Артур радаваўся, што змог задаць бацьку падобную ламаніну галавы. Лацвей дасць угаварыць сябе на інсурэкцыю.
- Дарвін, кажаш? Пачакай, - сказаў стары Буевіч. - Ангелец? Усе людзі пайшлі ад малпаў, так?! Дапусцім. І таму мы роўныя перад Богам, так?!
Артур уздыхнуў.
- Ангельская каралева чытала Дарвіна? - спытаўся стары Буевіч.
- У тым-то і справа, што пэўна чытала. І разумее, што яе статус - архаіка. Раней ці пазней адмовіцца ад гэтых недарэчных устанаўленняў.
- І Брытанія ператворыцца ў рэспубліку?
- Мяркую, яшчэ пры нашым жыцці. Да канца XIX стагоддзя несумненна. Галоўнае - самахоць, без рэвалюцыі. А вось дзікім расейскім царам варта дапамагчы зразумець, што гэта пыха, гардыня - лічыць сябе богаабранымі...
Стары Буевіч схапіўся за галаву.
- Ой, што гэта са мной, - пан ускочыў на ногі. - Я вар'яцею... Чалавек пайшоў ад мартышкі... Цар - не Божы памазанік, але малпаў... Малпы памазалі Раманавых на імператарства... Ангельская каралева здае карону ў музеюм! Ха-ха-ха! Эй, дзеўка, - закрычаў Буевіч, - нясі хутчэй гарэлку, іначай згублю апошнія глузды...
2. Разуменне роўнасці
Стары Буевіч усхадзіўся. Ён падскочыў з крэсла і шырокім сягам стаў кружляць па пакоі. Як толькі сын спрабаваў яму нешта тлумачыць ці пярэчыць, Буевіч-бацька ўскідваў руку, даючы знак сыну маўчаць.
- Ты думаеш, я - адсталы чалавек? І не ведаю, што значыць роўнасць? - пагрозліва гаварыў ён. - Ты яшчэ не нарадзіўся, а я меў у бібліятэцы кнігі, якія былі забаронены, ведаеш дзе? - Бацька насунуўся на сына. - У Парыжы! У гэтым расадніку так званых ідэй вольнасці і брацтва. А ў мяне - былі, а я - чытаў.
- Тата, мы павінны адабраць у расейскага імператара права распараджацца намі, ліцвінамі, - Артур праводзіў сваю лінію, нягледзячы на бацькавы жэсты.
- Ліцвінамі! - усклікнуў бацька. - Гэта - анахранізм.
- Ну я ж не анахранізм! Я жывы чалавек. Я веру...
- Пачакай, пачакай... У што ты верыш? Ці не ў тое, што, скажам, мой новы распарадчык Цімох, у якога ў барадзе, выбачай, вошы вядуцца, калі ад гарэлкі не падохлі, мне роўня?
- Роўня, - няўпэўнена сказаў Артур. Памаўчаў і ўжо болей жвава дадаў: - Прыйдзе час, у расейскага імператара возьмуць права на свабоду, роўнасць і самі расейцы, і ўсе народы, якія насяляюць Расею. Самыя, выбачай, брудныя і вашывыя... Годзе нам маліцца на цара, як на абраз...
Стары Буевіч спыніўся пасярод пакоя, зірнуў на сына, перавёў позірк на алеадрук выявы імператара, узяты ў багетную раму, прашаптаў:
- Але ж - імператар! Якая малпа? Які Цімох?
- Імператар, імператар... - прабурчэў Артур. - Мы самі сабе імператары... Паўстаць, як вось-вось паўстануць палякі, і адваяваць сваю волю. Захочам, паставім сабе караля... Выберам з шляхты каго талковага... Не захочам караля, выберам прэзідэнта, канцлера.
Бацька маўчаў. Відаць, ён нешта думаў, бо не слухаў прапаганду Артура.
- Тут адназначна, тата, варта ўдзельнічаць у вайсковым рушанні... Разам з палякамі змагацца за волю, за нашу, краёвую волю...
- За волю... Так... - згадзіўся пачырванелы ад уражання нейкімі сваімі думкамі Буевіч-бацька.
Дзяўчына, іншая, не Хрысця, а каратканогая і крыху дуркаватая Волечка, прынесла ўжо вядомы чытачу спод.
- Яшчэ вось што, - з таямнічым выглядам прамовіў Артур. - Маю ідэю падтрымаў аканом. Манкевіцкі...
- Пан Урбановіч?
- Ён дасць грошы. На зброю...
- Пан Ежы і зброя? - здзіўлена прашаптаў Буевіч-бацька. - Гэты ціхун? Ён жа і курыцу баіцца зарэзаць. Ён на паляванне ніколі не хадзіў...
Буевіч-бацька наліў сабе і сыну гарэлкі, выпіў, скрывіўся.
- Ад нашага павета мы мусім выставіць не меней як тысячу шабляў. Думаю, разам з простымі людзьмі набярэцца... - ціха, пранікнёна гаварыў Артур. - Для пачатку захопім уладу тут... Варшава, Вільня нам дапамогуць...
- А цар?! - ускрыкнуў бясконца ўражаны такой шчырасцю сына стары Буевіч і тут жа схамянуўся: - Так, так... Цар жа пайшоў ад малпы, ён - не Боскае стварэнне.
- Ён Боскае стварэнне, - уздыхнуў Артур. - Але нагэтулькі, наколькі Боскімі стварэннямі з'яўляемся і мы. У абсалютна роўнай ступені.
- А войскі, а жандары, а спраўнік?
- Эўропа за намі. А што да спраўніка, то і ён цалкам наш чалавек, - сказаў Артур. - Жандары?! Колькі тых жандараў? Пакуль цар, каб бараніць сваё малпавае права быць царом, прышле рэгулярныя войскі, мы павінны падрыхтавацца як след, згодзен, тата?
Бацька паглядзеў на сына, прашаптаў:
- Згодзен.
- Тады я падскочу да Бароўскіх, паедзем разам з ім па шляхце. А вы тут прыкіньце, тата, хто з вашых людзей, сур'ёзных, талковых, можа быць карысным у нашай святой справе.
Артур паехаў. Стары Буевіч задуменна сядзеў перад сподам. Каб праяснілася ў галаве нагаворанае сынам, ён наліваў і выпіваў чаркі - сваю і сынаву. Калі гарэлка скончылася, загадаў Цімоху склікаць людзей. Сабралася дворня. Буевіч выйшаў на ганак.