Апошнімі днямі Яся не пакідала пачуццё, што нехта за ім сочыць. Мала таго, і раней, калі напрыканцы зімы хадзіў на рабчыкаў у Графскую пушчу, адчуваў нешта падобнае.
Вось і сёння Ясь адчуваў, што нехта проста вачэй з яго не зводзіць. Ідучы да месца засідкі, ён нават пачуў, як нешта пялёхкае па вадзе то ззаду, то спераду. Так лёгка і апудзіцца, прызнаць, што цябе водзіць які-небудзь карчавік, лясун ці балацянік. Але Ясь не верыў у гэтыя забабоны - акрамя Бога, звышнатуральнай сілы не існавала. Да ўсяго меў у руках выдатную зброю вайсковага ўзору. Пашкадаваў адзін штуцэр, калі звалок у буч каля млына скрынкі са зброяй. Тады насмеліўся гэта зрабіць, бо адчуў, што не зможа жыць. Жыць згодна са сваімі перакананнямі. Зброя несла смерць, была прыладай смерці, і ад гэтых прылад належала пазбавіцца. Што і зрабіў. Нават палічыў, што выратаваў ад смерці не меней сотні чалавек. Хто яны: ці маскалі, якіх забілі б інсургенты, ці свае нейкія здраднікі, Яся мала турбавала. Усе яны людзі, роўныя перад Богам.
А вось жа і не ўцярпеў, пакінуў адну стрэльбачку. І не дзеля зброі супраць людзей, а дзеля палявання, дзеля здабычы, спажытку. Адчуваў, што нешта пакуль дазваляе яму страляць птушак, звяроў. Але ўсё часцей і часцей зазіраў у вочы застрэленых ім істот - і рабілася не па сабе. Яшчэ раней, у семінарыі, дзе вучыўся крыху, распытаў настаўнікаў, і аказалася, што душа ёсць у кожнай жывой істоты. Нават у рыбін. А вось кузуркі душаў не мелі.
Штуцэр страляў выдатна: трапна, моцна, гучна. Падчас стрэлу ледзь рукі не выкручвала - свінцовая куля пад шалёным ціскам парахавога газу лезла па нарэзцы ў ствале, а сам ствол і, адпаведна, ложу круціла. Затое закручаная нарэзамі куля прабівала за сто сажняў дваццацігадовую сасну навылёт.
Ясь разумеў, што стрэлы са штуцэра могуць пачуць жандары ці проста людзі, перадаць, каму трэба, а тады бяды не абярэшся. Потым даведаюцца ці Людовік Бароўскі, ці той жа Стасік. Скемяць, што скрынку ў буч сцягнуў ён, Кавалец. Ды яны і так адчуваюць - даказаць не могуць. Артур таксама прыязджаў, прасіў аддаць зброю, ды добра, бацька выгнаў Буевіча, чаго, маўляў, да дзіцяці прычапіўся.
Ясь з мілатой пагладзіў штуцэр. Харошая зброя, праўда, цяжкаватая цягаць па лесе. Пістонаўка лёгенькая.
Дзе ж тыя глушцы, ужо добра развідняла, а ні гуку, ні стуку. Імжыць, праўда, з хмарак, але што паробіш. Божа, якое хараство - у вадзе лотаць цвіце. Відаць пялёсткі яе, усялякія тычыначкі, слупочкі...
Крыху пасвятлела. Потым хмары адпаўзлі ўбок і касыя промні сонца зайгралі на паверхні падтопленага павадкам лесу. І пад вадой гарэлі жоўтыя агеньчыкі лотаці. Ясь заплюшчыў вочы. Як хораша, як добра, як прыгожа: сонца, лотаць пад вадой, на душы лагода і супакаенне... Божа, дзякуй, што даеш паветра дыхаць, а вачам бачыць такі прыгожы, чароўны свет. Ёсць мноства краін, земляў, дзе жывуць розныя людзі, дзе горы, цясніны, непралазныя нетры з рознымі дзівоснымі птушкамі і звярамі, а вось такога краю, дзе так радасна, так прыветла цвітуць лотаці пад вадой, - няма нідзе на Зямлі.
Сонца бліснула промнямі, нібы прывіталася, і зноў схавалася за хмары, зноў заімжэў халодны дожджык. Нібы абуджаны сонцам, над вершалінамі альхі зазвінеў лясны жаваранак. І ягоная песня лілася гаючым бальсанам на душу.
«Божа, дзякуй... О Ўсёмагутны, бясконцая міласць твая да мяне, грэшнага... - сама сабой нараджалася малітва. - Не, немагчыма насіць гэткую мілату да свету ў душы... Трэба пісаць, пісаць...»
Глушца ў тое паляванне Ясь так і не ўпаляваў. Як добра развіднела, падстрэліў на ляту качку, якая - вось не шанцуе - упала ў ваду. Доўга разбіраўся, як дастаць з вады. Пашкадаваў - меў бы сабаку! Ісці шукаць сярод лазы - уброхацца па пояс. Потым мокраму ісці дахаты. А ісці - няблізкі свет. Потым яшчэ на чоўне плысці. Можна і прастудзіцца.
І раптам убачыў перад сабой ваўка, які плыў пасярод падтопленых вадой купін з качкай у пашчы. Прычым плыў проста на Яся. Адкуль узяўся гэты ваўчыдла?
Спрытна, завучана, у некалькі прыёмаў зарадзіў стрэльбу. Але страляць Ясь не збіраўся, бо пазнаў у ваўку... Інсургента. Вось ён вылез з вады, прыгнуўшыся, паднёс качку пад самыя ногі маладому паляўнічаму. Выглядала на тое, што воўк прымаў яго за гаспадара. Відаць, надакучыла вольніца пасля таго, як збег з эканоміі.
З гэтага дня Ясь і Інсургент зрабіліся неразлучнымі таварышамі. Воўк не пакідаў свайго новага гаспадара ні на хвіліну, а Ясь плаціў адпаведна - клапаціўся пра ваўчыны спажытак, а таксама не даваў ваўка ў крыўду. Усё ж не сабака - лясны звер.
2. Пра пачуццё самапавагі