Выбрать главу

Спраўнік утаропіўся ў завірушку і маўчаў, а жандар сачыў за тым, каб, крый Божа, якое са стварэнняў не капнула яму на блакітны кіцель.

- Там, каля той сцяны, панове, - паказаў Бароўскі, - у мяне пеначкі, або, як у нас на іх кажуць, раплючкі, ці пячураўкі. Пра іх можна гаварыць усё тое, што і пра альшанак. Ёсць раплючкі-вяснічкі, трашчоткі. Усе яны маленькія, зеленавата-шэранькія зверху, белаватыя знізу, з тонкімі, бачыце, панове, просценькімі дзюбкамі і жоўценькай броўкай над маленькімі, харошанькімі і чорненькімі вочкамі. У іх гнёзды з каптурыкам, з бакавым лятком. Адсюль і назоў - пячураўка...

Жандар перасмыкнуў плячыма. Расповеды гаспадара сталі яму надакучаць. Але даводзілася цярпець.

- Адрозніць падвіды раплюкоў цяжка, панове, - як ні ў чым не бывала казаў пан Бароўскі. - Увосень розныя падвіды іх збіраюцца ў чароды і мігруюць на поўдзень. Раплючкоў, як і іншых дробных пеюноў, трымаючы ў клетках, належыць асвятляць лямпай. Бачыце, я не шкадую газы дзеля гэтага. Калі едзеш дадому адкуль здалёк, то якая цудоўная карціна адкрываецца: родны дом, панове, клеткі з птушкамі, побач гарыць лямпа. Вам не сумна, панове?

- Не, - насуплена адказаў спраўнік.

Жандар толькі перасмыкнуў плячамі.

- Хвілінку пачакаем тут, - сказаў гаспадар. - Жанчыны збіраюць на стол, а мы пакуль тут пабавімся, так, панове?!

Пан Бароўскі падышоў да наступнай клеткі. Тут ягоны позірк спыніўся на акне. У ягоным праёме ўбачыў жаўнера. Той стаяў, абапёршыся на стрэльбу, і глядзеў у акно. Бароўскі на некалькі секунд змоўк. Ён зразумеў, што дом абкружаны і ўцячы сыну наўрад ці ўдасца. У галаве ліхаманкава закруцілася - як быць, што рабіць?

2. Адзінае выйсце

Людовік раней бацькі зразумеў, што дом акружаны. Уцячы можна толькі з гарышча на глухую, без вокнаў, сцяну. На гарышча вёў лаз з халоднай залі. Але як зайсці туды, калі там спраўнік і жандар?

Людовік прайшоў у калідорчык перад залай, прыслухаўся да голасу бацькі.

- А ці ведаеце, панове, што ў мяне жыве і нястомная лятуння, што лётам сваім дае насалоду воку далікатнай прыгажосцю сваіх паветраных рухаў, - салаўём заліваўся бацька. - Сапраўдная чараўніца, несумненна, найблізкае сэрцу сялян стварэнне... Ды не толькі сялян...

Як даць зразумець бацьку, каб той вывеў царскіх служкаў прэч?

Дзверы рыпнулі. Людовік азірнуўся - у калідорчык увайшла маці.

- Сыне, навошта табе пісталет?! - спалохана зашаптала яна, убачыўшы ў руцэ сына зброю.

- Ціха, матуля, дзеля Бога, ціха... - Людовік на мігах паказаў, што ворагі побач. - Шапні бацьку, каб вывеў іх з залі... Я пакуль схаваюся...

- Дзе ты, сыне, схаваешся?! - ледзь прытомна прашаптала маці.

- Знайду...

Спалоханая матка пастаяла хвіліну, падумала, зайшла ў залу.

- Прашу прабачэння, панове, - пачуў Людовік ейны голас. - Можна мужа на хвілечку?!

Двух ці трох словаў ёй хопіць, каб бацька зразумеў, што ад яго патрабуецца. Вось маці выйшла, кіўнула сыну, маўляў, перадала. Людовік прыслухаўся да голасу бацькі.

- А на гарышчы, панове, у мяне жыве пячураўка-трашчотка. Яе яшчэ называюць цюкалка. Гэтым летам яна ўпершыню ў мяне адклала яйкі. Пазнавата, праўда. Панове, проша да лесвіцы...

Бацька свядома паказваў гарышча, вёў туды спраўніка і жандара, каб тыя пераканаліся, што на гарышчы нікога няма. Добра, татусь, добра. Тады можна будзе, як жандар і спраўнік выйдуць, пераседзець на гарышчы, нікуды не ўцякаць. Толькі каб пашэнціла.

- Давайце, панове, смялей, лесвіца моцная.

Ага, палезлі. Пэўна, у планы спраўніка і жандара акурат уваходзіла абшукаць і гарышча. Але як знайсці прычыну, каб туды залезці. А тут і галавы не трэба ламаць - гаспадар сам туды вядзе. Людовік пачуў, як над галавой затупалі, бацькаў голас зрабіўся прыглушаным. Цяпер бацька патрымае «гасцей» гэтулькі, што рады будуць уцячы адтуль.

3. На гарышчы

- Я не забаўлю вас, панове, - сказаў Бароўскі, калі спраўнік і Фогель апынуліся пад дахам. - Зазірніце сюды, у гняздзечка. Палюбуйцеся, калі ласка, як па белым тле пушчаны кравяна-чырвоныя, месцамі фіялетавыя плямкі. Гэта яйкі чарацянкі. Яна перасмешка. У ціхія цёплыя ночы другой палавіны чэрвеня і пачатку ліпеня, панове, калі змоўкнуць раскацістыя песні салаўя, панове, чуйнае вуха чалавека, што прывык прыслухоўвацца да галасоў прыроды, з любоўю спыніцца на гуках таямнічых спевакоў, што быццам сабраліся на начны канцэрт: то адна заспявае, то другая. А гэта, панове, усяго адна чарацяначка выспеўвае. Падрабляе слаўку-гаварунчыка, вялікую сініцу, зябліка. Усё ў адной чарацянцы-перасмешніку. Паглядзіце, панове, птушачка сціплая: зверху аліўкава-бураватая, знізу жаўтавата-белая. Мае светлыя палоскі над вачамі. Падобна на пеначак. Але ў іх, панове, выцягнутая ўперад галоўка і хвосцік кліночкам, панове. У пеначак хвост злёгку выразаны...