Выбрать главу

Божа! Дзе той спіс шляхты, якая можа ўдзельнічаць у паўстанні? Ага, схаваў, нічога лепшага не прыдумаўшы, у старую паляўнічую кайстру, якая вісела без ужытку на сцяне паміж сякіх-такіх трафеяў. Тэрмінова перахаваць, крый Божа, знойдуць... Уварвецца жандар, той самы «патрыятычны» Фогель з вобыскам, знойдуць спіс, арыштуюць і яго самога, і людзей па спісе... Бязвінных, непасвячоных...

Што рабіць? Пацягнуў яго чорт за язык прызнавацца ў тым, што ён, аканом манкевіцкага землеўладання Ежы Ўрбановіч, наўпросты нашчадак франдзёра і напалеонаўскага прыслугача. Не, распаўсюджваць гэтую навіну не з рукі, а ўзяў ды і ляпнуў. Так вось неасцярожна. Неасцярожны, як бацька... Бацька рабіў неасцярожна, а цяпер невядома, дзе ягоныя костачкі. Каб жыў ціхамірна, меў бы цяпер восемдзесят гадоў, быў бы мудрым дзедам... Зрэшты, дзедам пакуль не, бо няма ўнукаў...

Успамін пра тое, што ў яго пакуль няма дзяцей, зусім засмуціў пана аканома. Ну, прапаў бацька. А цяпер вось гэтая неўтаймоўная моладзь лезе на расейскія багнеты. Сама лезе і падпіхвае яго, Ежы Ўрбановіча. Глупства, неапраўданае рызыканства. А ў яго ёсць усе шанцы прадоўжыць род, аднавіць яго. Будзе, будзе ў яго зямля, мноства зямлі, цэлы край можна, калі разумна дзейнічаць, прыбраць да рук. Капейка да капейкі, рубель да рубля, а там, глядзіш, і маёнтачак цішком прыкупіць. А тут нечая фантазія, закардоннае падбухторванне, што жывіцца няўрымслівай памяццю пра колішнія часы, якія навек спрахлі, ламаюць ягоныя планы. Наспела інсурэкцыя? Навошта? Дзеля чаго, калі ўсё і так само плыве ў рукі!

Што рабіць? Мо пані Цэцыля дасць рады?

Не, у яе нічога не спытаеш. Яна, як добрая старая паляўнічая гончая, пачула паляўнічы рог, хоць і без сілы, але стане рвацца ў бой. Для яе Польшча - гэта ў першую чаргу Міцкевіч, пельгрымства, збавенне ад пакутаў. Вось утахтурыў у галаву нехта ідэю, што польскі народ мусіць выпакутаваць сваю волю. Ды якая яна полька, калі зроду тут сядзіць. І прозвішча нават ніякае яе не Ўрбановіч, але Гурбановіч. Ці не з тых, колішніх літоўскіх татараў, Гурбановічаў? Спачатку «іч» прыляпілася, потым лацінскае «h» адпала. Бо так на польскіх Урбанаў падобна. Таксама ці не ад лацінскагага - «urbis». Хто яго ведае, не адукаваны як след, бо на медныя грошы вучаны. Колькі матка ўхадзіла, каб з гімназіі не выперлі...

«Нешта будзе», - заключыў аканом, уздыхнуў і пайшоў даваць распараджэнні па гаспадарцы.

РАЗДЗЕЛ X. Прапагандыстыя

1. «Цар не ад Бога!»

Артур, як прачнуўся, нідзе не мог знайсці аканома. Пахадзіў па гаспадарскіх службах - няма. Што ж, час ісці дахаты. Усё-ткі слаўная вечарына адбылася, дала гэтулькі надзей на адраджэнне велічы і славы краю, штурхнула да спадзяванняў, што гонар уласны можа быць адваёваны, абаронены. І толькі купай, разам.

Пайшоў праз мястэчка, радасна вітаўся з сустрэчнымі. Усе яны цяпер не проста мяшчане - грамадзяне, браты. Кожны з іх хутка стане свабодным, вольным ад расейскага дэспатызму чалавекам.

Выйшаў за мястэчка, уздыхнуў на поўныя грудзі. Да чаго хораша, радасна! Прырода аж зіхацела: спявалі, галасілі шпакі і валасянкі, буяла трава ўзбоч дарогі. Добра, як добра, што гэтулькі цяпер у яго прыхільнікаў ягонай святой справы. Што ўжо жандарскі афіцэр - капітан Фогель, і ў таго выявілася не проста капяліна, а цэлая бруя патрыятызму. Як не скруціць царскаму арлу абедзве галавы з такімі людзьмі?

Чым бліжэй Артур падыходзіў да роднай сядзібы, тым менеў радасны настрой. І на гэта мелася свая прычына: як зрабіць, каб ягоны бацька, Купрыян Буевіч, стаўся ягоным прыхільнікам? Не такім, скажам, як Аксана ці яе муж-аканом, але хоць бы як прыстаў Вусаціха. Дагэтуль спрабаваў гаварыць, але бацька пакручваў галавой, казаў, што любы, хто ідзе супраць улады, - дурань.

- Мы не настолькі багатыя, каб выдурняцца, Артур. Добра, як у Сібір запратораць, гэта яшчэ паўбяды, тады ты - герой. А як пазбавяць зямлі, шляхецтва ды пойдзеш з торбамі, як Лушчыкі на Неўскім ходзяць?

Жыла ў іхняй мясцовасці шляхта, якая пасля падзей 30-х гадоў паехала ўсёй немалой сям'ёй у Пецярбург дабівацца праўды, там згалелі дарэшты, палавіна памерла, рэшта, каб не пухнуць з голаду, нанялася служыць. Што ж, страта гонару на чужыне не такая балючая, як у родным краі.