Сонца бліскучае і цёплае. Паветра, як бальсан, лёгкае і такое смачнае. І колькі пахаў! Ён і не падазраваў, што на свеце ёсць неабсяжная прастора, запоўненая тысячамі пахаў. Кожны мае свой настрой, нясе пагрозу, папярэджанне, напамін пра спажыву.
А гэта што за істота з дзіўным хвастом-веерам? Як падкрасціся ды ўхапіць за нагу? Здабыча! Схавацца, падкрасціся як мага бліжэй, а потым атакаваць.
Ваўчаня не разлічыла сілы. Калі падабралася да індычкі, якая прагульвалася каля агародчыка, падскочыла да яе і цапнула за лапу, індычка так дзюбанула ў лоб беднаму Інсургенту, што ў таго аж пацямнела ўваччу. Ён завішчаў, але лапы з пашчы не выпусціў. Індычка залапатала крыллем, пранізліва закрычала, пачала дзяўбці і драпаць свабоднай нагой нахабніка, каб вызваліцца.
Загаманілі, закрычалі людзі. Нехта з дворні свіснуў сабак. З'явіліся харты. Унюшкавалі ваўчаня, наляцелі, пагналі. Завішчаў ад страху, прытуліў хвост між нагамі, забіўся пад куст ружы. Хорт усунуў доўгую пашчу-шчыпец у куст, хацеў ухапіць ікламі, але Інсургент раз'ятрана ашчэрыўся, загірчэў, гатовы біцца. Хорт паспрабаваў ухапіць ваўчука вузкім шчыпцом, i ўхапіў бы, каб не Мондрык. Адагнаў хартоў, ухапіў ваўчаня за загрывак, аднёс да Аксаны. У гэты час у спальню ўскочыў разгневаны пан аканом. Яму далажылі, што пакусаная індычка кульгае. Ён хмурыўся, заікаўся, дакараў Аксану, прасіў, каб была больш асцярожная.
- Не ведаю, што мне з гэтым стварэннем рабіць? - развяла рукамі Аксана. - Не я лавіла ваўчанят, і не я прынесла яго сюды, васпан мне прынёс.
- Аднясі ў лес, - загадаў пан аканом Мондрыку. - Занясі і выпусці.
- Яно адразу прыбяжыць да людзей, - адказаў той. - Сабакі прыдушаць адразу. Давайце трэсну галавой аб вушак, каб не...
- Ты што! - Маладая пані выхапіла Інсургента ў Мондрыка.
Служка толькі ашчэрыўся.
- Добра, я загадаю не выпускаць свойскай птушкі, - сказаў аканом.
- А харты?
- А хартоў таксама патрымаем у псярні. Пакуль што. А там, глядзі, сам пачне гэтых старых псяюх ганяць.
- Гэты - пачне, - згадзіўся Мондрык.
3. Першыя крокі самастойнага жыцця
Ваўчаня, якое Аксана трымала пакуль што ў сваёй спальні, расло і дужэла проста на вачах. Адпаведна яно стала несуразмерна з ранейшым больш есці. Рабілася кемлівым, спрытнела на вачах і ўсё часцей праяўляла сваю стыхію неўтаймоўнага драпежніка. Рабіла прыкрасці кожны дзень: то фіранкі парве, то разарве на шматкі Аксаніны пантофлікі. Пасля таго як паварочала і пашкамутала вазоны, Аксана распарадзілася вытурыць Інсургента са спальні.
Ваўчаня было аддадзена пад апеку Мондрыка. Аканомаў памочнік змайстраваў каля стайні будку з невялікім пралазам, каб на выпадак чаго ваўчаня магло схавацца ад хартоў ці іншых сабак, якія маглі забегчы сюды. Наслаў саломы, Аксана прынесла стары паўкажушак. Быў верасень, і ночы стаялі свежыя, часам ранішнікі пакрывалі траву марозам.
Ваўчаня апынулася на свабодзе. Велізарны свет адкрыўся перад ім. Тысячы аб'ектаў для палявання. Але ты сам - таксама здабыча. Харты, калі іх часам пасля кармлення забывалі зачыніць, дружнай гайнёй палявалі на ваўчаня, але яно стала настолькі шпаркае, што паспявала ўцячы ў кусты ружаў, куды харты не адважваліся з-за калючак уплішчыцца, ці запаўзала пад свіран, а харты пільнавалі яго. Урэшце Інсургент нарабіў шкоды і на вуліцы - аб'еў ружы. Цудоўны гатунак ружаў, купленых за вялікія грошы. Садоўнік шуфлем ганяў ваўчаня па ўсім парку. Мондрыку даручылі пасадзіць ваўчука на прывязь, што Мондрык і зрабіў.
Трэба было чуць, як ваўчаня выла і скуголіла, пазбыўшыся свабоды. Сам пан аканом распарадзіўся спусціць беднае ваўчаня з прывязі. Спакайней пільнаваць, каб штодня зачыняліся старыя харты.
Чым большы рабіўся Інсургент, тым меней быў ён падобны на ваўка. Чамусьці худы, скура ды косці, жывот разбіты аб'едкамі ад панскага стала, зусім не тоўстыя лапы, крыху аблавухі і хітрыя, пранырлівістыя вочкі - вось партрэт шчанюка, які не зусім адпавядаў вобліку сапраўднага ваўка.
Ён дужэў з дня ў дзень, шыя таўсцела, праз рудавата-чорную шчанюковую поўсць бралася расці шэрае воўчае адзенне. І што было цікавым - ваўчук пазнаваў і адрозніваў людзей. Асабліва любіў, відаць, памятаў, Цэцыліных дзяўчат. Калі яны з'яўляліся ў маёнтку, па старой звычцы падскокваў да іх на рукі, лізаў, цалаваў твар - гэтак вітаўся. Хоць то было не зусім прыемна, бо ад Інсургента смярдзела немаведама чым, падбіраў на сметніку недаедкі, але дзяўчаты аж млелі ад такіх пяшчотаў. Любіў Інсургент і Аксану, а вось Ганну, пана аканома і Мондрыка не тое што недалюбліваў, неяк не паважаў. Лашчыцца падпускаў толькі Аксану, ад аканома адскокваў, як дзікі. Мондрыка на дух не пераносіў. Як бачыў, даваў лататы.