І афіцэр, і прыстаў са спраўнікам бачылі, што пад дрэвам у парку ладуецца стол. Вечарэла, і яны былі і галодныя, і стомленыя - ішла адзінаццатая гадзіна. Чаму б са звычайнай, звыклай прадстаўнікам уладаў бессаромнасцю не чакаць аканомавага запрашэння застацца? Але Ўрбановічу было не да іх. Рассыпаўся ў прабачэннях, спасылаўся на хваробу, хоць разумеў, што вытурваць прыстава сабе даражэй!
Прыхадні адчулі, што яны тут непажаданыя, узялі па добрай чарцы і пайшлі сабе - начаваць можна і ў заезджым доме. Не паспеў правесці жандараў і паліцыю - ідзе-ляціць фактар з заезджага двара, - то ўрэшце прыпхаліся на паламанай ландары выпісаныя з Лонданскай выставы інструманты. Прыехалі да ваколіцы яшчэ пад абед, але зноў у каторы раз рамантавалі ландару. З фактарам прыйшоў ангельскі гандлёвы агент, які суправаджаў груз, а разам з ім - зусім нечаканая варшаўская госця, якая прынесла рэкамендацыйны ліст ад варшаўскіх знаёмых.
Гэтага на сённяшні дзень, здавалася, ужо і хапіла б. Але лёсу было заўгодна, каб прыйшоў пан Бароўскі з сынам Людовікам. Ну, гэтых аканом даўно запрашаў, але чаму менавіта сёння прыйшлі, ды яшчэ так позна? Карацей, давялося ладзіць прыём напоўніцу, па ўсіх правілах і на шырокую руку.
Нягледзячы на сваю скупаватасць, аканом любіў пусціць пыл у вочы. Тым болей, было чым пускаць - чаго-чаго, а яды, напояў, сталовага серабра, дарагога, каштоўнага посуду, яшчэ колішняга, ад былых гаспадароў, у аканоміі хапала. Мондрык у такіх выпадках апранаў ліўрэю (таксама старасвецкую, праўда, даволі паточаную), усцягваў на рукі белыя пальчаткі.
Затрашчалі паўтыканыя вакол састаўленых сталоў паходні, запаліліся ліхтары. У афіцыне запалалі печы, раскатурханыя дзяўчаты, пакліканыя пакухарыць, замітусіліся па склепах і каморах.
Гасцям далі памыцца, размеркавалі, дзе хто будзе начаваць, потым павялі «пад гарэх». На сталах цьмяна блішчэла серабро і крышталёвыя кубкі, на талерках гурбіліся халодныя закускі.
Не паспелі сесці - знянацку вярнуліся жандар з прыставам. Яны прывялі з сабой Буевічавага Артура. Двое першых, на добрым падпітку, трымаліся чамусьці строга, афіцыйна, нават нахабна, Артур быў чамусьці без шапкі, нейкі насцярожаны, крыху разгублены. Было відаць, што паміж ім і службоўцамі нешта адбылося. Урбановіч падазраваў, што магло быць. Тым не меней кінуўся ў абдымкі да маладога Буевіча, тармасіў, распытваў, як жылося-былося ў далёкай паўночнай сталіцы. Што Артур яшчэ тыдзень назад служыў маёнткавым настаўнікам, аканом нават і выгляду не падаваў. Зрэшты, пазнаць у Буевічу Арыстоклія Дастоеўскага было нельга: па-іншаму, багацей, апрануты, з барадой, якая за два тыдні паспела добра адскочыць. І паводзіць сябе адпаведна - спакойна, ветліва. Без пакрыўджанай, ушчэмленай фанабэрыі, як той настаўнік. Напраўду іншы чалавек.
Жандар, капітан Фогель, глядзеў на зборню пад арэхавым дрэвам, як на свецкае таварыства, дрыгаўся, яму карцела нешта сваё, не зусім паслухмяным языком ён заяўляў пра пільную справу, але ўсіх траіх - капітана жандармерыі Фогеля, Артура Буевіча і спраўніка - аканом ветліва запрасіў за стол. Маўляў, за сталом і пагаворым, і абмяркуем пільныя справы.
Імправізаваны баль распачаўся.
РАЗДЗЕЛ VIII. Ліцвіны - занадта шчырыя людзі
1. Бессаромны польскі патрыятызм
Пачалася бяседа словамі гаспадара, якімі ён выказаў бясконцую ўдзячнасць Боскаму провіду, што паслаў яму, Урбановічу, у глухі і далёкі ад сталіц край гэтулькі выкшталцоных і адукаваных гасцей. У адказ кожны з прыбышаў стаў адмерваць той жа мерай - дзякаваў гаспадару за гасціннасць, прыязнае стаўленне, а ў першую чаргу хвалілі прыгажосць і маладосць гаспадыні. Тост за тостам, келіх за келіхам - і застолле пацякло гладка, без мігу прыкрага маўчання, - кожны, асабліва мужчыны, навыперадкі намагаліся паказаць сваю і выкшталцонасць, і адукаванасць. Тосты і анекдатычныя гісторыі, якія госці прывезлі з дарогі, рабіліся ўсё болей фрывольнымі. Прычынай гэтаму былі насамрэч не якасці гаваруноў, але ўласцівасць напітку, які падліваў Мондрык з пузатых, старога шкла бутэлек, - ягадная гарэлка трайнога перагону, ачышчаная свежым малаком.
Ангелец піў чарка ў чарку з жандарам і прыставам - і брывом не паводзіў, дарма што чужапанец, - хваліў гарэлку заўсёдным «о'кеем», закусваў леташнімі рыжыкамі, свежымі агуркамі і зусім непадобны на ангельца, хоць і слова не сказаў па-польску ці па-расейску.
Ягоная спадарожніца, якая назвалася паняй Валеўскай, млява пасміхалася, упэўненая ў сіле сваёй прыгажосці, хваліла (пэўна, ведала толк) і піла, і нямала, віно, якое засталося яшчэ ад вяселля Ўрбановіча. Чым болей яна піла, тым, здавалася, болей прыгажэйшая рабілася. Позіркі яе карых вачэй з-пад роўненькіх шаўкавістых бровак усё больш смялелі, рабіліся больш шчырымі і адкрытымі. Неўзабаве варшаўская госця запанавала за сталом, і ўсе мужчыны да яе толькі і звярталіся, толькі з ёю і падтрымлівалі гутарку. Прыгажосць яе рабілася проста невытрымнай - цяплей, радасней білася сэрца кожнага мужчыны, якога яна адорвала сваім позіркам. Малады Бароўскі, Людовік, то чырванеў, то бляднеў, прыстаў фанабэрыўся, спраўнік чамусьці моршчыўся - пэўна, успамінаў сваю хударлявую жонку. Праўда, ні Артур, ні ангелец, здавалася, не заўважалі сваю нядаўнюю спадарожніцу. Тым часам пані Валеўская смела загаварыла, што Варшава далёка пойдзе дзеля незалежнасці. Артур на гэтыя словы хмурнеў і пазіркваў на спраўніка і Фогеля, Бароўскі Людовік круціў шыяй, а Цэцыліны дзяўчаты аж пішчалі і падтрымлівалі кожнае патрыятычнае слова Валеўскай плясканнем у ладкі.
Пан Ежы не надта пільна слухаў балбатню гасцей, няўцешна глядзеў на спраўніка, што, як карчомнае пойла, жлукціў не гарэлку - віно - бутэлька дзесяць рублёў, - і цешыўся адной толькі думкай - хутка ўсе разыдуцца, ён застанецца сам-насам з жонкай, а тады... Тады справакаваць яе на... размову пра незалежнасць Польшчы, пра інсурэкцыю. І ён дакажа, што ён не меншы патрыёт, чым гэтыя Артуры і Людовікі, пані Валеўская з Цэцылінымі дзяўчатамі. Як дачакацца, калі гэтая зборня разыдзецца? Дачакаецца, і не гэтулькі ў жыцці даводзілася чакаць.
Слова ўзяў Артур Буевіч. Аканом ведаў, пра што ён стане гаварыць - зусім нядаўна падслухоўваў шчырасці маладога чалавека перад жонкай.
- Панове, грамадзяне, - урачыста пачаў Артур, - абуджаны ў народах дух ужо занадта выразна выступіў на сцэну: там італьянцы вызваляюцца, тут скандынавы і нават немцы, з вечнай паміж сабою грызнёй, гуртуюцца, злучаюцца пад сцягам нацыянальнасці. Розныя братнія атожылкі славян прагна адкопваюць свае родныя памяткі... Веру, у кожным з нас, народжаным у гэтым краі, гарыць сэрца прагай да вольнасці, да асноўнага, чым надарыў чалавека Бог, - гэта быць вольным у вольнай краіне.
- Не забывайцеся, малады чалавек, - прабурчэў спраўнік, але яго ніхто не пачуў, бо крыкі «брава» заглушылі ягоныя словы.
Потым, быццам падбадзёраная Артурам, загаварыла пані Валеўская. Гаварыла яна хутка, па-польску, і яе добра разумелі, але тыя, каму не паложана было разумець сэнс яе патрыятычных рэплік, і не разумелі іх.
- Панове, - казала Валеўская, - ці ведаеце вы, што з трох тысяч студэнтаў у Кіеўскім універсітэце - адна тысяча палякаў? У Маскве - шэсцьсот студэнтаў польскага паходжання...
- У Пецярбургу палавіна студэнтаў - выхадцы з Царства Польскага...
- Не ўсе сярод іх палякі, - уставіў рэпліку Буевіч. - З Літвы шмат, нашых...
- Але ўсе яны супраць азіяцкага дэспатызму, згадзіцеся, - бліснула чорнымі вачамі полька. - Нікчэмны расейскі ўрад, ашалелы ад супраціву мучаным праз яго ахвяры - польскім народам, - неўзабаве панясе страшэнную паразу. Бо ніколі не прабачым кроў Прагі, гвалты вуліц Варшавы, лёхі Цытадэлі...
Выпады пані Валеўскай змусілі капітана Фогеля паспрабаваць змяніць рэчышча застольнай гаворкі. Ён пастукаў нажом па краі талеркі, але гэта толькі распальвала патрыятызм варшаўскай госці.
- Нашыя прарокі мерзнуць у снягах Сібіры, а мы тут раскашуем... Лічу, што заклік да зброі, можа, і несвоечасовы, але будзіць люд і Польшчы, і Русі, і Літвы да барацьбы з расейскім барбажынствам - святая справа.
Фогель намысліў маўчаць і слухаць. Патрыятызм, як усялякая жарсць, можа таксама выходзіць за рамкі прыстойнасці. І вось што яшчэ дзівіла капітана жандармерыі - як пані Валеўская глядзіць то на ангельца, то на Артура. Мала таго, яна час ад часу наводзіла позірк на яго самога. Глядзела да таго бессаромна, як каралеўская кобра на ахвяру. Капітан не вытрымліваў яе такога пякельнага позірку, апускаў вочы, і чамусьці чырванеў і думаў: «Уга, гадзюка габонская!»
«Што ж яны там, па сталіцах, жывуць сваім, не надта каб маральным жыццём... - думаў пан аканом, ад увагі якога не прамінуў ні адзін позірк. - Госця прыгожая, яна як добрай пароды жывёліна... Звяжашся - прападзеш! Акруціць, павязе ў Варшаву, зробіць правадыром шайкі бунтаўшчыкоў...»
Пані Валеўская раптам спыталася ў аканома:
- А што гаспадар маўчыць? Ці ён не патрыёт?