Выбрать главу

Ясь спыніўся паглядзець, як жыд таргуе цяля; паслухаў, як цыган хваліць кабылу; дапамог малазнаёмаму падпанку ўтаргаваць рубель у рымара за новую збрую. Тут прадаюць бітую птушку, там - жывых зайчанят, недалёка - прапануюць гарачыя блінцы, бублікі, калачы...

«Не, ну іх... Належыць свайго старацца...»

Кавалец пайшоў да будак, у якіх сядзелі жыды. Паказаў з-пад палы куніцу, і хоць лета было, далі добрую цану. На футры меў свайго кушняра, які баяўся, што Ясь стане аддаваць свой тавар другім. А гэты паскупіўся, яшчэ вясной, і Ясь прытрымаў футры. І вось - дамогся свайго.

Цяпер самы час разабрацца з жывой рыбай, якой поўны саж. І вось - радасць! Нечакана перастрэў Цімоха.

- Мо рыбка ёсць? - спытаўся Цімох.

- Ёсць, а як жа, - адказаў Ясь. - Толькі табе не прадам.

- Чаму гэта, васпане?

- Па-першае, ці дасі хоць тры капейкі за фунт? А па-другое, - Ясь хітра паглядзеў на Цімоха, - вы, дзядзьку, не хочаце мне прошчу ў Графскай пушчы паказаць...

- Вам пакажы, - раззлаваўся Цімох. - Усё выдушыце...

Тым не меней слова за слова - змовіліся і з рыбай. Цімох нават накінуў капейку на фунт - на нясплачанае фурманства. Чаго шкадаваць панскія грошы. Ясь дапамог Цімоху перанесці рыбу ў падводу. Там яго чакала неспадзяванка - Артур. Во адкуль у Цімоха грошы!

Як убачыў Артура, ледзь не млосна зрабілася - перад вачамі адразу паўстала скрынка са зброяй. Малады Буевіч паклікаў Яся да сябе, яны адышліся ўбок, і паніч падрабязна распытаў, ці надзейна схавалі скрынку. Як даведаўся, што Кавалец збіраецца ў эканомію, папрасіў зрабіць сакрэтную паслугу.

- Сакрэтную? - насцярожыўся Ясь.

- Перадай аканомавай жонцы - зразумела, каб аканом не бачыў, вось гэтую во цыдулку.

- Толькі і ўсяго? - здзівіўся Кавалец.

- Схавай... - шапнуў Артур.

Каб не дзіўнае даручэнне, Ясь ганарыўся б прыбыткам. А так патрымаў грошы ў руках, памацаў, пагладзіў, паскубаў асігнацыі - рэдка бывае такая ўдача - прадаць усё, ды яшчэ так выгадна. Запхаў свой скарб у гаманец, або, як казалі ў іх - каліту, азірнуўся, каб ніхто асабліва не бачыў, у асобную кішэньку запакаваў дадзеную Артурам цыдулку. Цікава, што ў ёй напісана? Ці не звязана гэта з той небяспечнай скрынкай?

Ат, гэта іхныя панскія справы. Ён сваю «пшаніцу» прадаў. Цяпер як сапраўднаму гаспадару можна і ў карчму зазірнуць. Не дзеля чаркі - дзеля гутаркі. Проста так гадзіну пабавіцца, паслухаць, што мужчыны кажуць. Пэўна, Урбановічы яшчэ ў царкве, да іх рана.

Жаласліва скігліла жыдоўская катрынка. Ясю прапаноўвалі хусткі з яскравага краму, папяровыя кветкі, прывезены� з Кіева алеаграфічныя друкі з выявамі царскай фаміліі. Купіў цукерак, падфарбаваных чырвоным бураком, і вялікі пернік. У карчму не стаў і заходзіць; убачыў, што шляхцюкі, з шарачковых, выйшлі цэлай галдою з карчмы, пэўна, пілі нечы магарыч, селі на бярвеннях каля прычала, абкурваюць новыя люлькі, палітыкуюць, гавораць пра цара, пра зямлю, пра Вільню - ды мала пра што можна гаварыць, калі сабрацца ў нядзелю на кірмашы...

Спрачаюцца з імі сяляне, хто з багацейшых ды смялейшых, рэжуць праўду-матку ў вочы, бо што-то за шляхта? З такой шляхтай і чарку можна ўзяць, і абняцца, і песню праспяваць. А бывае, добра выклаўшы бокі, і паваляцца разам пад плотам.

Ад бярвенняў увесь кірмаш відзен як на далоні. Гарынь уся таксама навідавоку, блішчыць, радуе вочы прасторам. Свежа, чыста, хораша. Недалёка Манкевіцкі стары парк насунуўся гарой вершалінных купаў на бераг ракі, праз рослю пракаветных дубоў ды грабаў чырванеюць цэглай разваліны старога палаца. Там колісь жыў сам граф, магнат, ды пасля падзей, якім ужо больш чым паўстагоддзя, пасля Напалеона, пасля закалату 30-х гадоў няма нікога, аджылі, адбылі. Хто ўцёк за кардон, у эміграцыю, хто прапаў у Сібіры. Зрэшты, як расказваў дзед, граф, ягоная жонка і графяняты і раней не асабліва запыняліся тут - усё па Вільнях, Нясвіжах ці ў Варшаве балявалі...

Падышоў да бярвенняў і Кавалец. Стаў пры боку, каб асабліва не лезці шляхце ў вочы. Ведаў - шляхцюкі жывы не будуць, каб не падкусіць. Надта смачна ім кусацца, бо ведаюць, якая ў жылах Кавальца кроў, але носіць сярмягу.

Якраз пан Пратасавіцкі і пан Кудліцкі, аматары памалоць языкамі, некага абмяркоўвалі.

- У яе грудзі? У яе дві сорочыны яйці... - гарачыўся пан Кудліцкі, шалоцячы на тутэйшы манер. - Як з дзяцінства кохвіем затруцілі...

«Пра каго гэта ён так?» - падумалася. І зразумеў, гутарка ішла пра дачок загарынскай пані Цэцыліі Ўрбановіч.