Выбрать главу

- А ногі? Праз яе ногі сабака праскочыць. Купалася раз, бачылі... Сарочка аблепленая была... Бачылі, якія ў яе ногі... Няма ў яе ног. Ці яна жала калі, ці снапы вязала? Не! Два крывыя дрыны, а не ногі. Вунь пані Ўрбановіч, Аксанка Вабішчэвічава, выбачайце, - Кудліцкі на паўтону знізіў голас, - тая і жала, і вязала, і касіла нават, сам бачыў... То ў яе і хвігура! Як у таго гіпсавага статуя, што ў васпана Шаламіцкага пасярод саду. І хвігура, і цыцкі, і ногі - усё як трэба.

- У Аксаны ногі е... О, Аксана. Каб не спяшалася, а васпана Штыхецкага пачакала з Мазыра, то сшлюбавалася б з сапраўдным дваранінам. А то аканом які дваранін? Пісаў, пісаў, каб даказаць дваранства, ды і, грэц яму, ні фігі не дапісаўся. Дарма што аканом... Каб не нябожчык Урбановіч...

- Цар не любіць гэткай шляхты, як вы, панове, - перабіваў шляхцюкоў нейкі загарынскі селянін з чорнай барадой. - Цару мужык любы, бо на мужыка адна спадзеўка.

Ні Кудліцкі, ні хто іншы са шляхты не звярталі на словы селяніна, ды яшчэ загарынскага, увагі. Звычайна яны, палешукі з-за ракі, былі не тое што малога росту - недаростачкі. Як дзеці, а на дзяцей у кампаніі дарослых ці звяртаюць увагу.

- Хто, васпане, яго, цара, корміць? - тым не меней надрываўся, ледзь не выкрыкваў словы, селянін. - І цара і енералаў ягоных? Мужык харчуе, ці не так? А тут раптам усе панамі захочуць быць? І я прадам зямлю, зараблю грошай, падкуплю каго трэба, і я - пан, куплю сурдут, кожны дзень буду чарку мець, нос у табацы, пра палітыку балбатаць - і я пан?!

- Ты панам станеш? - не вытрымаў Кудліцкі. - Цьху!

І адвярнуўся ад селяніна. Наўмысна працягнуў сваю гаману:

- Не... Наша Аксанка - зграбная, як яшчурка. Аканому не па губе сала дасталося. Каб не Ўрбановіч-нябожчык, то як бы ён сваё шляхецтва давёў?

- Цішэй, меншанькі Кавалец стаіць...

- Ну і што? Хай сабе стаіць... У яго свой бацька... - азваўся на гэта Пратасавіцкі - другі пан. Шляхцюкі заўжды стараліся бараніць адзін аднаго. - Я і пры ім, Ясіку, скажу, што пан Ежы Ўрбановіч - птушка невысокага палёту. Што ўжо я з фанабэрыяй, - Пратасавіцкі крыху панізіў голас, - а ён-то зусім г... напханы.

- Не абгаворвайце брата, - рэкнуў Кавалец. Яму было непрыемна, што гаварылі пра аканома і ягоную жонку.

- О тах-тах! Брата абразілі... Якое тваё дзела?! Ты - мужык, свінячае вуха...

Шляхта загыгыкала. Ясь сціснуў вусны. Тросся жывот у пана Таўкача, што сядзеў за Столінскім борам, падрыгвала казліная барада ў пана Заціркі, што меў шмат лесу.

- Так, я мужык, але... Але... - Кавалец выступіў з-за штабеля дошак. - Але і я чалавек, і пан Урбановіч таксама чалавек. Што ж яго абражаць?

- Чалавек? Паляшук ты, а не чалавек, - рагатнуў пан Пратасавіцкі. - Як усе гэтыя, - паказаў на мужчыну з чорнай барадой.

Кавалец зачмыхаў ад гневу. Гатовы быў біцца. Але ж грэх і смех звязвацца з засцянковымі панамі.

- Яны спяць покатам на саломе... Мужчыны і бабы іхныя! Ты, Яська, скажы, мужык ты ці не?

Належала вытрымаць і гэтую абразу. Ці варта агрызацца, паказваць зубы.

- То ніц, што твая маці шляхцянка, - патлумачыў Пратасавіцкі. - Якая з яе шляхта, калі выйшла за мужыка. А як твой бацька мужык, хлоп, то і ты - хлоп. Таму стой і маўчы. Стой і не адзывайся.

Паны з шляхты самаўпэўнена ўсміхаліся. Добра Пратасавіцкі дае выспятка мужычаму сыну. Ясь збялеў, потым чырвоная, ледзь не малінавая барва пачала заліваць яму шыю, шчокі. Ён адчуў, што шалее. Яшчэ міг - кіне біцца. Яго абазвалі хлопам. Каб яшчэ селянінам - паўбяды, а то - хлопам.

- Ну, паны-браточкі, - сказаў пан Зацірка, якога стары Кавалец не раз браў высочваць барсукі. - Кавалец з даўніх баяр, скажу я вам... Колішнія дзяды іхнія біліся збройна з палком Валконскага, што з маскалёў першы на Прыпяць прыйшоў. Ім пажалавана было баярства...

- А дзе гэта напісана? - насупіўся Пратасавіцкі.

- Шукаць трэба...

- Шукаць? Дык адзін з Кавальцоў паехаў жа ў Пецярбург шукаць сваё баярства... І гужаедам стаў...

Гужаеды - была мянушка Кавальцоў. Адзін з Ясевых дзядзькоў - бацькаў брат Сцяпан - і напраўду паехаў у паўночную сталіцу імперыі, але ніякай праўды - без грошай, без падтрымкі - не дабіўся. Пазнаў ліха. Мусіў быць гарадскім фурманам, якіх на той час дражнілі гужаедамі. Пабедаваў там, пакуль на капейку ўзбіўся - назад вярнуцца. Прыехаў і каб маўчаў, то ніц не было б, а то стаў хваліцца, што цара самога бачыў. Ад зайздрасці людзі і прыляпілі гужаеда.

За Ўрбановіча можна сцярпець, але за дзядзьку Сцяпана - не. Нельга было змаўчаць, тут ужо мацуйся не мацуйся.

Ясь падышоў да Пратасавіцкага. Немалады, тоўсты, з абвіслымі вусамі, тлустым носам і тонкімі вуснамі шляхцюк фанабэрна пазіраў на хлопца. А Яся аж калаціла ад гневу.

- Ну што, гужаед?! - з выклікам сказаў Пратасавіцкі. - Біцца надумаў? Давай, атрымаеш пэндаля пад сракоўе!