Не прамінулі яны і Манкевіцкую эканомію. Прасілі грошай, і пан Урбановіч, нават не спытаўшы мандат, які даваў права на збіранне сродкаў, адкупіўся невялікай сумай. Госці ад удзячнасці расказалі пра студзеньскія баі пад Брэст-Літоўскам, як партыя Рамана Рагінскага авалодала Пружанай. На пытанне, дзе цяпер Рагінскі і ягоныя прыхільнікі, прыхадні адказаць не змаглі ці не захацелі.
Надышла ўрэшце і вясна. Яшчэ ўчора, здаецца, плавіліся на люстраных плашчаніцах лютаўскага снегу адбіткі сонца-шчокагрэйніка, кунежыліся крумкачы ў небе, срабрыстыя коцікі ледзь вылезлі на галінкі лазы, а глядзіш, ужо галкі скупаліся ў лужынах, падзьмуў цёплы вецер-валынец, і празрыстыя, голыя кусты ляшчыны пакрыліся жоўта-зялёнымі вісюлькамі кветак. Зашчоўкалі жоўтымі дзюбкамі шпакі, а вечарамі крыкі дзікіх качараў ужо бунтуюць кроў свойскіх крыжанак у гаспадарскіх загарадках.
Сакавік быў сухі і сонечны. А вось у красавіку задажджыла, ці не штодня крапаў марослівы дождж.
На паштовым тракце Пінск - Мазыр з'явіліся першыя этапы з асуджанымі польскімі мяцежнікамі. Іх, скараных на Сібір, везлі вазамі, частка з іх ішла пешшу. У вазах сядзела шляхта, пешшу ішоў просты люд. Першых асуджаных, якіх аканом наўмысна выязджаў глядзець, апраналі ў арыштанцкія шынялі, закоўвалі ў кайданы, на галовы надзявалі суконныя, без брылёў шапкі. Пазней, калі пачала зелянець трава і заклекаталі буслы, арыштанты валакліся бязладнымі натоўпамі, у цывільным, часта парваным адзенні.
Урбановіч адзначыў, што, пэўна, арыштанцкіх шынялёў не хапае на ўсіх асуджаных. Колькі ж іх было, калі велізарная і багатая Расея не магла забяспечыць вязняў неабходным?
- А дзе ж вашыя тры каралі? - са здзекамі пыталіся ў арыштантаў сяляне. - Чаму вам не прыйшлі на дапамогу? Не, нашага цара ніякія каралі не пабарукаюць.
Пытацца пыталіся, але з дазволу канвойных давалі галодным мяцежнікам і хлеба, і да хлеба. Надта ж нэндзнымі выглядалі пабітыя, адубянелыя на вуліцы, мокрыя пад халоднымі дажджамі паўстанцы. У вачах іх ужо не было ні надзеі, ні жыцця. Яны не прасілі хлеба, яны прасілі тытуню. Перад імі маячыла страшная, невядомая Сібір.
РАЗДЗЕЛ XIII. Навальніца насоўваецца
1. Самавольны памочнік
Вясна руплівай гаспадыняй увайшла на балотныя абшары Палесся. Пралётныя зяблікі і шчыглы хмарамі аточвалі просекі, вільготнымі начамі ў прамежках паміж хмар цугам некуды на поўнач цягнуліся гусі. На досвітку на ўзлесках цецерукі пачыналі свае зацятыя бойкі.
Ясь не лічыў паляванне на гэтых лясных пеўняў з чырвонымі, як журавіны, бровамі дастойным сапраўднага паляўнічага. Ашалелых ад вясны цецерукоў можна лавіць рукамі. Навошта спатрачваць шрот і порах, калі пастаў сеткі, заблытаецца з дзесятак - скручвай галовы і кідай у мех. Ведае мясціны, дзе цецерукі адчуваюць сябе, быццам яны адныя на зямлі.
Вось глушца ўпаляваць - гэта дастойны прыз і вопытнаму паляўнічаму. Яны, праўда, таксама непрытомныя ў сваіх любоўных спевах, але да іх дабярыся яшчэ. Уночы выйсці, боўтацца ледзь не па грудзі ў вадзе па мокрым лесе, потым заняць на шарай гадзіне пазіцыю, ведаючы, што глушцы-пеўні прыляцяць сюды, на высачэзныя чорныя вольхі, і пачнуць паволі, ціха, з ледзь чутнага шчоўкання, скіргітання, потым што раз хутчэй, нервова, з неўстрыманай жарсцю ўваходзіць у шал, каб потым гучна, па ўсім рэхістым лесе паліўся шчодры струмень глушцовай песні, ашалелы, непрытомны вал гукаў.
А ўжо бляднець неба пачне, і сілуэты пеўняў відаць, бяры каторага на мушку, бахай, ды так, каб і іншыя ў момант стрэлу спявалі, тады не палятуць, не сарвуцца з месцаў і можна яшчэ аднаго зняць з вершаліны. Праўда, забітыя, падаюць у ваду, у зараснікі, шукай тады.
Добра знайсці паляну, куды глушцы злятаюцца біцца. Дзе яны распускаюць свае хвасты, рыхтык ліры, апускаюць крылы, скрабуць імі зямлю, пускаюцца ў шалёныя скокі, круцяцца, як ваўчкі, ашалелыя, раз'ятраныя юрам ад прысутнасці незавідных шэрых самачак, якія ціха сядзяць у хмызах ці на купінах і чакаюць пераможцаў. Вось тады набіць добра стрэльбу і палажыць адразу двух... Але гэта - мара, відмо, а значыць - глупства. Сёння, як выбраўся, адчуў, што надвор'е не надта спрыяе - ветрык, хмары нясуцца ў небе. Набяжыць дождж, тады пеўні ўвогуле не прыляцяць.