Выбрать главу

Што ж прыдумаць, каб заваяваць давер і прыхільнасць бацькі?

Дома Артур памыўся, змяніў бялізну і накіраваўся ў бацькаў пакой. Настрой меў рашучы.

Купрыян Буевіч з прычыны прыезду старэйшага сына ўжо некалькі дзён жыў суцішана, прыстойна. Нават наймічку Хрысцю адаслаў да бацькоў. Увесь вольны ад гаспадарскіх клопатаў час стары Буевіч, пачапіўшы на нос акуляры, разбіраў старыя літаратурныя альманахі. Рабіў ён гэта і зараз.

Калі сын увайшоў у пакой, стары Буевіч зірнуў на яго і, пэўна, не заўважыў, што сын мае нейкія свае досыць ваяўнічыя намеры.

- У эканоміі гасцяваў? - пацікавіўся бацька.

- Гасцяваў, - адказаў сын. - Хачу, тата, пагаварыць. Тата, пэўна, чулі, што зроблена досыць важнае навуковае адкрыццё пра паходжанне чалавека.

- Не, не чуў. Раскажы...

- Ну, калі коратка, вучоныя адкрылі, што чалавек паходзіць ад малпы, - узяў і вылажыў Артур.

- А малпа ад каго? - хітра прымружыўся стары Буевіч. Выспаны, бацька меў добры настрой.

- Яшчэ ад больш дзікай малпы... - сказаў Артур, задаволены, што гутарка ўдаецца.

- А тая больш дзікая малпа ад каго?

- А тую, можа, і Бог стварыў.

- Што ты мне хочаш сказаць, не разумею? Лепш лічыць, што чалавек пайшоў ад Адама і Евы. А іх стварыў Пан Бог. Ці не прасцей, а галоўнае - прыгажэй, - зморшчыўся бацька. Не падабаліся яму такія гутаркі.

- А тое, што калі чалавек паходзіць ад малпы, то значыць, ад малпы паходзіць і расейскі цар.

- Аляксандар II паходзіць ад малпы? - весела ўскрыкнуў стары Буевіч. - Што ты вярзеш, сыне?

Выгляд у старога Буевіча зрабіўся камічна-спалоханы.

Са змоўніцкім выразам твару ён прашаптаў:

- Ці ведаў ты тую мартышку, якая жыла ў Вярэнічаў... Залезла на дуб і не злазіла. Палезлі па яе, дык яна кусаецца. Мусілі страляць. Дык, значыцца, Аляксандар II паходзіць ад сваякоў гэтай мартышкі? Ты што, у Сібір захацеў?

- Не. Прапрадзеды першых Раманавых паходзілі ад людзей, продкі-дзікуны якіх пайшлі ад першалюдзей, а ўжо іх продкі былі сапраўднымі малпамі. Даказана ж, што паміж малпамі і людзьмі ёсць сваяцтва.

- Выходзіць, што і насамрэч Раманавы паходзяць ад... малпаў? - прашаптаў здзіўлены такім ходам думкі Буевіч-бацька. Праўда, у вачах ягоных свіцілася хітрынка. - Але ж... чалавек, душа ягоная - Боскае стварэнне. Не разумею, куды ты хіліш?

- Куды хілю? - ажывіўся Артур, не хаваючы, што яго радуе тое, што ягоная задума ідзе да паспяховага канца. - Слухай, тата. Раз вучонымі даведзена, што чалавек пайшоў ад малпы, то цар не Божы памазанік.

Выраз паблажлівасці паволі сышоў з твару старога Буевіча. Знікла і хітрынка, замест яе загарэўся злы агеньчык.

- Ну-ну, гавары, гавары... - зацікаўлена праказаў ён.

- Бог выбраў некага на цараванне абсалютна выпадкова... Царом мог вырабіцца і нехта з нашых продкаў... Урэшце, тут і Бог ні пры чым.

- Што ты кажаш?! - ужо зусім спалохаўся стары Буевіч. - Не разумею...

- Дынастыя Раманавых, менавіта цар Аляксандар II не прызначаны Богам цараваць ні над расейскім мужыком, ні ў прыватнасці над намі, ліцвінамі, беларусамі, палешукамі - называй як хочаш. Бог стварыў усіх абсалютна роўнымі... Разумееш?

- Хм. Чыста пратэстанцкая думка.

- Мы - роўныя сярод роўных, бацька. Як роўныя сярод роўных палякі, германцы, фіны, туркі... А таксама - бакасы, куры, качкі, зайцы, цецерукі... Людзі самі прыдумалі цараванне... І з пункту гледжання сучаснага ўзроўню развіцця грамадства гэтая лухта - богаабранасць цара-бацюхны - павінна быць здадзена ў архіў.

Стары Буевіч задумаўся.

- Гм... Бог стварыў... малпу... Малпа вырабілася на чалавека... - мармытаў ён. - Потым... людзі прыдумалі цараванне...

- Так, тата.

- А Адам, а Ева? Яны што, таксама пайшлі ад малпаў?

- То прыдумкі старажытных людзей, тата, легенда, літаратурны твор.

- Хто даказаў, што не Бог удыхнуў душу ў чалавека, а прырода вырабіла яго з малпы?

- Чарльз Дарвін і даказаў, тата. Ангелец. Вялікі вучоны... Раней людзі думалі, што Зямля - цэнтр сусвету. Капернік давёў адваротнае. Зямля - усяго толькі звычайная планета, якая разам з прыкладна такімі ж планетамі круціцца вакол Сонца. Гэта перавярнула свядомасць мільёнаў людзей... Усяго чалавецтва. Ангельскі вучоны Дарвін зрабіў не меншае адкрыццё, чым паляк Капернік. Ён з навуковых пазіцый абгрунтаваў, што чалавек ёсць вынік эвалюцыі жыцця, а таму ні расейскі імператар, ні які румынскі спадар, турэцкі паша ці абісінскі кароль не маюць аніякіх правоў цараваць над людзьмі: расейцамі, румынамі, туркамі ці абісінцамі... Ні над намі, ліцвінамі, ні над якім другім народам - башкірамі, грузінамі, калмыкамі там ці адыгамі - расейскі цар панаваць не мае аніякага права...

- Хм... - яшчэ больш задумаўся стары пан. Ход думак сына азадачыў яго. Увесь ягоны добразычлівы настрой прапаў.