Выбрать главу

- Святулька, аддай стрэльбы!

- Я чужога не бяру... Не жадай ні дабра брата твайго, ні авечкі, ні жаны...

- Як жа не браў, калі стрэлы ў пушчы людзі чулі? Молішся, а ілжэш, брахадла!

- Дзякуй вам і за такія словы, - адказваў Ясь, - бо я вас люблю і ўсё вам прабачаю...

- Во, манюка, лёстачкі падпускае... - абураліся вартавыя.

- Хто любіць брата сваяго, той у святле ходзіць, і спакусы ў ім няма... - неслася са склепа.

- Усыпаць добра бізуна - адразу прызнаешся, куды цэлую скрынку штуцэраў схаваў, нахаба. Праваслаўнік знайшоўся.

- А хто ненавідзіць брата сваяго, той у цемры ёсць і ў мораку ходзіць... - чулася з вязніцы.

- Цьху ты, святун і ёсць святун...

2. Вайсковая рада

Калі ўся ваколічная шляхта больш-менш вызначылася: падтрымаць або не падтрымаць паўстанне, склікалі сход - абмеркаваць, што рабіць, сабраўшы войска. Пакуль што непрыяцеля нідзе не назіралася. Сядзець і чакаць маскоўскія роты не з рукі. Таксама патрабавалі вырашэння некалькі арганізацыйных, як казаў Артур Буевіч, пытанняў.

Шляхты сабралася шмат, але ўсё драбнякі, яны нават не адважваліся заходзіць да Ўрбановіча ў дом, куды гаспадар запрашаў радцаў, - сядзелі на вуліцы ці жартавалі праз расчыненыя дзверы з людзьмі чалядні. З'явіўся Артур Буевіч у куртцы наапашкі. Яго як намеснікі ці ардынарцы суправаджалі маладыя шляхцюкі. Пачалася гаворка пра зброю, дысцыпліну, планы. Шляхта выкрыквала словы да месца і не да месца. Ледзь што, пачыналі высвятляць адносіны, узнімаўся гармідар. Таўкліся добрую гадзіну, а ні да якіх вынікаў не дагаварыліся. Надумалі тады сабрацца і параіцца вузейшым колам.

У кабінет, дзе і прызначылі раду, зайшлі абое Бароўскіх: сын і бацька, стары Магнусь Палюховіч, неўміруха пад дзевяноста гадоў, бацька Лявона Палюховіча, які ўжо недзе ваяваў супраць маскалёў, а таксама чалавек пяць-шэсць смялейшай і дысцыплінаванейшай шляхты. Прысутнічалі на гэтай радзе і аканом з жонкай, уласна, і як гаспадары, і як чынныя ўдзельнікі інсурэкцыі.

Сталі абмяркоўваць, што робіцца ў краі. Абстаноўка мянялася кожны тыдзень, а пошта даходзіла са спазненнем, бо шмат дзе паўстанцы паразбівалі паштовыя станцыі. Праезджыя гандляры прывозілі навіны процілеглага зместу. Арганізаваная некалькі дзён назад выведка нічога не дала. Пасланыя надзейныя людзі вярнуліся ні з чым - на ўсходзе і на захадзе натыкаліся на моцныя казачыя раз'езды, на жандарскія патрулі або на цэлыя табары рэгулярнага расейскага войска.

Артур даказваў, што трэба ісці на злучэнне з асноўнымі сіламі паўстанцаў, гэта значыць падавацца на Пінск, на Кобрын, на Слонім. Калі злучыцца з якім буйным атрадам, тады пра каардынацыю дзеянняў падумаюць вышэйшыя начальнікі. Стары Бароўскі сцвярджаў, што паход - рэч неабдуманая. Паход сам па сабе вымушае страту сілаў, сродкаў. Калі ж заставацца ў мястэчку, то ніякіх стратаў ні сілы, ні сродкаў не будзе.

- Што дасць гэтае сядзенне? - гарачыўся Артур. - Мы толькі губляем час і энергію. Калі мы пасядзім яшчэ тыдзень, людзі стануць разбягацца.

- Прашу пачакаць новых паведамленняў, - гаварыў Бароўскі. - Цаню такую думку: чорт абарону любіць.

- Якая абарона! - абурыўся Артур. - Наша сіла - у яднанні. Вы, я бачу, абсалютна невайсковы чалавек.

- Дайце сабе ўпыну зневажаць старэйшых, - казаў Бароўскі. - Я пацярпеў - мой сын ледзь не апынуўся ў Сібіры. А з-за чаго? З-за глупства!

Пасля арышту і вызвалення сына старога Бароўскага быццам падмянілі. З рахманага, ціхага чалавека ён пераўтварыўся ў ваяўнічага паўстанца. Каб быў тут спраўнік ці жандарскі афіцэр Фогель, яны здзівіліся б такой перамене. Праўда, ранейшыя рысы характару - асцярожнасць, абдуманасць кожнага кроку, абумоўлівалі паводзіны Бароўскага і цяпер.

- Ды вы, прашу прабачыць, не чыталі, пэўна, ніводнай працы па стратэгіі. Ваша спецыяльнасць, не крыўдзіцеся - арніталогія, гітара, ксёнжачкі, - не адказваў на канкрэтнае пытанне Буевіч.

Бароўскага кінула ў барву. Ён шумна дыхаў, але трываў, аж сціснуў рукі ў кулачкі.

- Вы, Артур, кажаце, што я не чытаў ваенных работ? Чытаў... Вывучаў... Не думайце, - спакойна гаварыў Бароўскі. - Акрамя таго, я маю ўяўленне пра вайсковыя дзеянні з нядаўняй гісторыі.

- Вы маеце на ўвазе вайну дванаццатага года? - з ухмылкай прамовіў Артур.

- Так. Тады абсэрвацыйная армія расейскага генерала ад кавалерыі Аляксандра Пятровіча Тармасава супрацьстаяла войску, у якім лёс сабраў многа нашых землякоў, а ў прыватнасці - быў там і мой дзед.

- Так, згодны, - кіўнуў галавой стары Магнусь Палюховіч. - Помню. І я там быў... І скажу вам, харошыя людзі пранцузы, ліха іх матары, але слімакі, жабіны ногі і іншая дрэнь бон апетыт не прыбаўляе, халера на іх...