Выбрать главу

- Прабачце, васпане дзядзьку, midi - гэта полудзень, а не раніца...

- Гэта ты - мне? - Буевіч пагрозліва глянуў на Кавальца. З-пад густых русых броваў чырванелі жылкамі злосныя вырачаныя вочы. - Я кажу - ты мне мову французскую папраўляеш?

- Але ж midi - не раніца, здаецца...

Кавалец пашкадаваў, што зрабіў заўвагу.

- Ах ты, смаркач! - выбухнуў на ягоныя словы Буевіч. - Я к табе як... да чалавека, да сваяка, а ты, цецярук балотны, нявыхаваная пыса... Невук, басяк, халоп!

Ясь адступіўся ад пана - ненарокам ударыць. Успышка гневу прайшла. Буевіч агледзеўся каламутнымі вачамі.

- Гэй! - раптам гучна раўнуў пан Буевіч. - Людзі! Ідзіце сюды. Усе - сюды, хто прыйшоў.

Сяляне, якіх за гэты час крыху паболела ў двары, стаялі, маўчалі, баязліва перамінаючыся з лапця на лапаць.

- Гэй! - крыкнуў п'яны памешчык. - Даю вам свабоду. Ад гэтай хвіліны вы - вольныя.

Мужыкі насцярожана пазіралі.

Буевіч скінуў са спода начынне, грукнуў у яго, як у бубен, і крыкнуў:

- Вы - вольныя, кажу. Ідзіце ад мяне. Я даю вам волю!

Буяны пан, грукаючы ў спод, пайшоў па крузе, спрабуючы вытанцоўваць. Ногі ў яго, зрэшты, як і язык, запляталіся.

Цімох, які падышоў знекуль збоку да Кавальца, прашаптаў:

- Зноў дурэе. Учора вечарам так, выбачайце, нарэзаўся, што з валамі цалаваўся. Хутчэй бы пані Цэцылія прыехала пана ўгамоньваць.

- Вы - вольныя, - урачыста, нацягнутым голасам выгукнуў пан, на гэты раз з высокага ганка. - Якой халеры вы стаіце тут? Волю даю, волю вам даю!

- А паночку, а куды ж ты нас выганяеш, а што ж мы будзем рабіць без цябе... - пачала плакаць з падвывам нейкая ўдава.

- Ідзіце прэч! - стомлена рэкнуў пан. - Бачыць вас не магу!

- Пане Купрыяну! Выбачайце... Чым жа пана так угнявілі?! Нам цар волю дае, дык мы не хочам браць... Нашто нам воля з голым садном, паночку... - пачуліся і мужчынскія галасы.

- Я сказаў - мае вочы вас бачыць не хочуць.

І раптам пан сеў на ганак і моцна заплакаў.

- Паклічце Хрысцю... - даў знак некаму Цімох, падняў з зямлі квадратовую бутэльку і панскі кубак, пляснуў гарэлкі, спаласнуў, наліў, выпіў, гідліва крэкнуў і весела прамовіў, звяртаючыся да Кавальца: - Пан п'е, а за ім і дворня.

Каля п'янага пана завіхалася Хрысця. Буевіч учапіўся за яе рукі. Дзяўчына ласкава ўгаворвала гаспадара ісці спаць, шаптала нешта, а Буевіч толькі скіргітаў зубамі.

- Цімох, - паклікаў Кавалец распарадчыка, - ты мне хоць аўса насыплеш?

- Які авёс, панічу? - здзівіўся Цімох. - Мо яшчэ рубель папросіш?

- Ты ж распарадчык.

- Э-э, братка, - Цімох наморшчыў лоб. - Які з мяне распарадчык. Каб ты ведаў, чаго мяне пан трымае...

- Ведаю, - прамовіў Ясь. - Ты яму абяцаў паказаць прошчу ў Графскай пушчы... Ну, дзе звяры хаваюцца...

- І пан так думае, што ведаю, - пачухаўся Цімох. - А я, братка, не ведаю. Далібог, не ведаю. Гэта табе, Ясю, звер у рукі даецца, а я, выбачай Госпадзі, у лесе так, недарэка нейкі.

«Толку не будзе... - падумаў Ясь. - Прапаў рубель за фурманства. Дзякуй, Божа, што за сваяка прызнаў, са двору не прагнаў...»

Было часам і так.

РАЗДЗЕЛ V. Мужычы сын

1. Карчма пры дарозе

Артур Буевіч, як расстаўся з хлопцамі, без асаблівых прыгод давёў спадарожнікаў да Лэйбавай карчмы, дзе ландара канчаткова развалілася. Успаролі гаспадара. Лэйба пачаў завіхацца, квактаць, што такім яснавяльможным панам ніякага камфорту не зробіць.

Брытанец зазірнуў у цёмную, душную карчму, спытаўся нешта ў Артура.

Буевіч ацёр стомлены твар, звярнуўся да Лэйбы:

- Як наконт скакуноў?

- Якіх, паночак, скакуноў? Зроду коні не трымалі...

- Э-э, ды не пра коні кажу, а, прашу прабачэння, пра блохі...

Карчмар на нейкі момант зніякавеў, потым шапнуў:

- А куды ж без іх, пане.

Ландарай адгарадзілі закутак, паставілі туды паненцы ложак, на другі бок ландары саставілі дзве лавы брытанцу, паклалі сеннікі, пакрылі капамі. Лэйбава жонка тым часам раскатурхала дачок напіхваць у навалачкі свежае сена...

Буевіч у карчму таксама не пайшоў - на ўласнай скуры ведаў, якія кусачыя ў Лэйбы «скакуны». Прылёг разам з фурманам на сене - ноч цёплая, ды і колькі той ночы засталося.

Раніцай, калі ўжо добра ўвіднела, Артур прачнуўся ад звону цугляў. Глянуў - каля карчмы стаялі жандарскія коні. Што такое? А вунь пан афіцэр, капітан Фогель, прэцца. Вочы чырвоныя, пэўна, не спаў ні хвіліны.