- Усё роўна раскажу, - стаяў на сваім Яўхім. - Знойдзецца і на спраўніка ўправа. Адзін спраўнік у губерні? Раскажу...
- Калі ласка, - уздыхнуў Стасік. - Кажы...
Крутнуўся - і пайшоў. Зразумеў, што ў агітатары яму яшчэ рана. Няма таленту пераконваць іншых людзей. Не паспеў адысціся, як пачуў крык:
- Панічу!
Абярнуўся. Да яго бег Яўхім.
- Калі ў паніча ёсць тытунь, то нічога не раскажу... - задыханы, праказаў, падбягаючы, маладзён.
- Што? - перапытаў Стасік.
- Мо, кажу, у паніча тытунь ёсць. Ніц не раскажу, як дасцё засмылець.
- Каб на табе шэрсць смылела, - агрызнуўся Стасік. - Гэта я бацьку твайму раскажу, што тытунь паліце...
Яўхім зніякавеў і пайшоў прэч.
Вечарам таго ж дня на сядзібу Буевічаў завітаў Максім Дзяркач. Стасік адразу зразумеў, з якой мэтай прыйшоў царкоўны стараста. Бацька спаў, а Артур, які мог дапамагчы, ездзіў з агітацыяй па шляхце. Будзіць бацьку пабаяліся, і Дзяркач сказаў Стасіку:
- Тое, панічу, што вы гаварылі майму сыну, - бунт, польскае пад'юджванне. Выбачайце, мушу далажыць, каму належна.
- Дачакайцеся, калі бацька прачнецца, - стаў прасіцца Стасік. - У нас будзе свая дзяржава, свае грошы, свая мова...
- І гэта вы, паны, загаворыце па-мужычаму? - Дзяркач паціснуў плячыма. - Не ведаю, па каго ехаць - ці па дохтура, ці ў паліцыю.
Хутка ўжо Дзеркача бачылі на кані - паехаў у мястэчка дакладваць прыставу ці спраўніку - у гэтым можна не сумнявацца.
Стасік замкнуўся ў сваім пакоі і абхапіў галаву рукамі - што ён нарабіў!
5. Хваробу прасцей папярэдзіць
Спраўніку было даложана. Ён перастрэў Фогеля і паведаміў яму, што так і так, панскі сын бунтуе народ. Жандар пажаваў губамі, махнуў рукой. Нешта належала рабіць, ён гэта адчуваў, але арыштоўваць гімназістаў занадта. Асабліва пасля сядзення пад «гарэхам», пасля такой пышнай пачосткі ад Урбановіча. Не, з тутэйшай шляхтай лепей жыць мірна. Ніякіх такіх асабліва варожых настрояў супраць уладаў не заўважалася.
- Думаю, гэтага маладзёна варта напужаць так, каб дзесятаму заказаў, - ці то параіў, ці то проста паразважаў спраўнік.
- Згодзен, - адказаў Фогель. - Хваробу прасцей папярэдзіць... Але, выбачайце, ці не справакуем мы дваран да, скажам, непрыязнасці ў наш бок? Тады горай будзе.
Спраўнік спаслаўся на занятасць, сказаў, што ў яго пільная справа ў Менску, губернскім горадзе. Фогель зразумеў - вельмі не хацелася спраўніку звязвацца з сям'ёй Буевічаў.
Назаўтра, пад абед, капітан Фогель ехаў да маёнтка памешчыка Буевіча.
Стаяла сярэдзіна жніўня, было яшчэ горача, і нават надта горача. У вершалінах бярэзін пракідаліся жоўтыя галінкі - першыя вястункі блізкай восені. Ад гарачыні, ад золкіх раніц трава на лужках сохла, рыжэла, але ў ёй яшчэ па-ранейшаму раз'ятрана стракаталі разнамаітыя кузуркі. У лясах і хмызняках пераклікаліся сытыя дразды, а пад вечар у полі можна яшчэ было пачуць перапёлку.
Капітан Фогель пусціў жарабца па дарозе з мэтай завярнуць да бліжэйшага жытла - ад гарачыні, а болей ад смачнага снядання, якім начаставала гаспадыня дома, дзе ён стаяў, яго мучыла смага. Наступаць, наскокваць і арыштоўваць некага ў сонечны, шчаслівы, такі мірны дзень, ды яшчэ на поўны страўнік, жандару не хацелася. Зрэшты, усё роўна лепей абдумаць любыя дзеянні. Хваробу, у тым ліку і грамадскую, палітычную, прасцей папярэдзіць, чым лячыць.
6. Жандар просіць квасу
Праз вярсты дзве дарогі капітан убачыў пад старымі вузлаватымі яблынямі вялізную хату з павапнаванымі аканіцамі. На вільчыку вецер ледзь варушыць забітую сароку. Пад вокнамі хаты зацвітаюць вяргіні. Недалёка ад хаты воз, высока накіданы гноем, а босы шыракаплечы вусач скідае гной на граду.
«Багатая сядзіба, добры квас будзе», - падумаў жандар і гучна праказаў:
- Мужык, ці не будзе квасу?
Селянін не звярнуў на жандара аніякае ўвагі.
«Глухаваты, ці што?» - падумаў Фогель і гукнуў:
- Гаспадар, ці ёсць квас?
Вусаты і вухам не паводзіў - працаваў сабе. Фогель папрыглядаўся і надумаў пад'ехаць бліжэй. Для гэтага належала аб'ехаць равок, на дне якога блішчэла вада. Жандар паехаў уздоўж раўка, завярнуў за купу алешын і выехаў да мастка. На мастку яго чакала неспадзяванка. Зрэшты, сам масток быў дзіўнай пабудовай - у выглядзе аркі, са свежымі, а галоўнае - пафарбаванымі парэнчамі. Акрамя гэтага, на мастку, карцінна абапёршыся на парэнчы, стаяла самая сапраўдная паненка. Светлая прыталеная сукенка, жакецік, чаравікі, кніжка ў руцэ, задумёная міна на твары. А твар які прыгожы: чысты, ясны. Жандар нават вочы працёр, ці не мярэсціцца яму ад спёкі. Не, паненка існавала наяве. Яна стаяла і глядзела ў равок, як плыве раска. Вакол дзяўчыны гулялі стракозы. Каб не спужаць яе, Фогель скочыў з каня і, пакуль выводзіў яго да мастка, не ўбачыў, прыкрыты канём, куды паненка знікла. Адвёў вочы ўбок - а яе няма. Фогель хмыкнуў, прывязаў каня да парэнчы мастка, пайшоў да селяніна.