Выбрать главу

Спраўнік ні на птушак, ні на яйкі не глядзеў. Зазірнуў за стаякі комінаў, а жандарскі капітан рабіў выгляд, што ўважліва слухае.

- Я вас стаміў, прашу прабачэння, але проста вымушаны паказаць вам яшчэ адзін цуд прыроды. Згадзіцеся, што ў назове «лас-таў-ка» - сама пяшчота і любоў. У ім і сімпатыя і дабрыня, з якой адносіцца просты люд да гэтага мілага стварэння. Беларусы...

- Рускія... - хмура буркнуў Фогель.

- Няхай рускія, - ахвотна згадзіўся Бароўскі, - словам, тутэйшыя кажуць: хто раскідае гняздо ластаўкі, таго паб'е на рабацінне. Так бароняць гэта дзіця прыроды ад няўрымснікаў, якія могуць па неразуменню браць яйкі.

Пачуўся грукат, жандар, спраўнік і бацька злазілі з гарышча.

Бацька не спыняў сваёй мітуслівай гаворкі ні на секунду:

- Ластаўка, панове, любіць гнездаваць у хлявах, стайнях, прылепвае кубачкі гнёздаў да шчытоў, крокваў. Яна так лоўка прашмыгвае праз выбітую шыбу ў шчыце, праўда?

Ціха стукнулі дзверы. Жандар, спраўнік і бацька спыніліся ў калідорчыку. Тут, за шафай, прыкрыты скручаным у трубу старым дываном, сціскаў абедзвюма рукамі зараджаны пісталет Людовік.

- Ці ведаеце вы, панове, што нашая звычайная ліцвінская ластаўка... - пачуўся выразны голас бацькі.

- Руская, - упарта настойваў на сваім Фогель.

- ...руская ластаўка, - паправіўся Бароўскі, - зімуе ў Цэнтральнай Афрыцы? Як гэта міла, што ластаўкі, якія жылі ўсё дзяцінства пад саламяным дахам якога-небудзь селяніна, зімавалі сярод чорных мурынаў? У вачах гэтых Божых стварэнняў ёсць, гэтак сказаць, адбіткі жырафаў, сланоў, ільвоў... Не, панове, ідземце на вуліцу. Вы абавязкова павінны паглядзець на ластавак. Увогуле, панове, я сэнс жыцця ў птушках бачу, яны - маё замілаванне, аздоба сэрцу. Як можна жыць без радасці ў душы, панове?

Людовік у напружанні чакаў, калі спраўнік і жандар пойдуць. І тады адкрыецца шлях на гарышча. Першы страх перад прыхаднямі прайшоў. Цяпер Людовік цалкам валодаў сабой, ведаў, што яму рабіць, ацэньваў небяспечнасць свайго становішча. І страху за жыццё не было.

- Птушкі саграваюць душу, лагодзяць, паверце, нават суцішаюць у цяжкую часіну, - аж распінаўся бацька. - Жыць разам з імі лягчэй. Чаму, да прыкладу, садзяць злачынцаў у турмы? Каб не бачылі неба, травы, птушак...

«Бацька, бацька... - падумаў Людовік. - Колькі замілавання і радасці прыносяць табе гэтыя стварэнні. Не туды пульсуе, ляціць твая, тата, энергія. Пра людзей трэба дбаць, пра незалежнасць краю... А то прыйдзе час, і свае ж, тутэйшыя, выракуцца мовы, і кнігаўкі стануць «чибисами», зязюлі - «кукушками», крыжадзюбы - «клестами». А на плісак стануць казаць «трясогузки». Не рускія, не расейцы, а свае янычары зробяць так, каб ніхто і не ведаў, што за птушка гівал ці задзярыхвост, забудуць назвы - цыранка, свіслук, хахатва... А з таго, хто чайку назаве кірляй, стануць смяяцца».

Высока над домам, у густой вяршыні ясеня пяяла туркаўка. Пяяла яна сумна, надрыўна, што аж хацелася плакаць.

Людовік кончыкам пісталета выцер слязіну. Дзверы стукнулі: адны, другія... Пайшлі.

Людовік увайшоў у залю, прысеў, каб яго не заўважыў жаўнер з вуліцы, дайшоў наўскарачкі да лесвіцы. Вычакаў момант, калі жаўнер сышоў з акна - гэта было відаць па штыку ружжа, - узлез па прыступках лесвіцы на гарышча.

Палавіна справы зроблена, але толькі - палавіна. Цяпер дзейнічаць у залежнасці ад абставін: або сядзець як мыш пад венікам на гарышчы, або вылазіць праз слыхавое акенца, скакаць у сад і праз кусты парэчак спрабаваць прабівацца ў лес.

4. Крык ластаўкі

На вуліцы пан Бароўскі на хвіліну замёр, быццам нешта абдумваючы, потым дастаў насоўку, выцер мокры лоб і зноў пачаў расказваць:

- Гляньце, панове, на шчыт. Ластаўка клеіць гняздо з гліны, робіць яго як невялічкую дыньку, шарыкам, з дзіркай у якасці ўвахода. Гэта, панове, гарадская ластаўка.

Фогель і спраўнік недаверліва зірнулі на гаспадара-птушатніка. Арніталагічная лекцыя відавочна зацягвалася.

- Не дзівіцеся, панове. Гарадскім ластаўкам не абавязкова жыць у горадзе, у месце. Ім проста патрэбны сцены, кручы, стромы. Нават на соснах лепяць свае гнёзды, не бачылі? Тут, на франтоне, у мяне вясковыя і гарадскія ластаўкі жывуць разам.