Выбрать главу

- Арыштуйце мяне, спадар капітан, - ціха папрасіў Артур.

- А нашто мне вас арыштоўваць? Героя з вас рабіць?

- Я ва ўсім вінаваты.

- Як толькі я арыштую вас, гэта адразу зробіць дваццаць-трыццаць маладых людзей, сынкоў тутэйшай шляхты, патэнцыйнымі дзяржаўнымі злачынцамі. Гм, інсургентамі.

Артур заўважыў, што кабура ў жандара расшпілена. Гэта азначала, што, пэўна, Фогель гуляў у нейкую вызначаную, прадуманую, але Артуру да канца не зразумелую гульню.

- Прашу вас, арыштуйце мяне і не чапайце брата, - папрасіўся Артур.

- Ага. Гм... Так і арыштую. Ведаеце, малады чалавек, а я маю права да вас так звяртацца, - сказаў капітан. - Я, мусіць, на гады тры ці болей старэйшы ад вас. Калі вы не можаце жыць без вашых перакананняў, - усялякага там адраджэння славянскіх народаў, - адзіны выхад - знікнуць.

Капітан глядзеў проста, без хітрыкаў. У ягоную шчырасць нельга было не верыць.

«Вораг, гэта - вораг, - падумаў Артур. - І не дурны, з азіятчынай, а па-нямецку разумны...»

- Папярэджваю вас, калі будзеце затрыманы пры іншых абставінах, прыкладзецца ўсё ранейшае. Так што выбачайце. Будзем жыць, - сказаў Фогель, умацаваў нагу ў стрэмя, молада, бадзёра ўзвіўся на жарэбчыка. - Ведаеце, я сёння страляў з рэвальвера. Не думайце, што, скажам, вашага брата пужаў. Дарэчы, ён у вас не такі і дурны. Малады яшчэ. Ну і, адпаведна, неразумны, кажуць жа ў вас - як сабака да году. Дык вось, страляў я сёння. Але гэты стрэл быў, ведаеце... Як бы гэта сказаць? Ну, мілосны, ці што...

Ногі жандара ўпіліся ў бакі жарэбчыка, і ён кінуў яго з месца ў цяжкі галоп.

- Бывайце шчаслівымі... - толькі і данеслася да Артура пад тупат конскіх капытоў.

Некаторы час малады Буевіч стаяў як утрапянелы. Потым сарваў з сябе куртку і шлапануў яе вобзем. Хацеў патаптаць нагамі, але стрымаўся. Ну, не Цімох жа ён. Гэтак Цімох робіць, як возьме лішку.

Дзе зброя? Спачатку дазнацца, куды падзелася зброя, а там будзе відаць, што рабіць.

5. А вось урэшце і герой

Куды падзелася зброя са старога млына, Артур Буевіч так і не даведаўся. Увогуле пасля арышту і допыту Стасіка і Артура больш не бачылі. Хто пытаўся ў старога Буевіча пра сыноў, даведваўся, што Артур падаўся да месца службы палкавым лекарам на Каўказ, а Стасік гасцюе недзе ў губернскім Менску ў сваякоў. Зніклі ангелец, пані Валеўская паехала па сваім маршруце ў Кіеў. Жыццё зноў зрабілася бясхмарным, звыклым, аднастайным, як бег воблакаў, як узыход і заход сонца. І тут самы момант успомніць пра нашага галоўнага героя, дзеля чаго і пачыналася пісаніна. Менавіта ён сапраўдны герой рамана - воўк, а на той час - ваўчаня. Прыпёр яго спачатку Цэцыліным дзяўчатам Ясь Кавальцоў. На пачатку лета ў адной лясной вёсачцы сяляне знайшлі на мясцовых могілках ваўчыны вывадак. Прыйшлі да бліжэйшага пана паказаць пабраных ваўчанят, каб атрымаць на гарэлку. Пан не даў, маўляў, ваўкі казённыя, што я за казённых ваўчукоў буду вам на чарку даваць. Ваўчанят аддалі сабакам, каб парвалі. Усіх разарвалі, а аднаго не кранулі. Пашкуматалі, праўда, але ацалеў, выжыў. Якраз Ясю надарылася быць паблізу. Пашкадаваў, засунуў за пазуху ледзь жывое стварэнне, прынёс дахаты, важдаўся з ім, паіў з рота, хукаў на яго і спаць на грудзёх клаў. Неяк прыносіў у маёнтак пані Цэцылі дзічыну, расказаў дзяўчатам, што ў яго жыве сапраўдны воўк, толькі маленькі. Пры гэтым расказаў гісторыю, крыху прыплёўшы, каб выклікаць журлівую слязу, пра тое, як ваўчук у яго з'явіўся. Цэцыліхі аж запішчалі, патрабуючы аддаць ваўчынага шчанюка. Аддаў, шкада, ці што?

Дзяўчаты кармілі ваўчука з ражка, клалі яго ў пасцелю, як коціка, разбэсцілі да нясхочу на сваіх пярынах. Пакуль яно, малое і слабое, ледзь цёпалася само, асаблівага клопату з ім не было. Але як толькі стала хадзіць, адразу паказала свой звярыны нораў.

Ваўчаня, яшчэ слаба трымаючыся на лапах, аднойчы ўбачыла коціка, якіх у доме цёткі Цэцылі было, як кажуць, воз і каляска. У ваўчука ў самога ногі запляталіся, але сын ляснога драпежніка цапнуў пашчай тое кацяня за шыю і не адпускаў, пакуль коцік і не задохся. Колькі слёз было праліта! Жаласлівыя Цэцыліхі надумалі пазбыцца ад ліхадзея. А тут акурат пана аканома Бог прыслаў. Паказалі яму ваўчука, сказалі, маўляў, пані Аксана сумуе без дзетак, няхай вось шчанючка гадуе. Абрадаваны адсутнасцю галоўнага інсургента - Артура Буевіча - аканом і сам шукаў якую-небудзь забаву жонцы, каб надта не забірала да галавы паўстанне. Выгляд смешнага галаватага шчанюка зацікавіў і здаволіў і самога пана Ўрбановіча. Аканому не прызналіся, што ваўчаня задушыла коціка. Баяліся, што строгі пан аканом не захоча браць. Шчаня і насамрэч не надта каб выдавала ў сабе нешта ваўчынае, толькі вопытны лесавік мог здагадацца, што з яго можа вырасці адзін з тых лясных шэрых бандзюкоў, які мог навесці жах на ваколіцы. Ды і маленькае яно нейкае было: вочы яшчэ слязіліся, позірк плаваў. І такі ласкавы: не паспеў пан Ежы ўзяць ваўчаня ў рукі, як яно стала шукаць цяпла, ціхенька паскавытвала, лезла ў рукаво.