Выбрать главу

Раз-пораз жаўнер азіраўся, каб не засталі знянацку. Ад яго да Людовіка было не больш пяці метраў. Зараз ён пойдзе, здаволіцца і пойдзе, не будзе ж ён абіраць усе парэчкі?

Нечакана жаўнер знерухомеў. Ён глядзеў у глыбіню кустоў парэчак і, пэўна, бачыў Людовіка. Нават жаваць перастаў. Вось ягоная рука папаўзла па ружжы, каб у выпадку чаго зручней перахапіць яго, наставіць на незнаёмца, а гэта значыць - ворага.

Людовік улавіў гэты рух, падняўся на каленях, наставіў рэвальвер на жаўнера і гучна прашаптаў:

- Стой і не рухайся.

Жаўнер перахапіў ружжо.

- Каму кажу! Варухнешся, стрэльну! Уб'ю!

Жаўнер застыў. Немалады, з шырокім, пляскатым славянскім тварам, плячысты і высокі, ён стаяў пад рэвальверам, разгублены, прыгорблены, лыпаў, не ведаючы, што рабіць.

- Стой і не рухайся, разумееш? Не шавяліся, а то стрэльну.

Людовік стаў адыходзіць, выцягваючы ў бок жаўнера рэвальвер, не зводзячы з яго вачэй. Варта было страціць ягоны позірк, як ваяка падасць сігнал сваім. Вось за адну яблыню зайшоў, вось другая... Калі ж будзе плот, за які можна заскочыць, каб схавацца, не стаць мішэнню?! Вось нарэшце і плот, які адгароджвае сад ад невялікай пусткі, за якой дарога, а там густы хмызняк - бярозкі, асінкі і ракіта да балотца. А за балотцам - лес. Людовік пераскочыў плот, азірнуўся. Жаўнер усё яшчэ разгублена стаяў, потым ускінуў ружжо наперавес і рынуўся наперад. Людовік кінуўся бегчы. Жаўнер нешта крыкнуў, але так слаба, што голас яго ледзь чуваць. Вось і дарога, за прыдарожным ровам - хмызняк, там балотца, а там - лес-ратаўнік! Але раптам з прыдарожнага рова паказаліся дзве галавы. І два штыкі тырчаць. Жаўнеры! Божа, сядзіба акружана! Ды яшчэ двойчы - двума ланцугамі.

Кінуўся ўбок, пабег проста па дарозе. Але з-за дрэва, здалёк яшчэ, выйшаў жаўнер. Людовік ускінуў руку з рэвальверам, накіраваў яго на чалавека і, разумеючы, што робіць глупства, і глупства непапраўнае, - яго ўсё-роўна дагоняць і арыштуюць, - націснуў на спускавы цынгель. Не націснуць не мог - невядомая сіла, быццам наканаваны на гэта, - кіравала ім.

6. Райскі падарунак

Глядзець пугача ні спраўнік, ні жандар не пайшлі. Адышлі ўбок і сталі нешта раіцца. Тады Бароўскі распарадзіўся, каб прынеслі на вуліцу тацу з пачастункам. Прыйшла са сподам Лёдзя. Цяпер яна абутая ў старых чаравіках.

- Панове, - гаспадар падняў малюсенькую чарку, - а ці ведаеце, што шпакі зімуюць у Італіі і на поўдні Францыі? Уяўляеце?! Нашыя шпакі зімуюць у гэтых краінах.

- Ці не намякаеце вы на польскую эміграцыю? - з усмешкай сказаў капітан. - І што туды ўцячэ ваш сын...

Бароўскі спалохана адхіснуўся ад Фогеля.

- Якія палякі, васпане, якая эміграцыя?! Мы - каталікі, гэта так, але да палякаў, гэтых спаконвечных бунтаўшчыкоў і ўзмуціцеляў дзяржаўных асноў, не маем аніякага дачынення. Ведаеце што, панове, запрашаю восенню на вальдшнэпавую цягу...

- А хіба на вальдшнэпа палююць восенню? - здзівіўся Фогель.

- Здараецца, што і восенню, - сказаў гаспадар. - Вальдшнэп, ён жа слука, вальшня, яшчэ і слонка. На слонак, панове, самае паэтычнае і хазардовае паляванне.

- Во, зноў польскае слова праскочыла... - адзначыў спраўнік і безнадзейна махнуў рукой.

- Вясной паляваць на слонак лепей. Але і восенню, бывае, слонкі высыпаюць у якім-небудзь лесе, сядзяць, жыруюць. Можна тады са стрэльбачкай і пахадзіць...

У гэты час прагучэў дзіўны гук. Быццам нешта гучна лопнула. Спраўнік і жандар перазірнуліся. Ці падобны гук на прыглушаны стрэл? Не з армейскага ружжа, але з рэвальвера. Бароўскі не падаў выгляду, што нешта пачуў. Толькі ў каторы раз пабялеў.

- У нас, на Магілеўшчыне, - сказаў Фогель, каб разрадзіць напружанасць, - шмат казадояў.

- Казадой, панове, гэта па-руску. Тут я спрачацца не буду. Па-нашаму, скажам так, - лагодна гаварыў тым часам пан Бароўскі, - па-нашаму, па-ліцвінску, ляляк, або лежань. Я ж казаў вам... У клуні ёсць... Ляляк і пугач... Птушка гэтая, панове, велічынёй з зязюлю. Мякка так лётае, слізгае і гуляе ў паветры, быццам ластаўка. У немцаў нават называюць начной ластаўкай - Nachtschwalbe. Рот, панове, у леляка да вушэй, з жорсткімі шчацінкамі. Хапае бамбавозаў, хрушчоў і ўсялякіх начных матылькоў.

- Мы паедзем, - раптам сказаў чымсьці абрадаваны Фогель.

- Выпіце на дарожку і едзьце, панове, - сказаў Бароўскі і прадоўжыў, ад нервовасці не могучы стрымацца, сваё гаварэнне пра птушак: - Ляляк адлятае ў вырай у верасні. Само сабой, ляціць толькі вечарам. Птушка карысная. Але, на жаль, маладыя і дурнаватыя паляўнічыя любяць стрэльнуць па леляку. Ці ж гэта вялікая атэстацыя стралка?

- Згодныя і мы, што не вялікая, - сказаў Фогель. - Дзякуй, васпане, за гасціннасць. Паедзем, час. Дык, пане Бароўскі, кажаце, няма вашага сына ўдома?