Аканом з цяжкасцю стрымліваў сябе. Старасвецкі гадзіннік у вялікай залі нізкім, крыху як бы асіплым басам прабіў дваццаць адну гадзіну.
«На заходзе сонца, на заходзе сонца... - Пульсавала кроў у скронях Урбановіча. - Яно акурат садзіцца...»
Вось жонка хуценька ўсхапілася. Падбегла да дзвярэй, прыслухалася. Пан Ежы стаіў дыханне. Жонка ўскочыла так хутка, што ён не паспеў адысці ад дзвярэй. Цяпер, калі яна расчыніць дзверы, адразу ўбачыць яго. Мужа, які падцікоўвае за жонкай. Ён паспеў заўважыць, што Аксана ляжала пад кодрай апранутая. Значыць - падрыхтаваная.
Вось пані Аксана ўсунула ключ у замок. У руках у яе была трасучка - не магла патрапіць у дзірку.
Усунула і павярнула, гэта значыць - замкнулася.
«Ага, баішся, хвалюешся, здрадніца... Пачакай, пачакай, будзе табе. У студню пасаджу, на хлеб, на ваду... - мільгалі ў галаве пана Ўрбановіча помслівыя думкі. - Абстрыгу! Я цябе ўзяў з жабрацтва, паіў, карміў, за жонку зрабіў, а ты?!. Няўжо ўсе жанчыны такія, салодкага ім хочацца?»
Праз дзірку, заткнутую ключом, пан Ежы нічога не бачыў. Але паслугачнае ўяўленне жыва намалявала, як ягоную жонку ўсю калоціць перад сустрэчай з каханкам. Урбановіч чуў, як жонка шамаціць нечым, прышэптвае незразумелыя, бо не чуваць, словы.
О Матка Боская, гэта ж шамаціць адзенне. Тая сукня, якую пашылі з адрэза, што падарыў на гадавіну вяселля. То дарагі, тонкі, прыгожага ткання муар. Ледзь не чысты ядваб... А як пераліваецца ўсімі калёрамі... З гэтага муару ленты-стужкі рабіць... Па рублю кожную можна было б прадаць. З таго адрэза колькі стужак выйшла б? А тут такая сукенка. І як яна сядзіць на ёй, падкрэслівае стрункасць паставы... Венера! А цяпер гэтая Венера - здрадніца!
Пан Урбановіч стоена перавёў дух.
Бач ты яе, не абы-што апранае... Мала таго, пераапранаецца! Значыць - ідзе да каханка.
«Мілая, каханая... - знянацку палезлі ў галаву словы хлопскай песні. - Цьху ты! Яе - любіць?»
Вось Аксана коратка фукнула на свечку... Вось стукнула рама. Вядома, стварэнні, якія здраджваюць мужам, лазяць праз вокны.
Яму хацелася зневажаць, абражаць жонку тымі ганебнымі словамі, якімі халопы пасля карчмы абзываюць сваіх жонак, але не мог сабе дазволіць нават у думках гэтага.
Яшчэ раз ціхенька стукнула рама. Гэта яна знадвору акно прычыніла. Вылезла і прычыніла. Божа мой, Божа! Што робіцца? О літасць Боская! Гэтакая... Такая!..
Гідкія словы самі наварочваліся на язык... Свет разбураўся! Усё, дзеля чаго жыў пан Ежы, імкліва развальвалася на часткі, на дробныя кавалкі, рассякаючы гэтымі кавалкамі, асколкамі, аскепкамі душу... Урбановічу захацелася дзіка завыць, замалаціць кулакамі ў дзверы, за якімі толькі што была ненавісная жанчына... Але ён прыхіліўся лбом да дзвярэй і моцна закусіў руку. Толькі не закрычаць, толькі не даць волю нервам, не заплакаць, як пакрыўджанаму малому. Ну, усё, гэта - канец.
Аканом зайшоў у свой пакой і дастаў з дуэальнай скрынкі вычышчаны і зараджаны яшчэ ўночы пісталет.
Што ж, канец дык канец. Пан Ежы ўтыркнуў пісталет за пояс пад сурдут. Цяпер застаецца разлічыцца за здраду. Парашыць абаіх. Абаіх, з аднаго пісталета? Другі пісталет узяць... І ніякіх дуэляў, двубояў. Гэта глупства. Не той, каб страляцца. Ён не гусарскі афіцэр. Ён стрэльне з аднаго пісталета, а калі той дасць асечку, стрэльне з другога. Можна яшчэ і дубальтоўку прыхапіць, каб дабіць абаіх, звесці са свету здрадлівае племя... Знішчыць, вытруціць... Яна перад Богам клялася, што будзе яму вернай жонкай... У царкве стаяла, пад каронай... Мелі доўгі, бясхмарны год шлюбу... Божачкі, божачкі! Толькі-толькі пачало ўсё наладжвацца як мае быць. Толькі пачалося... Аканом злавіў сябе на тым, што ссёрбвае слёзы з верхняй губы. Слёзы былі не салёныя, як вада, салодкія, хіба што гарачыя.
Дастаў з кішэні звязку ключоў. Выбраў адзін, пакорпаўся ў шчыліне... Не, хітрая. Ключ у замку павернуты. У пакой можна ўлезці толькі знадвору, праз акно.
2. Падкрэслены радок
- Куды яна пайшла? - спытаў аканом у прыслугача, калі выйшаў на ганак.
Прыслужваў пану Ўрбановічу, і то толькі часам, Мондрык, які часцей выконваў абавязкі фурмана. Мондрык няўцямна паўзіраўся на пана.
- Дык куды пані, кажу, пайшла, ты аглух, ці што?
- У парк, васпане, - адказаў Мондрык. - А я прыйшоў сказаць, што таго... Ганна заснула.
Перапалоханы, ён выдатна разумеў, што да чаго. Глядзеў на пана са шкадаваннем, з літасцівым спачуваннем. Але і з насцярогай - пад сурдутам нешта тырчэла, і Мондрык быў не дурны, каб не разумець, што ў гаспадара за поясам. Ніколі не бачыў аканома такім рашуча настроеным.