Выбрать главу

- Вы, шаноўны пан Ежы, - сказаў капітан, - тут гаспадар. І гэтага стала, і землеўладання, і, лічыце, гаспадар тутэйшага краю. Падазраю, што вы прыхільна ставіцеся да праблемы сапраўднага патрыятызму.

- Вядома, - крыху збянтэжана адказаў Урбановіч і падумаў: «Правакатары...»

- Я ведаю, што можа быць на сэрцы ў выхаванага чалавека, будзьце шчырымі, я не шпіён... А пана спраўніка таксама баяцца не варта, згадзіцеся, тут мы ўсе свае. Я разумею, што маладыя, - капітан паказаў позіркам на Артура, Людовіка, Зосю, - мараць пра свабоду Польшчы, але вы сталы чалавек, мусіце мець больш... правільныя ўяўленні пра сапраўдную свабоду, пра сапраўдны патрыятызм... Ці не так?

- Я чалавек цвярозы, - не без іроніі сказаў пан Ежы і падняў келіх віна, які толькі прыгубляў. - Мне матэрыяльны дабрабыт - аснова жыццядзейнасці. Каб быць вольным, незалежным, належна для пачатку быць багатым.

- Гэта праўда, - згадзіўся прыстаў.

Вусы ягоныя абвіслі, пукатыя вочы блішчэлі. Аматар піць што наліваюць, ён усё ж ацаніў смак віна і піў яго безупынку, маленечкімі глыткамі, моцна абхапіўшы келіх, быццам баяўся, што ў яго гэты келіх адбяруць.

Урбановіч абвёў паглядам прысутных, ацэньваючы іх стан. Ён зразумеў, што надарыўся зручны момант заваяваць сэрца пані Аксаны. Спраўнікам можна пагрэбаваць. Ён выбачыць усё, што ні скажаш. Жандар? Невядома, што гэта за птушка. Але можна рызыкнуць... Пан аканом намысліў не адставаць ад патрыятычнай польскай красуні. Ён наліў келіх, падняў яго і падняўся сам.

- Не ўсе ведаюць, што я не... Урбановіч... - сказаў пан Ежы. - Урбановічы - гэта прозвішча маёй шаноўнай... усынавіцелькі... - Пан аканом пакланіўся пані Цэцылі.

Над сталом запанавала цішыня - усе моцна ўразіліся такім прызнаннем. Тэма ўсынаўлення была настолькі сямейнай, інтымнай, нават, можна сказаць, балючай, што ніколі ні пры якіх абставінах яе аканом не чапаў.

- Такім чынам я, Ежы Ўрбановіч, нашу не ўласнае, не родавае прозвішча. Па дзеду і бацьку я, панове, - з іншага роду. Пан прыстаў ведае, з якога...

Прыстаў згодна кіўнуў і падліў сабе віна, быццам у якасці кампенсацыі за сваю згоду.

- Род наш зусім не багаты і не знатны, - прадоўжыў сваю гаману аканом. - Прадстаўнікі гэтага роду славіліся не столькі сваім патрыятызмам ці там зборам рознай даўніны, якая б нагадвала пра былую веліч нашага краю; найбольшая слава хадзіла аб іх як аб карцёжніках, задзірыстых дуэлянтах, п'яніцах - словам, людзях шырокай душы...

Пан Ежы пазіраў па чарзе то на жандарскага афіцэра, то на пані Цэцылю, якая мела самы разняшчасны выгляд, не разумеючы прычын, па якіх ягонага выхаванца, заўсёды стрыманага, пацягнула на такую шчырасць: аканом заўсёды маўчаў, калі шляхта, нават дробная, хвалілася сваімі продкамі.

- Рэч у тым, адзін прадстаўнік гэтага роду, Казімір, быў у палку Панятоўскага падчас напалеонаўскага... нашэсця... - Урбановіч паглядзеў на жандара. Той паважліва кіўнуў галавой, быццам даючы дазвол на працяг шчырасці. - А вы ведаеце пра ролю войскаў Панятоўскага ў паходзе французаў на Маскву... Выскачка-карсіканец абяцаў нам, палякам, незалежнасць. Многія паверылі яму... Некаторыя склалі на алтар вольнасці айчыны галовы... Загінуў за волю роднага краю і той Казімір, пра якога я расказваю...

Голас пана аканома задрыжэў. Ён дастаў хустачку, выцер вочы. Цішыня перарывалася толькі лёгкім гукам сквірчэння матылькоў, якія наляталі на агонь ліхтароў...

- Дзеля Польшчы знойдуцца гарачыя сэрцы і цяпер! - падтрымала гаспадара пані Валеўская.

Голас яе прагучаў дысанансам. Нават Цэцыліны дочкі не падтрымалі варшавянку біццём у ладкі.

- Але тое было даўно, пане Ўрбановіч, - сказаў жандарскі афіцэр. - Усеміласцівейшы імператар Аляксандар, маю на ўвазе Аляксандра I, дараваў палякам усе іх заблуды, выкліканыя ілюзіямі, інспіраванымі карсіканскім д'яблам... Цар... загадаў усё забыць.

- Так, тое было даўно... Цар загадаў забыць. Але ці льга забываць уласных... продкаў?! - Голас пана Ўрбановіча памацнеў. - Казімір пайшоў ваяваць за волю радзімы, і з тых часоў сляды яго губляюцца назаўсёды... - Урбановіч уздыхнуў на поўныя грудзі, узнёсся да высокай патэтыкі. - Дык вось, панове, хачу каб ведалі, што той Казімір - мой бацька!

Наступіла хвіліна, як напісаў бы які пісацель, дамавіннай цішыні. Зрэшты, гэтая навіна не была навіной. Навіна была ў тым, што пан Урбановіч заяўляў пра свайго бацьку прылюдна, ды яшчэ пры прадстаўніках улады.

- І, пане афіцэру, трэба быць апошнім хамам, - сказаў, як бы падсумоўваючы, пан Ежы, - каб усё гэта, па словах шаноўнага Аляксандра Паўлавіча, забыць. Пэўна, выветрылася з галавы ў самога ўсяміласцівейшага самадзержца, як ягоныя афіцэры шалікам... уласнага бацьку...