гарады, калі яны і ў летапісах рускімі названы?
Бароўскі маўчаў.
- І птушкі ў нас аднолькава называюцца. Варона - і па-тутэйшаму варона, і па-руску варона, - каб змякчыць рэзкасць, з жартам падтрымаў спраўніка Фогель.
- Вазьміце таксама сароку, - дадаў спраўнік. - Яна і па-расейску сарока. Або верабей. Вялікая хіба розніца - «воробей» ці «верабей».
І Фогель, і спраўнік ледзь не ў адкрытую кпілі з гаспадара.
- Не скажыце, - праказаў нарэшце Бароўскі. - На вераб'я ліцвіны кажуць яшчэ і шворабель.
- Гэта дыялекты... - адзначыў спраўнік. - У кожнай губерні Расеі на адну і тую ж птушку могуць казаць па-рознаму.
- А скажыце, - прымружыўся Бароўскі, - як па-нямецку будзе шчыгол? Не ведаеце? Дык я вам напомню, калі забыліся на нямецкую мову, - Stigliz. Гучыць амаль аднолькава. Германія даволі далёка ад расейскіх губерняў. Або, скажам, у рускіх, расейцаў значыць, ёсць птушка варакушка, а ў нас яна называецца кралька, або бохаўка.