Залацістая шчурка, або пчалаедка, якую пан Бароўскі атэставаў ледзь не як райскую, як толькі жаўнер адчыніў дзверцы, адразу выпырхнула, узнялася высока ў неба, зрабіла невялікі, нібы развітальны, круг і роўненька, як па шнурку, падалася на поўдзень.
Вучоны шчыгол не хацеў вылазіць з кінутай клеткі. Жаўнер засунуў руку ўсярэдзіну і спрабаваў злавіць птушку. Шчыгол балюча ўшчыпнуў жаўнера за палец. Фогель загадаў бегчы да сваіх.
Рота пайшла далёка наперад, жандар і спраўнік падаліся следам. Вучоны шчыгол насіў пустое вядзерца, чэрпаў і чэрпаў з пустога карытца, пераносіў і пераносіў паветра з аднаго кутка клеткі ў другі, хоць дзверцы на волю былі адчыненымі.
РАЗДЗЕЛ XVIII. «Апошні наезд»
1. Калоднае
Людовіка судзілі ваенна-палявым судом і прысудзілі катаргу. Стары Бароўскі рады ўжо быў таму, што не павесілі.
З Польшчы прыходзілі неверагодныя навіны. Казалі, што паўстанцы стваралі аддзелы ўласнай палявой жандармерыі. За шпегства, даносы і супрацоўніцтва з расейскімі ўладамі сваіх жа вешалі на тэлеграфных слупах.
У Расеі, наадварот, пачаліся маніфестацыі антыпольскіх настрояў - быць палякам рабілася небяспечным.
Стала вядома, што аднекуль з Валыні прабіваецца на ўсход партыя нейкага Кракаўскага. Царскія войскі пераследуюць паўстанцаў след у след. У мястэчка наехала казакаў, прыбылі дзве роты стралкоў. Берагі Гарыні патруляваліся казачымі раз'ездамі, а два паромы праз раку - у самім мястэчку і ў блізкай Дубровіцы - ахоўваліся ўзмоцненымі атрадамі расейцаў.
Папаўзлі страшныя чуткі - вёскі, жыхары якіх падазраваліся ў падтрымцы паўстанцаў, палілі дашчэнту, а сялян разам з сем'ямі і маёмасцю гналі ў туркестанскія стэпы. З панамі, шляхтай рабілі іншае - арыштоўвалі маладых людзей, абвінавачвалі ва ўдзеле ў інсурэкцыі, а потым патрабавалі хабар за вызваленне.
«Вось ён, расейскі інстынкт», - спамінаючы пра паводзіны Фогеля, думаў Урбановіч.
Нечакана зусім блізка ад мястэчка па балотах з'явіліся паўстанцы Кракаўскага, насамрэч, як стала вядома ад расейскіх афіцэраў, якія часам наведвалі эканомію, гэта і была партыя таго самога Траўгута, які слыў за адважнага і ўдалага камандзіра. Дзіва што, сам вайсковец, удзельнічаў у нядаўняй Севастопальскай кампаніі, кобрынскі абываталь Рамуальд Траўгут ведаў слабыя месцы вайсковай арганізацыі расейцаў, і гэта абумоўлівала ягоныя поспехі. Але, пэўна, не гэта рабіла былога падпалкоўніка расейскіх інжынерных войскаў зманлівай здабычай царскіх сатрапаў. Траўгут за жонку меў унучатую пляменніцу самога Касцюшкі. А гэта ўжо вялікая палітыка.
У мястэчка і ваколіцы прыбывалі ўсё новыя роты расейскіх жаўнераў. З кожным днём іх рабілася болей і болей, і неўзабаве стварылася ўражанне, што ўся Расея атабарылася ў павеце. Пяхота, казакі, жандары, артылерысты, абозы, медычныя фургоны запаланілі дарогі, стаялі ў вёсках, на хутарах. Па лясах безупынна стралялі, штодня ў мястэчка прывозілі на сялянскіх падводах забітых ці параненых расейцаў. Урэшце пад Калодным, зусім блізка ад маёнтка Буевічаў, аблажылі самога Траўгута. У паветры стаяў безупынны трэск стрэлаў, чулася басавае гаханне гармат. Траўгут змог вырвацца з аблогі. У палон расейцы захапілі толькі параненых, якія не маглі самастойна рухацца. Астатнія разбіткі хаваліся ў багнах непралазных Пінскіх балот, у затопленай альховай альсе, сярод мора прыпрыпяцкіх лазовых хмызнякоў.
Урбановіч бачыў, што ягоная жонка прыгнечана самім толькі выглядам расейскіх багнетаў, шабляў, коней, фурманак, афіцэраў, кавалерыстаў, фуражыраў, кварцір'ераў. Ён і сам быў уражаны такой процьмай царскага войска. Здавалася, за кожнай бярозай ці алешынай стаіць узброены да зубоў расеец, як след апрануты і накормлены. Стаіць і ўхмыляецца. Маўляў, якой бы вам, ліцвінам, свабоды ні хацелася, нас, расейцаў, гэтулькі, як кедраў у Сібіры, як вады ў Волзе, - і мы змусім вас рабіць тое, што хочацца нашаму цару-бацюхну, а не вам самім паводле «польских мечтаний».
Адгрымела Калоднае, і войска паменела. Пяхотныя роты расейцаў пайшлі калонамі на захад. Па лясах ужо і не стралялі, толькі зрэдку рэха даносіла аддаленыя, заглушаныя, як бы аслабленыя стрэлы ці то паўстанцаў, што ўсё яшчэ бараніліся, ці то расейскіх жаўнераў, якія палявалі на ўцекачоў.
Аднойчы Аксана ездзіла да бацькоў і вярталася ў эканомію праз мястэчка. Каля карчмы пачула крык, убачыла Яся Кавальца. Юнак нечага цягаў на пастронку свайго ваўка. Уздоўж вуліцы стаялі высокія, у рост чалавека, вазы, у якіх гарадзенскія ганчары звычайна вазілі ўласную прадукцыю: гаршкі, збанкі, макітры... На зямлі каля аднаго воза на расшкуматанай саломе ляжалі пабітыя гаршкі.