Выбрать главу

Ясь прыгладзіў на шырокіх маладых грудзях выбеленую сонцам ляновую вышыванку, кінуў світку ў дубок, адштурхнуўся вяслом...

- Ты, сынок, на людзях будзь рахманы... - папярэдзіла маці. - Не маніся ні перад кім, што мы - шляхта. Якая ўжо мы шляхта...

Юнак кіўнуў галавой:

- Добра, мамо...

- Абяцаеш? Ну, Бог табе ў помач. Сурдут і боты ў мяху...

Сядзіба Кавальца аточвалася з трох бакоў ракой. У вялікую ваду апыналіся рыхтык на востраве. Тут зручна, хоць ворыва і няшмат, дзесяцін сем, але рэшта зямлі лічы што твая. Тут і ляску дзесяцін пятнаццаць, грудковага лугу гэтулькі. І ніхто не перамерае, не адрэжа, бо наўкола балота, старыцы. Прывыклі. Калі лета сухое, нават проса на ўзбалотку сеюць. І вырасце. Тут і сам вырас, як тое Божае проса... Быў Ясюлечкам, матчыным выпесткам, потым стаў Ясюком, далей - Яськам. Цяпер вырабіўся на Яся.

Ад вялікага палатнянага меха несла чэмерам. Кладуць карэнішчы, каб моль не паела сурдут, а жукі-кажаеды не ўсмакавалі боты. Боты ўзяў, бо пойдзе да пані Ўрбановіч. Кніжкі дае. Каб толькі яе мужа аканома, брата свайго, не сустрэць. Не любіць з ім сустракацца. Такі фанабэрны - жах. Без сурдута не паказвайся. А свой жа! Ажанчэлы вырабіўся, распешчаны раскошай. Апошнім часам увогуле на расейца наламваецца... Брат... Брат слова па-людску не вымавіць, га-ва-рыт ды гаварыт... Хоць бы ўжо пшэкаў...

На адкрытай вадзе зрабілася ветрана. Надзеў світку. Світка бацькава, новая, але ўжо з латкай на локці і вялікага зайздроства не выклікала. Але, як кажуць, мілая латка і ад роднага таткі. Хлопцу хацелася пахарашыцца, ды не перад панамі ці паненкамі - перад вясковымі дзяўчатамі.

Выплыў на вялікую ваду, убачыў блакітны купал царквы на Манкевіцкай гары - так называлі высокі бераг Гарыні, на якой стаяла мястэчка, - пагнаў човен штуршкамі вёслаў да супрацьлеглага берага. Во дзе радзіма... Рачны прастор, рака, якая з вясны яшчэ не ўвайшла ў берагі. Быць тут, жыць тут, векаваць... Толькі тут, на радзіме, жыццё можа быць поўным, насычаным, расфарбаваным. А няволя? Край забраны? Гэта яшчэ варта паглядзець, ці няволя, ці край забраны... Гэта ўсё панічам няймецца, нейкай волі хочацца. Рабіць няма чаго, ад кніжак усё то, ад нядобрых... То д'яблавы папусканні. А ты любі гэты ўквечаны бераг, сінечу неба... Уночы - россыпы густых зорак. Не, такіх зорак няма нідзе на свеце, так Сахачы - Вялікая Мядзведзіца, не ззяюць нідзе. Пабыў, пабачыў... У Маскве ўсё іначай - і людзі інакшыя, і неба высачэзнае, нямілае. Тут - мілей, бо ўсё сваё, вядомае...

Расчулены, Ясь зняў шапку і стаў маліцца свайму святому. І маліўся ён так: «О мой святы, евангелісты Іяан, паглядзі міласціва на нас, недастойных рабоў Божых, мяне і маіх крэўных і тых, хто мяне не любіць...»

Змоўк, падумаў, успамінаючы, хто яго вораг ці каго ён пакрыўдзіў, і чамусьці ўспомніўся Стасік...

«...І на Станіслава Буевіча паглядзі, і адхадайнічай нам усім жыццё ціхае і бестурботнае, і да вечнага царства шэсце няўхільнае тваім заступніцтвам... - І разам з імем і вобразам Стасіка ўсплыў вобраз і ягонага брата Артура, а разам з гэтым - скрынка, напоўненая зброяй. Зброя - гэта сур'ёзна, гэта страшна, гэта... - Не, скончу малітву... Няхай захавае нас Госпадзь Бог сваёй дабрадаццю ў спогадзі, здароўі, даўгалецці і ўсякім дабрабыце ў найдаўжэйшыя леты. Заўжды славім і бласлаўляем Бога ў Тройцы свяцей свяцімага і цяпер, і заўсёды, і ва векі вечныя. Амін...»

4. Сварка

Ясь выплыў да лодачнага кірмашу. Новыя лодкі, чаўны, дзяўбанкі соладка пахлі свежай драўнінай. Гладкагабляваныя вёслы, чэрпанкі бялелі і жаўцелі на святле сонца. Вышэй, на схіле берага, прадаваліся цэбры, начоўкі, лапаткі-веялкі, сявенькі. Вышэй схілу, ужо на роўнядзі, стаялі вазы з гаршчкамі, збанкамі, гладышамі, макітрамі, глякамі... Новымі, чыстымі, звонкімі. Далей была ўласна гандлёвая плошча, там густа вішчалі парасяты, гагалі гусі... Паўсюль гамана, хапаюць за рукі, крычаць, лаюцца... Пахне дзёгцем, сырамяццю, з карчмы ідзе пах смажанай цыбулі. Дзеці з глінянымі свісцёлкамі бегаюць, блытаюцца ў нагах. Адным словам - кірмаш як кірмаш. Гул, шум, таўханіна.

«Людзі жывуць сабе, а недзе на разбураным млыне ляжыць скрынка, - падумаў Ясь, - поўная замежнай зброі, ніколі не бачаных вайсковых стрэльбаў... Кожная стрэльбіна можа стрэльнуць не адну сотню разоў... Гэта што? Новы закалат, вайна, паўстанне? Цьху ты, прычапілася гэтая зброя... Утапіць яе ў бучы за млыном. Ніхто не дастане...»