Выбрать главу

- Продкі... - патлумачыў гаспадар, не хаваючы задавальнення і замілавання. - Прашу ганаровага госця ўмыцца, - сказаў Налётка-Чарняўскі. - Гэй, Вольга, прынясі пану вады і ручнік.

Фогель выйшаў на вуліцу. Маладзенькая дзяўчына ў вылінялай цеснаватай сукеначцы прынесла мядніцу, гарлач і вялікі ручнік з махрамі. Капітан мыўся і глядзеў на босыя, загарэлыя і ўкарэлыя ногі дзяўчыны, якая адчувала гэта, саромелася, чырванела і адварочвалася, калі Фогель хацеў зіркнуць ёй у твар. Афіцэр прывёў сябе ў парадак, і тады сам гаспадар паднёс узелянелы ад часу, пэўна, ніколі не чышчаны сярэбраны спод, на якім стаялі на выбар і журавінны морс, і яблычны кампот, і грушавы ўзвар, і проста бруснічная вада.

- Толькі што з лядоўні, пане Фогелю. Бачыце, аж успацела... Абедаць не жадаеце?!

- Не, - хітнуў галавой афіцэр. - Дзякуй вялікі, служба.

- А што служба? Служба нікуды не ўцячэ. Без абеду вы ў мяне нікуды не паедзеце.

- Гм, сардэчна ўдзячны за гонар, але мяне чакаюць.

- Пакрыўджуся, калі не ўкусіце ад хлеба маяго, - надзьмуўся пан Налётка. - Доўга не затрымаецеся... Калі што, пашлём каго, каб вас не чакалі...

Пан афіцэр адмоўна пахітаў галавой. Але тут ён убачыў тую самую дзяўчыну, якая падавала яму ўмыцца. Убачыў яе твар, лёгкі пушок на верхняй губе. Няўжо дзяўчына не наймічка? Пэўна, якая сваячка гаспадара. А дзе тая кралечка, якую бачыў на мастку? Сэрца пана маладога афіцэра дрыгнула - калі гэтая во дзяўчына падалася яму прывабнай, прыгожай, то што ўжо чакаць ад «той»...

«Пабуду крыху, - падумалася яму. - Вунь якая кралечка... Чаму босая? Дачакаюся, як выйдзе тая, якая стаяла на масточку!»

У хаце на стале з'явіўся шараваты настольнік, на які ўсё тая сарамлівая дзяўчына расстаўляла посуд. Яна так спадабалася жандару, што ён улучыў момант, узяў дзяўчыну за локаць і хацеў зазірнуць ёй у вочы. Дзяўчына выкрутнулася і, мякка ступаючы босымі нагамі па падлозе, уцякла.

«Хто яны? - падумаў Фогель. - Калі гэта шляхта, дваране, пэўна, гэта ім прыслужвае якая-небудзь наймічка... Дзе ж, дзе тая паненка? Чаму яны хаваюць яе?!»

2. Вусатыя нявесты

Урэшце, афіцэру прадставілі пані Аўдоццю Чарняўскую, асобу з тонкімі рысамі твару, засамочаную клопатамі. Выйшлі і дзве малалетнія дачкі, Крыся і Палашка. У абедзвюх, спехам абутых і адзетых, таксама чарнеў ледзь відны пушок на верхняй губе.

- Гэта не ўсе, у мяне іх чацвёра, - ганарыста сказаў гаспадар. - Вольга?! Дзе Марыся? Зрэшты, пан ведае Вольгу, ручнік падавала...

У той жа момант увайшла... тая самая дзяўчына, якую Фогель бачыў. Увайшла яна ў тым самым уборы, у якім яе бачыў Фогель на мастку. Зблізку гэты ўбор аказаўся бедным, але святочным. І што важна, у Марысі былі на нагах чаравічкі. Ножка ступала цвёрда, некалькі ганарыста. Высакародна-малінавыя плямы на мармурова-белай шыі нібыта пераліваліся: то з'яўляліся, то знікалі. Марыся глядзела ў вочы смела, крыху сціснуўшы вусны.

- Яна ў нас у Пецярбургу вучаная, - сказаў Налётка. - Прыехала на лета дахаты. Восенню паедзе месца шукаць, бо ў нашым балоце адныя чэрці водзяцца.

- Рыгор! - сурова паглядзела на мужа пані Чарняўская. - Сёння ты ўдруга чорта спамінаеш. Калі ласка, проша да столу. Выбачайце, калі што не так, у нас па-простаму.

«Марыся! Яе завуць Марыся, Марыя значыць, - думаў пра сваё Фогель. - І якая прыгожая... Шляхцянка...»

Прыбораў на стале аказалася тры - толькі дарослым. Адкуль мог афіцэр расейскай жандармерыі ведаць, што ў пана Налёткі ва ўжытку прадметаў засталося толькі на тры поўныя асобы. Мала таго, пасярэбраных відэльцаў было толькі два. І былі яны не надта каб вычышчаныя, бо, па ўсім было відаць, ужываліся рэдка.

Падавалі, а падавала ўсё тая ж Вольга, лізуху - вару з капуснага расолу і тоўчанага льнянога семені. Потым яна прынесла тушаную качку, далей - смажаныя карасі, потым прынеслі нешта ў гаршчэчках, але жандар папрасіў яшчэ лізухі. Спадабалася яму тая лізуха. Якраз гэта было тое, чаго яму хацелася. Еў і не мог наесціся. Як не мог наглядзецца на твар старэйшай дачкі.