Выбрать главу

Паляшук агораўся, як ужо добра паднялося сонца, доўга піў ваду з драўлянага смярдзючага вядра, з якога напаіў і кабылу. Памацаў увязаныя рэчы, адкалупнуў лапцем накарэлую гразь з вобада, дастаў з барады саломіну і сеў у вазок. Палез у вазок і настаўнік. Стаялі, не ехалі.

Карчмар падышоў і сказаў у вуха настаўніку, што грошай больш у селяніна няма, а належна зрабіць «кручок на ход нагі». Настаўнік загадаў наліць.

Паляшук пасля чаркі павесялеў, кабылка сама патрухала па дарозе. Праехалі некалькі вёсак. Усё часцей сталі сустракацца алешыны, і ўсё часцей бліскала вада ў прыдарожным рове. Ехалі моўчкі - новаспечаны фурман нешта мармытаў сваёй пузатай кабылцы ды пасцёбваў яе вяровачнай пужкаю на бярозавым дубцы. Ніводнага калодзежа ў вёсках не мінаў: піў сам, паіў і кабылку. Настаўнік заўважыў, што кабылка піла, як і гаспадар, - нямерана. Вада з яе горла нават вылівалася назад, а яна ўсё цмокала і цмокала.

- Ну, скажы, як цябе хоць зваць? - спытаўся настаўнік, як зноў паехалі.

Селянін памаўчаў, потым сказаў наступнае:

- Тымух... Купрыяна...

- Як, як?

- Йвана... Румана... Тымух!

- Дык як жа? - паціснуў плячамі настаўнік.

Але селянін не сказаў больш ні слова. Відаць, ад учарашняга яму было кепска. Настаўніку хацелася пагаварыць, але як ён ні спрабаваў распачаць гаману, возчык адмоўчваўся або адказваў бязладна. З адказаў пан зразумеў, што селянін - казённы, зямлі мала, ды і тая нішчымная, - працуй ці не працуй, не разбагацееш.

«Вось цёмны, дык цёмны...» - падумаў настаўнік і аддаўся току ўласных думак. Ён усяляк намагаўся ўявіць маёнтак, куды ехаў, гаспадароў, якія выпісалі яго, тых дзяцей, якіх яму належала вучыць. Уяўленне малявала высокія белыя калоны старасвецкага будынка, выкшталцоных паненак-дзяўчатак. І сярод іх адна, чый пагляд праб'е яму сэрца навылёт. Яны пакахаюць адно аднаго, а там, глядзіш, дзяўчына падрасце і...

Далей мара ператваралася ў дрымоту, бо мяккія пясчаныя каляіны не перапынялі сон здаровага маладога чалавека.

3. Гладкая дарога

Прачнуўся настаўнік, калі абапал дарогі замест высокага лесу беспарадкавымі нізкімі купамі цягнуліся лазовыя хмызнякі. Кабылка бегла спраўна, прычым заднія ногі беглі ўбок, рыхтык хацелі забегчы за пярэднія. Часам дарога запаўзала ў балотца і пад коламі чвякала.

Вось дарога ўпаўзла ў невысокі альховы лес і каляіны яе нечакана зніклі пад вадой. Наперадзе быў прасцяг - ракі не ракі, возера не возера - вада сажняў на трыста наперад. Аб'езду ні справа, ні злева не відаць.

Кабылка пацягнулася мордай да вады, а фурман саскочыў і таксама кінуўся наперад. Настаўнік падумаў, што Цімох (так азначыў называць свайго возчыка) пап'е сам ці, у крайнім выпадку, напоіць сваё цягло, якое піло, быццам пасля ўчарашняга, але паляшук пялёхнуў рукой у вадзе, сеў у вазок і торгнуў лейцы. Кабылка скасавурыла вока на свайго гаспадара. Цімох сцёбнуў яе пугай.

Маладога настаўніка забрала жуда. Няўжо яны... паедуць у гэтую ваду? Паплывуць, ці што? Недалёка з густога рагозу знялася чарада дзікіх качак.

- Но-о, сабачыя вантробы! - гукнуў фурман і свіснуў пугай.

- Куды ты едзеш! - ашаломлена ўсклікнуў настаўнік.

- Дык, пане, гэта... - буркнуў паляшук. - А то - не!

- Гэта ж вада! Утапіць мяне хочаш? Шукай дарогі.

- То, васпан, і е дарога, а гінчай тута няма. Гладчэй дарогі не, не знойдзеш.

І з гэтым словам моцна выцяў пугай каняку, якая тапталася на месцы і не хацела ісці ў ваду. Не дапамагло і гэта. Тады Цімох падсунуўся да перадка і стаў таўчы жывёліну лапцем у хвост. Кабылка захадзіла па беразе, мужычок насцёбваў яе пугай і пры кожным удары нагі і пугі прыгаворваў:

- То йды, чого стала, мязджэра старая...

Кабыла патапталася-патапталася на месцы, потым з усяго маху рванула ў ваду. Скокнула, як скачуць з абрыву. Вазок ірванула, настаўнік пакаціўся ў ім дагары нагамі.

- Куды! - закрычаў ён ад страху, учапіўся ў біліну, каб выскачыць, але не паспеў, бо кабылка скокнула зноў, пад калёсамі некалькі разоў стукнулі нябачныя ў вадзе і твані бярвенні.

Некалькі разоў кабыла тузала вазок наперад, потым спынілася. Настаўнік перакруціўся ў вазку і з жахам убачыў, што кабылка стаіць па пуза ў вадзе. Воз пачаў намакаць. Настаўнік ускочыў на ногі і стаў выглядаць купіну, каб саскочыць. Ніякай купіны нідзе не было. Няўжо трэба скакаць у ваду? Яго ўтрымала ад скачка тое, што возчык сядзеў сабе на папярэчцы і... ціхенька пасвістваў.

- Мы тонем! - разгублена прамовіў настаўнік. - А ты...

- Сядзі, пан, - выразна прамовіў Цімох, - калі па вухах пугай не зарабіў. Не бачыш, што Ліза робіць?