Выбрать главу

Праз мястэчка ў эканомію ісці не хацелася. Падумаў - ці не спраставаць дарогу чаўном па затоцы? Каля парку прывяжа човен да вярбіны, паднімецца на гару. Па вадзе бліжэй і зручней. Праўда, панскі парк вартуюць сабакі - даўганогія харты. Ат, не пакусаюць, ведаюць... Яго, Кавальца, яшчэ не пакусаў ніводны сабака. І не пакусае... Хіба што шалёны...

Напаследак азірнуўся і ўбачыў праз урадзелы натоўп не надта высокага, плячыстага прамоўцу - чалавека з шыракаватым валявым тварам, кароткай бародкай. Ясю падалося, што ён недзе бачыў гэтага бессаромніка, які так лёгка распараджаецца, моў сам Гасподзь, чужымі жыццямі. Ад такіх спадароў належыць трымацца як мага далей.

Ясь махнуў рукой, плюнуў, уцёрся рукавом і пайшоў да чоўна.

2. Пагоня

Як адвеславаў ад берага, далей ад людзей, надумаў уважліва разглядзець цыдулку. Толькі намерыўся зрабіць гэта, як пачуў немачны крык, потым нешта гучна ляснула. Звонкі зык адбіўся гучным рэхам ад люстранай паверхні вады. Ясь зірнуў і паспеў заўважыць над галовамі людзей на лодачным кірмашы воблачка сіняватага дыму.

«Страляюць!» - мільганула ў галаве. Схаваў цыдулку, паставіў човен проці цечы і стаў глядзець на гурму людзей. Бегаюць па беразе, мітусяцца, крычаць. Вось некага ўхапілі, валакуць, вось вырваўся, пабег. Тут яму напярэймы бягуць. Няўжо зловяць? Але каго гэта ловяць? Што за камедыя?! Пэўна, таго брахуна па беразе ганяюць. Даілгаўся!

Вось ён ускочыў у лодку, перабраўся ў другую. За ім, пералазячы з лодкі ў лодку гоніцца другі чалавек. У картузе. Ці не прыстаў? А на беразе мітусня, воклічы, гам, рогат. Як цікава! Што ж здарылася?

Вось зноў гучна бабахнула, толькі пошчак пайшоў. І дымок узвіўся. Дык гэта ж напраўдачкі страляюць! Валяць у чалавека! А божачкі!

Кавалец падняўся ў лодцы, угледзеўся. Раптам чалавек у картузе (пэўна ж, сам спраўнік), які даганяў па лодках уцекача, спатыкнуўся, узмахнуў рукамі і боўтнуўся паміж лодак. Пакуль ён выпялёхкваўся з вады, ад берега адскочыла новая вастраносая лодка. Двое людзей з усяе сілы граблі вёсламі. Адзін адмахваў сваім вяслом спрытна, з толкам, а другі хутчэй перашкаджаў рухацца, чым памагаў, бо то пляскаў лапаткай па вадзе, то занырваў ёю так, што лодка заварочвала на адзін бок.

«Ці трымаў калі ў руках гэты чалавек вясло? - падумаў Ясь. - Але што яны за такія?»

Да лодкі было сажняў трыста, яна ўбілася ў струмень ракі, і грабцы нейкі момант натужна вывяслоўвалі супраць цечы. Вось пакалываліся наўкасы па цечы да процілеглага берага. А вунь на беразе крычаць, равуць чагосьці людзі, вунь адчальвае яшчэ лодка, вялікі - у тры пары вёслаў - дубок. Няўжо пагоня? Людзі ў дубку ў шэсць рук лодку на пару вёсел дагоняць умэнт. Ды яшчэ з такім неважнецкім весляром.

З чыстае цікаўнасці Ясь пагнаў свой човен услед за вастраносай лодкай. Праз колькі часу Кавалец пазнаў у адным з уцекачоў Буевічавага Арціка.

Артур!.. І тут ён! З ім незнаёмец, з вусамі, барадой. Ясь паўзіраўся, каб пазнаць барадатага. Авохці! Дык гэта акурат пазаўчарашні ангелец. Але гэты - у простай кашулі і чорнай камізэльцы. Як цыган які.

Тым часам даганятары пагналі дубок на высцігі. Яны так размахаліся вёсламі, што дубок ляцеў, як птушка. Аж баранчыкі пены перад носам разляхотваліся. Неўзабаве Ясеў човен апынуўся паміж дубком і ўцекачамі. Вунь у дубку відаць тутэйшага прыстава ў мундуры з пурпуровым каўнерам, па мянушцы Вусаціха. Нежанаты і ходзіць да адной пакідухі, у якой пад носам вусікі. Таму і Вусаціха. І ён, прыстаў, Вусаціха, і яна - жанчына, таксама Вусаціха. Прыстаў як цвярозы - злосны, быццам цівун. Крычыць, лаецца. І на гэты раз злосны, пэўна ж - цвярозы. Адзежа цёмная - мокрая. Пэўна, гэта ён паміж лодак шуснуў.

- Бунтаўшчыкі! Дзяржаўныя злачынцы! - крычаў, ледзь не роў прыстаў. - Убок, прэч!

Гэта ён яму, Ясю, крычыць. Дубок падплывае бліжэй.

- Збоч, каму кажу!

«Гэта ён мне! - падумаў Кавалец. - Каму ж яшчэ?»

Хлопец стаў адвяслоўваць убок, але дубок чамусьці імчыць проста на Яся. І справа, і злева - мора вады, але грабцы ў лодцы ці не наўмысна прастуюць на яго.

- Гэй, ты! - равянуў прыстаў. - Збочвай!

Ясь паціснуў плячамі.

- Ты заадно з падбухторшчыкамі! - закрычаў прадстаўнік улады. - Я цябе заарыштую! У салдаты аддам... Вы - куды! - крычаў на сваіх весляроў. - І вас у кайданы закую! У Сібір адпраўлю!

Дубок налятаў на Ясеў човен. За вёсламі сядзелі сяляне, якіх прыстаў ухапіў, хто пад руку трапіў. Яны сядзяць і ўхмыляюцца. Ясеў човен рака зносіць якраз на ход дубка. Сяляне падымаюць вёслы, перастаюць грабці.