Выбрать главу

Чаму ў доме такі агонь? Яны што, шыюць?

У гасцёўні ў глыбокім паласатым фатэлі з ножкамі, як у таксы (парэшткі былой раскошы), сядзела чарнакосая немаладая жанчына з ружовымі вуснамі, складзенымі пупачкай. Гэта і была пані Цэцылія Ўрбановіч, або, як на яе казалі, пані Цэцыля. Стрункая, блізарукая і фанабэрыстая, пані Цэцыля была прыгожай. Прыгожай безадносна і безумоўна. Але то была бляклая хорашасць старой жанчыны, якая аджыла свой бляск. Усё, што можна было ўзяць ад жыцця, яна ўжо ўзяла. Таму яна строга сачыла за тым, каб ніхто іншы нічога не браў лішняга ад жыцця, а прасцей кажучы, кабета паскудзіла жытку іншым.

- Спахапілася лодку, - стала расказваць Цэцыля аканому пасля звыклых цалаванняў. - Я туды, я сюды. А мае дзяўчаты на лодцы. Куды, пытаюся? Да пані Аксаны. Дык позна, кажу. Нанач, што вы надумалі? Не, нам хочацца. Вось і прыпхаліся... Што здарылася, Ежы? На табе твару няма!

Урбановіч зняможана бухнуўся на канапу, пані Цэцыля падазрона глядзела на яго. Як ні выцірайся, а вочы, выходзіць, усё ж выдалі. Прыпухлыя, чырвоныя.

- Пан Ежы мае здароўе? - спыталася кабета.

- Крыху нядобрыцца, - зманіў Урбановіч і адвярнуўся.

У галаве было адно - як зрабіць, каб старая пані з'ехала? Яму хацелася пабыць аднаму. Усё так рэзка памянялася. Але Цэцыля не захоча вяртацца назад, у свой фальварак. Яна і днём панічна баялася вады. А то плысці нанач. Што прыдумаць?

- Мусіш прызнацца, каханку. Гавары, што здарылася? Дзе пані Аксанка?

- Прыйдзе зараз. Абавязкова прыйдзе...

- Кажы, Ежы, што з ёю?

- З Аксанай, пані Цэцылія, усё цудоўна... Усё проста цудоўна, я бясконца шчаслівы...

- Ну, ну, - сказала Цэцыля. - Сварыліся?

Пан аканом махнуў рукой. Ён зноў выціраў слёзы, не саромеючыся цёткі.

- Вядома, хто каго любіць, той таго і чубіць, як кажуць пейзаны. Дык дзе ж Аксанка?

- Спіць...

- Спіць? Яе няма ў спальні... - Уфарбаваныя начарна бровы старой пані ўзляцелі пад лоб. - Мы стукалі-грукалі. Ежы, дарагі, кажы праўду!

- Вы не так стукалі, - уздыхнуў Ежы. - Яна - там.

Разам са старой пані Ўрбановіч аканом падышоў да дзвярэй Аксанінай спальні. Аканом толькі сабраўся пастукаць, як дзверы самі расчыніліся і з пакоя выйшла заружавелая (відаць, бегла, - адзначыў аканом) Аксана. Была ў той самай сукенцы з белага муару, толькі жакецік скінула.

- Дарагая, адкуль ты? - здзівілася Цэцыля. - Дзе ты была? Дзяўчаты цябе шукалі... Стукалі, будзілі...

Аксана не дала сабе рады адказаць на цётчына пытанне. Зіркала то на цётку, то на мужа. Аканом апусціў вочы.

- Куды пані так выфранцілася? - пацікавілася Цэцыля.

Старая зразумела, што здарылася нешта незвычайнае, нязвыклае. Аксана маўчала, не магла знайсціся з адказам. Наступіла напружаная хвіліна. Аканом сціснуў зубы.

«Няўжо будзе... маніць, ілгаць...» - мільганула думка. Але выратавалі Цэцыліны дочкі. Уварваліся ў вітальню, абнялі Аксану, затрашчалі сарокамі, наперабой расказвалі, як перабіраліся праз Гарынь, як было страшна, калі бухнуў хвастом ці то бабёр, ці то здаравяга сом...

Цэцыліны дочкі заявілі, што яны галодныя.

- Дык давайце павячэраем, - прапанаваў гаспадар. - Пад гарэхам.

- Пад гарэхам, пад гарэхам! - запляскалі ў ладкі дзяўчаты.

Сабраць на стол «пад гарэхам» азначала цудоўную забаву. Пад старым, як казалі, валоскім, арэхавым дрэвам зрэдзьчасу накрывалі абрусам стол, пілі каву, снедалі, абедалі, і старая пані Ўрбановіч казала, прамакваючы хустачкай вочы, што адчувае сябе пасярод райскага саду.

Не паспеў пан Ежы распарадзіцца наконт стала, як знянацку Мондрык далажыў, што прыехалі жандары. Нейкі капітан Фогель патрабуе неадкладнай аўдыенцыі.

- Вядзі, - загадаў аканом і падумаў: «Пачынаецца...» Тое, што ён чуў з вуснаў Артура, чым была захоплена ягоная жонка, і гэты прыезд жандараў, пэўне ж, неяк звязаныя. А тут яшчэ ўспомнілася, што на кірмашы лавілі нейкіх падбухторшчыкаў і нават стралялі па іх.

Жандар прыйшоў не адзін - са станавым прыставам і спраўнікам. Урбановіч павёў нечаканых прыхадняў у адну з альтанак, а Мондрыку шапнуў прынесці туды гарэлкі і прыкускі. Хацелася як мага хутчэй пазбавіцца ад няпрошаных гасцей. У ягонай галаве быў страшэнны гармідар. Учора, нядзеляй, калі агітатара на кірмашы лавілі, пэўна, не абышлося без Артура. Крыўдна, што не пазнаў у выпісаным з Расеі настаўніку Буевічавага сына. Праўда, калі ён таго Артура бачыў? Штогод прыязджаў з Пецярбурга, але сюды, да іх, і не завітваў...

Жандарскі афіцэр паведаміў, што ў ваколіцах аб'явіліся падбухторшчыкі, дзяржаўныя злачынцы, якія спрабуюць падняць сялян на «польскае дзела». На гэты конт патрэбна праявіць і пільнасць, і пэўную актыўнасць у супрацоўніцтве з уладамі супраць падрыўнога польскага элемента.