- Якога ворага вы маеце на ўвазе? - спытаўся пан аканом.
- Якога? Расею! - выгукнуў Артур.
Пан Урбановіч пабялеў. «Расею мець ворагам? Барані Божа... - падумаў ён. - Што яны гавораць... Чаму, чаго я тут сяджу?»
- Панове, - спалохана прагаварыў ён, - вы хоць уяўляеце, што такое Расея?
- Уяўляем, - смела адазваўся Артур. - Гэта нязмераны па тэрыторыі край з дзікім, азіяцкім урадам, які нясе нам абрусенне, забыццё мінуўшчыны, знявагу нашай мовы, культуры, рэлігіі. Улада Масквы апіраецца на багнетах і рамёнах жаўнераў, учарашніх цёмных і затурканых барадатых мужыкоў.
- Во-во, - сказаў Бароўскі, - правільная думка. І багнетаў гэтых будзе не сто, як, скажам, у нас, і не тысячы, а дзесяткі тысяч, а можа, як прыпячэ, і ўсе сто тысяч.
- Ну, ужо сто тысяч? Адкуль яны возьмуць гэтулькі зброі...
- Нельга лічыць, што Расея прадстаўлена злосным, але па сутнасці даволі бяскрыўдным прыставам ці спраўнікам... Паслухайце, я мушу скончыць маю гістарычную лекцыйку. - Бароўскі падняў палец. - Восенню 1912 года маларасейскія губернатары набралі, узброілі, экіпавалі і забяспечылі правіянтам 15 конных палкоў колькасцю 18 тысяч шабель! Гэта ж новая армія!
- І ў нас па Менскай ды Гарадзенскай вобласці набярэцца не меней, - перабіў старэйшага Артур.
- А тут яшчэ з Малдавіі падаспела 35-тысячная Дунайская армія адмірала Чычагава. - Бароўскі падняў руку, даючы знак памаўчаць. - Мелі 200 гармат. Вы ўяўляеце, якая гэта сіла? Каб не звычайная расейская бесталкоўшчына...
- Якую бесталкоўшчыну вы маеце на ўвазе? - спыталася пані Аксана.
- А хоць бы такую: раптам Аляксандар I назначыў Тармасава галоўнакамандуючым 2-й Заходняй арміяй пасля смерці Баграціёна на Барадзінскім полі. Сумятня, адным словам. Тым не меней расейцы наступалі з поўдня. Аўстрыйцы і саксонцы ўцякалі так, што расейская пяхота не паспявала за імі. Тут, у краі, які называюць Беларуссю, Літвой, як хочаце, і быў пачатак канца Наполеона, а не пад Масквой! Тут, пад Берасцем, саюзнікі мелі 40 тысяч штыкоў, расейцы - 50. Аўстрыякі і саксонцы не адважыліся даць бой, уцяклі ў глыбіню Польшчы, пад польскі Драгічын. Ведаеце, што нарабілася... Рэквізіцыі, напад расейцаў на Слонім, дзе сядзеў наш генерал Канопка.
- Так, Канопка, - пагадзіўся Магнусь Палюховіч. - Было, панове, было. Палонныя, сорам...
- Саксонцы і аўстрыякі паспрабавалі адцягнуць сілы Чычагава, але... - няўмольна працягваў Бароўскі. - Але жаўнеры расейскага генерал-лейтэнанта князя Сакена атакавалі Ваўкавыск, дзе нанеслі страшэнную паразу саюзнікам. Рэнье ўцёк праз акно, а саксонцы згубілі палкавы сцяг. Сорам і ганьба, панове.
Стары Магнусь моўчкі толькі ківаў галавой.
Артур не вытрываў. Падняўся, хадзіў. Ён, здаецца, здагадаўся, куды хіліць стары Бароўскі і што ён зараз прапануе. Хітры стары.
- Слухайце далей, - сказаў Бароўскі. - Аўстрыякі і саксонцы, нягледзячы на заклікі з штаба Напалеона, не змаглі ні дагнаць армію Чычагава, ні знішчыць корпус Сакена. - Бароўскі зрабіў перапынак, уздыхнуў і з неўласцівай яму патэтыкай вымавіў: - А прычына, панове, простая - яны не хацелі пакідаць Палессе! Куды ісці? Адчуць на ўласнай скуры ўсе радасці адступлення напалеонаўскай арміі ад Масквы?
- Расказвайце! - нецярплівілася пані Аксана. - Я і не ведала, як гэта ўсё цікава.
Артур незадаволена зіркнуў на Аксану, што не прамінуў заўважыць аканом.
4. Палескі авёс як чыннік выгнання карсіканца
- Далей усё даволі празаічна, - сурова, глухім голасам прамовіў Бароўскі. - Чычагаў выступіў пад Менск, дзе яго сустрэў 3-тысячны атрад генерала Касецкага.
- Правільна, Касецкага, - уставіў Магнусь.
- Ну і што тыя тры тысячы? Расейцы акружылі і вынудзілі Касецкага здацца ў палон. Напалі на Мір, на Койданава, на Нясвіж. Тактыка простая - акружалі пераважальнай колькасцю войска і прапаноўвалі здацца. Не, пане Палюховічу? Вы ж непасрэдны ўдзельнік тых баталій.
- Так, панове, быў. Чыхвосцілі нашага брата, як кажуць мужыкі, у хвост і ў грыву. Пад адным Мірам 500 чалавек забілі, а больш 700 у палон узялі. Пад Койданавам - 2 тысячы палонных, пад Радашкавічамі - 2 тысячы палонных. Калі расейцы падышлі да Барысава, дзе стаяў Дамброўскі, пастка зашчоўкнулася. Кажуць, што менавіта ў гэты дзень карсіканец бегаў узад-уперад, зазіраў на мапу і ў разгубленасці шаптаў: «Палтава! Палтава!»
Некалькі хвілін невясёлай цішыні далі магчымасць прысутным абдумаць, што расказаў Бароўскі і дапоўніў стары Магнусь Палюховіч.
- Дык што, - парушыў цішыню гаспадар кабінета, - палескі авёс спрычыніўся да перамогі расейскай зброі?