Выбрать главу

Ягоная спадарожніца, якая назвалася паняй Валеўскай, млява пасміхалася, упэўненая ў сіле сваёй прыгажосці, хваліла (пэўна, ведала толк) і піла, і нямала, віно, якое засталося яшчэ ад вяселля Ўрбановіча. Чым болей яна піла, тым, здавалася, болей прыгажэйшая рабілася. Позіркі яе карых вачэй з-пад роўненькіх шаўкавістых бровак усё больш смялелі, рабіліся больш шчырымі і адкрытымі. Неўзабаве варшаўская госця запанавала за сталом, і ўсе мужчыны да яе толькі і звярталіся, толькі з ёю і падтрымлівалі гутарку. Прыгажосць яе рабілася проста невытрымнай - цяплей, радасней білася сэрца кожнага мужчыны, якога яна адорвала сваім позіркам. Малады Бароўскі, Людовік, то чырванеў, то бляднеў, прыстаў фанабэрыўся, спраўнік чамусьці моршчыўся - пэўна, успамінаў сваю хударлявую жонку. Праўда, ні Артур, ні ангелец, здавалася, не заўважалі сваю нядаўнюю спадарожніцу. Тым часам пані Валеўская смела загаварыла, што Варшава далёка пойдзе дзеля незалежнасці. Артур на гэтыя словы хмурнеў і пазіркваў на спраўніка і Фогеля, Бароўскі Людовік круціў шыяй, а Цэцыліны дзяўчаты аж пішчалі і падтрымлівалі кожнае патрыятычнае слова Валеўскай плясканнем у ладкі.

Пан Ежы не надта пільна слухаў балбатню гасцей, няўцешна глядзеў на спраўніка, што, як карчомнае пойла, жлукціў не гарэлку - віно - бутэлька дзесяць рублёў, - і цешыўся адной толькі думкай - хутка ўсе разыдуцца, ён застанецца сам-насам з жонкай, а тады... Тады справакаваць яе на... размову пра незалежнасць Польшчы, пра інсурэкцыю. І ён дакажа, што ён не меншы патрыёт, чым гэтыя Артуры і Людовікі, пані Валеўская з Цэцылінымі дзяўчатамі. Як дачакацца, калі гэтая зборня разыдзецца? Дачакаецца, і не гэтулькі ў жыцці даводзілася чакаць.

Слова ўзяў Артур Буевіч. Аканом ведаў, пра што ён стане гаварыць - зусім нядаўна падслухоўваў шчырасці маладога чалавека перад жонкай.

- Панове, грамадзяне, - урачыста пачаў Артур, - абуджаны ў народах дух ужо занадта выразна выступіў на сцэну: там італьянцы вызваляюцца, тут скандынавы і нават немцы, з вечнай паміж сабою грызнёй, гуртуюцца, злучаюцца пад сцягам нацыянальнасці. Розныя братнія атожылкі славян прагна адкопваюць свае родныя памяткі... Веру, у кожным з нас, народжаным у гэтым краі, гарыць сэрца прагай да вольнасці, да асноўнага, чым надарыў чалавека Бог, - гэта быць вольным у вольнай краіне.

- Не забывайцеся, малады чалавек, - прабурчэў спраўнік, але яго ніхто не пачуў, бо крыкі «брава» заглушылі ягоныя словы.

Потым, быццам падбадзёраная Артурам, загаварыла пані Валеўская. Гаварыла яна хутка, па-польску, і яе добра разумелі, але тыя, каму не паложана было разумець сэнс яе патрыятычных рэплік, і не разумелі іх.

- Панове, - казала Валеўская, - ці ведаеце вы, што з трох тысяч студэнтаў у Кіеўскім універсітэце - адна тысяча палякаў? У Маскве - шэсцьсот студэнтаў польскага паходжання...

- У Пецярбургу палавіна студэнтаў - выхадцы з Царства Польскага...

- Не ўсе сярод іх палякі, - уставіў рэпліку Буевіч. - З Літвы шмат, нашых...

- Але ўсе яны супраць азіяцкага дэспатызму, згадзіцеся, - бліснула чорнымі вачамі полька. - Нікчэмны расейскі ўрад, ашалелы ад супраціву мучаным праз яго ахвяры - польскім народам, - неўзабаве панясе страшэнную паразу. Бо ніколі не прабачым кроў Прагі, гвалты вуліц Варшавы, лёхі Цытадэлі...

Выпады пані Валеўскай змусілі капітана Фогеля паспрабаваць змяніць рэчышча застольнай гаворкі. Ён пастукаў нажом па краі талеркі, але гэта толькі распальвала патрыятызм варшаўскай госці.

- Нашыя прарокі мерзнуць у снягах Сібіры, а мы тут раскашуем... Лічу, што заклік да зброі, можа, і несвоечасовы, але будзіць люд і Польшчы, і Русі, і Літвы да барацьбы з расейскім барбажынствам - святая справа.

Фогель намысліў маўчаць і слухаць. Патрыятызм, як усялякая жарсць, можа таксама выходзіць за рамкі прыстойнасці. І вось што яшчэ дзівіла капітана жандармерыі - як пані Валеўская глядзіць то на ангельца, то на Артура. Мала таго, яна час ад часу наводзіла позірк на яго самога. Глядзела да таго бессаромна, як каралеўская кобра на ахвяру. Капітан не вытрымліваў яе такога пякельнага позірку, апускаў вочы, і чамусьці чырванеў і думаў: «Уга, гадзюка габонская!»

«Што ж яны там, па сталіцах, жывуць сваім, не надта каб маральным жыццём... - думаў пан аканом, ад увагі якога не прамінуў ні адзін позірк. - Госця прыгожая, яна як добрай пароды жывёліна... Звяжашся - прападзеш! Акруціць, павязе ў Варшаву, зробіць правадыром шайкі бунтаўшчыкоў...»

Пані Валеўская раптам спыталася ў аканома:

- А што гаспадар маўчыць? Ці ён не патрыёт?

2. Сёе-тое з радаводу аканома

Пан Урбановіч сціснуўся. Ведаў, што пра свой патрыятызм патрэбна заявіць, але ж момант вельмі нязручны - спраўнік з прыставам ды яшчэ і жандар сядзяць. Але ж як адмаўчацца? І тут жандарскі афіцэр прыйшоў пану аканому на дапамогу.