Выбрать главу

Гаварылі яны па-польску і не звярталі ўвагі на прысутных. Яны нават не паздароўкаліся, як рабіў гэта кожны, хто заходзіў у карчму, - такі быў звычай. Прыезджыя ўсю сваю ўвагу накіравалі на ўласныя персоны. Праўда, у карчме было досыць цёмна, каб прыбышы маглі з яснага надворка ўгледзець тут за сталамі зусім не апошніх людзей.

- Адкуль ты? - спытаўся высокі ў невысокага.

- Проста з Парыжа, - неспадзявана адказаў невысокі. Але адказ ягоны прагучаў хутчэй стомлена, чым з фанабэрыяй.

- Чаго? Што ты там рабіў? - здзівіўся высокі.

- Чаго? Прабіў час скідаць з радзімы кайданы. А ты куды?

- Я? У Пінск... Ёсць пільная справа.

- Фамільная? - спытаўся невысокі і скінуў пыльнік. Пад ім аказаўся фрак гранатавага колеру. Шыю закрываў ясна-блакітны гальштук.

- Фамільныя? - перапытаўся высокі. - Якой халеры! Душыць хутчэй гэтую гадзіну. Колькі можна цярпець? Але і камізэлька ў цябе ганаровая. У Парыжы купляў?

- У Парыжы, - згадзіўся невысокі і расшпіліў некалькі жоўтых гузікаў, каб паказаць франтаватую камізэльку канарэйкавага колеру з бурштынавымі гузікамі.

Спраўнік нахіліўся да жандара, шапнуў:

- Чуеце, што кажуць? Разумееце?

- Няхай сабе кажуць, - адмахнуўся жандарскі афіцэр. Ад выпітага памякчэла на душы і лезці ў чужое жыццё не хацелася.

- Крамола, васпане, - шапнуў спраўнік. - Баюся я, загарыцца ўвесь край...

- Ну і няхай. Ці мала бунтаў па Расеі было?

- Дык яны, гэта, у польскі бок цягнуць. Што вы, васпане, на гэта скажаце?

- Ніводзін з іх не падобны на Каліноўскага... - вымавіў жандар. - А мне толькі гэты і патрэбен. Вось хто небяспечны.

- Як вы кажаце? Каліноўскі? - гучна перапытаў спраўнік.

Абое маладых, і высокі, і нізкі, зірнулі на спраўніка. Іхныя вочы прывыклі да карчомнага прыцемку, і цяпер яны бачылі ўсю кампанію.

- Kalinowski? - здзівіўся маладзейшы. - Pan wie Kalinowskiego?

- Не, - шчыра адказаў спраўнік. - Можа, вы, спадар капітан, ведаеце?

- Каб жа ведаў! - махнуў рукой жандар. - Маладыя людзі, лепей спытайце ў гэтага ангельскамоўнага ёлупня, які сядзіць вунь у тым кутку, як яму наша піва...

- Але з якой нагоды? - перапытаўся малады.

- Мы лічым, што тутэйшае піва не горшае ад ангельскага... У нас пятак ляжыць на пене...

- На пятаку арол цяжкі, як курыца... - хітра ўвярнуў адзін з прыбышаў.

- Перастаньце, маладыя людзі... - сказаў капітан крыху злосным голасам. - Курыца то ці арол, не наша справа. Не мы гэтага двухгалоўца выдумалі. Кажуць, такі арол мела сімвалам Галіцкая зямля... Хто вінаваты, што Масковія зрабілася цэнтрам славяншчыны? Што тут палітыкаваць?! Давайце жыць, жаніцца, нараджаць дзяцей. Можа, дзеці разблытаюцца з гэтым.

- Калі не мы, то і нашыя дзеці не вырашаць, - пачулася ў адказ.

- Во, зноў палітыка, - чмыхнуў спраўнік, які зразумеў настрой капітана Фогеля. - Перастаньце ўкручваць на кожнае слова палітыку.

- Няхай палітыкуюць, - махнуў рукой прыстаў Вусаціха. - Іхнія бацькі і дзяды зараблялі грошы, а ўнукі ўсё палітыкуюць... Была Рэч Паспалітая - няма яе. Дзе яна? Прапа-лі-ты-ка-валі...

Капітан Фогель здзівіўся словам прыстава.

- Самі сабе здрадзілі, круцілі хвастом, а потым яшчэ і крычаць: нас захапілі, нас згвалтавалі! - бубніў тым часам прыстаў. - Тут жыві пад царом ці пад польскім каралём, а жыві, службу ведай...

Маладыя людзі перасталі звяртаць на прыстава ўвагу, заняліся сваім. Капітану Фогелю хацелася спаць. Ён адкінуўся на спінку крэсла, заплюшчыў вочы, на секунду, як яму падалося, драмануў... Пракінуўся, нікога няма: франтавата апранутых палячкоў няма, ангелец знік, спраўнік з прыставам таксама некуды падзеліся. Фогель цяжка падняўся. На стале, за якім сядзеў ангелец, стаяў гліняны кубак, з якога ён піў. Нешта пад'юджыла жандарскага афіцэра зазірнуць у гэты кубак.

На дне, на аселай пене было напісана - «Kastuś». Сон як рукой зняло, рэшткі хмелю імгненна выскачылі з галавы. Вось яно што! Адкуль ангелец ведае імя Каліноўскага? Што ён за такі ангелец? Зрэшты, дзе ён?

Капітан Фогель куляй выскачыў з карчмы.

6. Новыя згрызоты аканома

Ежы Ўрбановіч прачнуўся а дванаццатай. Успомніў учарашняе, соладка пацягнуўся. Як усё добра вырашылася з Аксанай. Але тут пан Ежы ўспомніў і Артура, патрыятычныя гутаркі, мяцежніцкі настрой, урэшце, спіс патрыётаў. Настрой адразу сапсаваўся.

Аканом падняўся, пахадзіў па пакоі. Чым больш ён успамінаў учарашні дзень, вечар, ноч, тым болей хмурнеў. Лепш бы жонка здрадзіла яму. Гэта лягчэй зразумець. Але дзеля Айчыны рызыкаваць дабрабытам - ці не занадта? Што надумалі! Дурні... Дурніца і дурань. Няхай бы яны цалаваліся, абдымаліся, жмякаліся - гэта натуральней выглядала б. Дзве маладыя закаханыя жывёліны. Але яны думаюць пра Бацькаўшчыну, пра незалежнасць краю, пра свабоду, пра волю... Хто, хто ўвёў ім у вушы такія крамольныя ідэі?!