У тую раніцу, калі ў лазні аканомаў прыслугач Мондрык абдымаў і цалаваў знявечаную і абражаную дзяўчыну, на беразе Гарыні млявелі ад шчасця чыстай і незаплямленай маладосці маладыя людзі. Далёка адсюль, недзе ў марослівым Пецярбургу цар Аляксандар II ламаў галаву, як быць з чарговай палюбоўніцай. У другім жа баку свету, далёка на поўдзень і на ўсход, пад Каўказ, на чэчэнскіх пагорках пільна сачылі маладыя, з цёмнымі-цёмнымі няскоранымі вачамі чэчэны за сівавусымі расейскімі жаўнерамі... Там, над тымі чэчэнскімі пагоркамі, сонца даўно ўстала, а тут, над Гарынню, толькі-толькі паднімалася. Але святло ягонае бачылі ўсе: і цар-бацюхна ў Пецярбургу, і маладыя чэчэны, і сівавусыя расейскія жаўнеры, і нашы маладыя героі над ракой. І свет, і святло былі, жылі...
Зрэшты, ці мала што дзе па свеце рабілася, а дзяўчына Ганна шляхотнага стану з Заходняга Палесся была адзінай жанчынай на свеце, перад якой у адну раніцу поўзалі ракам і прасілі прабачэння ажно двое мужчын.
Напраўду, ліцвіны - шчырыя людзі.
РАЗДЗЕЛ IX. Піва Гінеса
1. Ураган за тонкай сцяной
Пані Цэцыля прывыкла ў сваім маёнтку класціся рана, амаль з курамі. Застолле так стаміла яе, што яна ледзь дачакалася моманту, калі можна застацца адной, з задавальненнем выцягнуцца ва ўвесь рост і паволі патануць у сне.
Начаваць ёй прызначана ў невялікім флігелі ў глыбіні парку. У тым флігелі яна і раней адпачывала і ведала, як там лёгка, прыемна спіцца. Туды звычайна прыносілі сяннік, прасціны, падушкі.
Пані незаўважна адстала ад маладой кампаніі і стомлена патэпала да флігеля. Цяжкавата без пакаёўкі раздзецца. Пані доўга валтузілася з кручочкамі, аплікамі, матузкамі, гузічкамі. Нарэшце легла і паволі, як усе пажылыя людзі, пачала правальвацца ў сон. Трэск неабмятага свежага сена, якое аблягала пад цяжарам цела, не перашкаджаў. Вось перад вачамі ўзнікла карціна яснага сонечнага дня, пачуліся сялянскія песні, далёкія галасы.
- Гэта застанецца выключна маёй тайнай... - гучаў мужчынскі голас.
- Я буду вернай спадарожніцай вашай тайны, - адказваў яму жаночы. - Але, як да патрыёта, да рыцара свабоды, дазвольце мне мець свае ўласныя пачуцці.
- Адношуся да пачуццяў паненкі з шанаваннем...
- Толькі і ўсяго?
Пані Цэцыля разумела, што галасы, якія яна чула, - гэта праява сну, але чаму яны напоўнены такімі выразнымі інтанацыямі, якіх у сне не бывае? Мала таго, галасы, асабліва голас жанчыны, жыва напаміналі пра людзей, з якімі пані Цэцыля пазнаёмілася толькі сёння, а гэта рэдка бывае, калі толькі пазнаёмішся з чалавекам і тут яго і сасніш.
- Я ў шаленстве, калі вы не хочаце ўбачыць ува мне жанчыну!
Пані Цэцыля расплюшчыла вочы. Гэта ж голас пыхлівай варшавянкі Валеўскай!
- Маё сэрца належыць... другой.
«А мужчына - ці не ангелец? Чаму ён па-польску гаворыць... За вячэрай ані слова не сказаў», - падумала пані Цэцыля. Яе сон як рукой зняло.
- Другой жанчыне? Вы нічога не расказвалі мне пра яе. Раскажыце...
Нельга не пазнаць поўны і чысты голас Валеўскай. Пані Цэцыля зразумела, што трапіла ў нявыкрутку: флігель раздзелены на палавіны, і ў другой палавіне начавалі іншыя людзі. Тое, што рабілася між імі, цалкам іхняя справа, але быць сведкай, няхай сабе і міжвольнай, гэтай справы пані Цэцыля не хацела. Яна намерылася ўстаць, каб ціхенька апрануцца і пайсці. Сена гучна затрашчала пад ёю, галасы за драўлянай сцяной сціхлі. Заціхла, перастала варушыцца і пані Цэцыля.
- Ці можна ўведаць імя гэтай шчаслівіцы? - зноў пачуўся голас Валеўскай.
- Вы хутка пра гэта даведаецеся... - адказаў мужчына.
- О, мой каханы... Вы малады, здаровы, чысты, светлы. Ідэёвы, у рэшце рэшт...
Гэта быў не голас, але стогн. Пані Цэцыля пачырванела. Падслухоўваць чужыя размовы ой як нягжэчна! Гэта - па-першае, па-другое - яна баялася, што ў суседнім пакойчыку вось-вось што-небудзь пачнецца, які-небудзь такі ўраган пачуццяў, якога яна не вытрымае і тут, за сцяной. Яна можа, напрыклад, страціць прытомнасць... Адносіны паміж мужчынамі і жанчынамі лічыла найвялікшай святыняй, таму быць сведкай гэтых адносін, няхай сабе і выпадковай, - грэх, найвялікшы грэх. Але як пайсці адсюль, калі сена гэтак трашчыць.
- Выбачайце, пані Валеўска. Яшчэ ў Польшчы я зразумеў, што вы ніякая не патрыётка, не вандроўніца...
- А хто ж я?
- Вы - звычайная расейская шпіёнка.
- Што?!
Пані Цэцыля накрыла галаву адразу дзвюма падушкамі, але і пад падушкамі яна чула галасы мужчыны і жанчыны.
- Выбачайце, вы - прайдзісветка. Яны могуць быць сярод полек, расеек, беларусак...