- Страшна? Эх ты, баяка. А яшчэ ваяваць збіраешся. Маскалі як стрэльнуць, вы і пабяжыце...
- Вельмі ты смелая.
- Гэта вужы, не гадзюкі, - патлумачыла Аксана. - Я дзеўчынай у рукі вужак брала, не баялася. Іх тут шмат. Кажу, ніхто не ходзіць, яны і развяліся. Увечары на паляванне выпаўзаюць. Бачыш, вунь яшчэ адзін, з-пад падлогі папоўз. Ды не бойся ты, стой. Інсургент, называецца. А там, глянь, каля грубкі кахлянай, яшчэ адзін... Маленькі...
- Гэта кіёчак проста...
- Чаго ж ён скручваецца?
Аксанін голас таксама прыглушаны, але яго Ўрбановіч пазнаваў без цяжкасці.
- Божухна, вунь з бэлькі хвост звісае... Такога зроду не бачыў... - прагугнявіў мужчына. - Пайшлі адсюль...
«Дык чый гэта такі знаёмы голас? - тахкала кроў у скронях Урбановіча. - Дзе чуў яго?»
- Мы з Ганнай прыдумалі, што тут блукаюць прывіды... - сказала Аксана. - Яны сапраўды тут блукаюць... Прывід старога графа... Каб сюды ніхто не хадзіў. Хочаш грушу? Гэта сапяжанка... Па дарозе ўзяла некалькі... Яны яшчэ цвёрдыя.
Пачуліся лускат, чвяканне...
«Цалуюцца... Ці ўсё ж ядуць грушу?» Прыслухаўся. Супакоіўся - каханкі грызлі грушу. Як дзеці, зусім дзеці. Застрэліць шкада. Зрабіць як раней - аддаць у манастыр... Прынамсі - яе. Яго - у маскалі!»
Пан аканом, асцярожна ступаючы, абагнуў дом, пераступіў праз правалены ганак у адзін з прадпакояў, выйшаў да таго пакоя, у якім млелі адно каля аднаго каханкі. Ён ужо не баяўся, што яго заўважаць. Таіцца не было сэнсу. Пан аканом ішоў насустрач свайму лёсу.
- Паглядзі, што я прывёз... - пачуўся голас.
Зашамацела папера.
- Му-жыцкая праўда... Дзецюкі... - пачуўся голас Аксаны, якая, пэўна, чытала з паперы. - Што гэта? Супраць цара... Не відаць, цёмна ўжо...
- Уга, супраць цара. Мужыкоў падымаць, арганізаваць адукаваных хлопцаў... Ну, накшталт Людовіка Бароўскага. Каб чыталі газету простаму люду. Табе ўвогуле мужа ўгаварыць, падбіць...
Урбановіч пачуў слова «муж» і наструніўся. Голас незнаёмца гучаў гучней, выразней, а Ўрбановіч усё яшчэ не мог пазнаць, здагадацца, хто ж каханак ягонай жонкі.
- Не, дарагі. Пан Ежы чалавек старых правілаў. Ён строгі... - сказала Аксана.
У пана аканома сціснулася сэрца. Называе чужога чалавека «дарагі», а ён, муж, для яе - «чалавек старых правілаў»...
- Ведаеш, шмат на што спадзявацца не прыходзіцца. Простыя людзі цёмныя. Тут работы непачаты край... Інсурэкцыя ім пусты гук. Проста бунт - вось гэта можна...
Голас таго, хто гаварыў, быў настолькі знаёмы, што Ўрбановіч губляўся ў здагадках.
- Звернемся да ягонага сэрца... У любым сэрцы ёсць куточак, у якім жывуць самыя шчырыя, патаемныя пачуцці... - казаў мужчына. - Ды што я табе расказваю, я месяц прабыў настаўнікам...
4. Тайна раскрыта!
«Дык гэта ж настаўнік! Арыстокаль, як на яго дворня кажа! - урэшце здагадаўся аканом. - Ах ты, смаркач! Заўтра ж выгнаць подлую душу... А прыкінуўся, што ў Вільню паехаў...»
Рука сутаргава сціснула рукаяць пісталета.
- Артур, пан Ежы заняты чалавек... Ён добры... Але катэгарычна супраць палітыкавання. Я шмат магу расказаць пра яго...
«Авохці! Ён ніякі не Арыстокаль! - ашаламіла аканома навіна. - Гэта ж... Буевічаў старэйшы... Артур! Вось яно што. Настаўнік і Артур Буевіч - адна асоба. І яны, Артур і Аксана, знюхаліся... Не, гэтага і страляць не выпадае. З Буевічамі сілай лепш не мерацца. З імі, шалёнымі, лепей не звязвацца...»
Аканом напружыў слых. Цяпер Аксана стане гаварыць пра яго. Гэтага проста нельга не паслухаць...
- Ён добры... Але... Што яму міласць да радзімы... Ён адданы зямлі ў яе... грубым сэнсе. Хоча вырошчваць тут, падумаць толькі, персікі, марэлю, вінагроны...
- Марэля? Вінагроны... Кажы па-нашаму... - буркнуў Артур.
- А як па-нашаму?
- А хоць бы абрыкосы, вінаград...
- Дык то ж па-расейску.
- Ну і па-нашаму так. Лепш па-расейску, чым па-польску...
- Чаму, Арця? Хіба па-польску не радней...
- Не кажы так. Я табе ніякі не Арця... - незадаволена перабіў Аксану Артур.
- Ты капрызны, як Цэцыліна Маня. Хто ж ты?
- Я табе - грамадзянін. А што да палякаў, то яны мне ў Пецярбургу гізунты дасталі...
- Я ведаю чаго. Ты ўсіх ловіш на словах. Табе мова хлопаў...
- Перастань! - абарваў Аксану Артур. - Любоў да радзімы пачынаецца з любові да бацькоў, да зямлі і да роднага слова...
Пан аканом змог здаля вызірнуць. Негустая, але цыбукаватая крапіва хавала яго... Ды і добра сцямнела. Ён заўважыў, што Аксана стаіць на лігары і круціць гузік на Артуравым сурдуце.
«Займаюцца любошчамі ўпотай, ды яшчэ пра радзіму думаюць... Я пакажу вам любоў да радзімы і да мовы хлопаў. Гэта толькі шырма! - мільганула ў галаве аканома. - Вось бы стрэльнуць зараз... Проста ў гэтую прыгожанькую галоўку. Або гэтаму хлапаману ў плечы ўваліць куляй...»