Выбрать главу

- І палескі таксама, - стомлена вымавіў пан Бароўскі. - Ёсць звесткі, што дзесяцідзённы запас правіянту для арміі Чычагава сабралі ў раёне Пружан, а гэта, заўважце, 160 тон сухароў і 160 тон круп.

Зноў наступіла гнятлівая цішыня.

- Нас падтрымае Эўропа, - раптам сказаў Артур. - Мы развіваемся ў эўрапейскім рэчышчы.

- Ну-ну, - адказаў Бароўскі. - Думаю, нас у хуткім часе чакае сустрэча з капітанам Фогелем, а не з Эўропай. Менавіта ён прывядзе сюды, у наш край, роты тры рэгулярнага расейскага войска. Пра гэта дбаць, а не пра Эўропу мроіць. Нам тут жыць, і жыць не з Эўропай, а з Расеяй, калі нават мы і пераможам. Трэба навучыцца дамаўляцца.

- Тры роты? - не зважаючы на апошнія словы, выгукнуў аканом. - Мы не зможам супрацьстаяць тром ротам! У нас усяго некалькі дзесяткаў надзейных людзей, якія не баяцца стрэлаў. Я маю на ўвазе нармальных, рэшта, гэта, выбачайце, нейкі зброд. Яны кожны вечар упіваюцца.

- Нічога, мы навядзём дысцыпліну, - сказаў Артур. - Праўда, пане Палюховіч?!

Стары Палюховіч хітнуў галавой. Ён крыху дзюбнуў - пачаставаўся ў чалядні.

- Заўважце, процістаяць добра абучаным, узброеным па апошнім слове вайсковай навукі жаўнерам, - дадаў Бароўскі. - Майце на ўвазе, экіпіроўку паўстанца і салдата расейскай арміі не параўнаць.

- Але затое на нашым баку веданне мясцовасці, раптоўнасць і... імпэт, - не здаваўся Артур. - Як у нас кажуць - мыш капы не баіцца.

- Ну, за імпэтам і ў расейцаў не стане. Яны ваякі адмысловыя. Як падцягнуць артылерыю ды дадуць залп карцеччу, вы... мы паразбягаемся хто куды, - сказаў Людовік, які нечакана, відаць, пасля гістарычнага экскурсу, стаў на бок бацькі.

Ці не дзеля сына гэтак стараўся Бароўскі?

- Дык чаго мы ўвогуле тут сабраліся? - нечакана ўскіпеў Артур. - Там, і там, і там, - паказваў рукой на захад, поўнач, усход, - паўстанцы змагаюцца з заклятым ворагам, а мы тут гістарычныя лекцыі слухаем. Маё рашэнне - выступаць неадкладна, шукаць ворага па ўсім краі і біць яго, біць, біць... Каб зямля пад ягонымі нагамі гарэла...

Урбановіч апусціў вочкі. Зрабіў гэта і стары Бароўскі. Толькі яшчэ і ўздыхнуў.

- А я ведаю, куды вы дугу гнулі. Сядзець ціха, каб ніхто не загінуў, - голасна выгаворваў Артур. Ноздры ягоныя раздзімаліся ад гневу. - Нас не чапаюць, і мы нікуды не рушым. Мо адразу адрас цару-імператару падпішам? У вернападданстве? І будзем поўзаць у нагах гэтай маскалёўскай набрыдзі, як той Інсургент поўзае ў нагах малога Кавальца? За тое, што прыгарнуў, у лес не выгнаў... А прыйдзе час, яшчэ і цалавацца будзем. «Милости просим...»

Прысутныя маўчалі. Толькі пані Аксана глядзела на Артура смела, вачэй не хавала.

- Што вы ўсё мяне палохаеце: маштабы Расеі, маштабы Расеі! - не мог супакоіцца Артур. - Думаеце, я сам не баюся? Не ведаю, супраць каго іду? Можа, і мне хочацца ўзяць тоўстую бабу, нарадзіць дзяцей і жыць сабе спакойна, вучыць гэтых дзяцей, адукацыю даваць.

Урбановіч нядобра пасміхнуўся. У ягонай галаве варылася свая каша. Ведаў, ведаў пра няшчаснае каханне Буевічавага сына да наймічкі Хрысці.

- Дык у тым то і бяда, што вучыць стануць не так, як хачу, а як захоча нейкі маскоўскі начальнік, які прыедзе сюды, - працягваў свой гнеўны маналог Артур, - і стане распараджацца намі, як сваімі халопамі. Або свае халопы знойдуцца і ў дагодлівасці стануць лізаць, прабачайце, адно месца...

Урбановіч у знак пратэсту супраць грубага слова падняў руку.

- Расея, Расея... Ведаю, на што іду. На сподачку ніхто нам вольнасцей ніякіх не дасць. Воля, гэта вам, выбачайце, не баба, - не звярнуў увагі на жэст гаспадара кабінета Артур. - Яе бяруць не беленькай, а часцей, перапрашаю, крывавай рукой.

5. Камісар на пяць хвілін

- Давайце не разважаць на гістарычныя тэмы, але рабіць канкрэтную справу, - сказаў Артур пасля некаторага роздыху, калі ўсе памаўчалі і абдумалі ягоную пагрозлівую філіпіку.

- Увогуле, мне здаецца, мы не з таго пачалі, - праказала Аксана. - Мы пратаўкліся, выбачайце, на вуліцы з добрую гадзіну, дзе шляхта ледзь не хапалася за чубы. Вось што: спачатку мы павінны выбраць павятовага камісара.

- Спадзяюся, што пярэчанняў не будзе, калі мы зацвердзім на гэтую пасаду, - Буевіч зірнуў на аканома, - нашага паважанага гаспадара, васпана Ўрбановіча.

Урбановіч адчуў, як кроў ударыла яму ў галаву. Ён не верыў сваім вушам.

- Таксама лічу найлепшай кандыдатурай свайго мужа, - данёсся, як з лёху, голас Аксаны.

Аканом зірнуў на жонку. У яе вачах прачытаў давер, замілаванне.

- Я - павятовы камісар? - разгублена прамармытаў Урбановіч.

Ён падняўся з крэсла, але адчуў, што калені ягоныя затрэсліся. Таму бухнуўся назад у крэсла і стаў церці твар рукой, каб не было відаць, што ён бялее на вачах.