- Я не буду камісарам, - ужо ледзь не крыкнуў Урбановіч.
Усім зрабілася ясна, што Артур Буевіч пачуў словы аканома, але не ведае, што рабіць, як рэагаваць. Ён нават зірнуў на збялелую ад словаў мужа Аксану.
- Ну, гэта так... Далей, во, пане Ўрбановіч, цікава: камісар павета павінен самым пільным чынам сачыць, каб ва ўсіх маёнтках, дзе праходзіць атрад, абвяшчаўся дэкрэт Нацыянальнага ўрада пра надзяленне зямлёй сялян.
«Яны - Буевіч і мая жонка - хочуць мяне звесці са свету, - падумаў аканом. - Яны - палюбоўнікі. Яны зробяць мяне камісарам, Фогель вернецца, арыштуе і, чаго добрага, павесіць. А яны - Буевічаў сынок і гэтая во... краля, стануць раскашаваць на маім дабры. Не-е-е...»
- Гэты дэкрэт павінен абвяшчацца і акт надзялення зямлёй складацца ў трох аднолькавых экземплярах, - гаварыў Буевіч, зацяты ў чытанне.
«Або стануць, як палюбоўніца таго Лангевіча, дачка расейскага генерала, жыць з ім у вайсковым табары...» - віхурыліся думкі ў галаве аканома.
- Адзін з актаў застаецца ў сялян, другі перадаецца начальніку павета, а трэці павінен быць...
- Прэч! Прэч адсюль! - раптам нема зароў заўжды выхаваны і стрыманы аканом Манкевіцкай узорнай гаспадаркі Ежы Ўрбановіч.
Ён ускочыў з месца і паказваў рукой Буевічу на дзверы.
- Ідзіце прэч! Я не хачу быць ніякім камісарам! Ні павятовым, ні валасным - ніякім! Дзеці! Вам гульні трэба! Вы ў кроў хочаце, у смерць пагуляць хочаце!
Урбановічыха пляснула рукамі і выбегла прэч з кабінета, Бароўскія - сын і бацька - знямелі ад здзіўлення.
- А трэці, трэці акт адсылаць ваяводскаму камісару, - па інерцыі скончыў Артур Буевіч.
Шляхцюкі адзін за адным праз дзверы, якія вялі з кабінета ў чалядню, сталі ўцякаць. У кабінеце засталіся двое Бароўскіх, стары Магнусь Палюховіч, які круціў галавой, не разумеючы, што адбылося, і, уласна, два праціўнікі - Артур Буевіч і Ежы Ўрбановіч.
Буевіч акуратна склаў паперыну, якую толькі што чытаў, засунуў яе ў нагрудную кішэню курткі і, чырвоны ад гневу ці ад сораму, выйшаў прэч.
Вайсковая рада на гэтым і скончылася.
6. Мужны ўчынак жанчыны
Неўзабаве пакінулі кабінет Бароўскія, выйшаў з крэхтам і стары Магнусь. Аканом застаўся адзін. І дзіва! Толькі што ў ім усё кіпела і бушавала, а цяпер зрабілася лёгка і пуста. На душы і ў галаве. Цяпер - усё роўна, што будзе. Жонка? Няхай кідае яго і едзе, куды хоча. Хоць з Буевічам, хоць дахаты, да бацькі. Галоўнае, у яго, Урбановіча, засталося чыстае сумленне. У адносінах да самога сябе. Не захацеў стаць павятовым камісарам і не стаў. Не здрадзіў сабе.
А каханне... Што каханне? Каханне - пакута, пакутай і застанецца. А цяпер ён вызваліўся і ад кахання, і ад усіх іншых праблем.
Стукнулі дзверы, зашалясцела адзенне - то ішла жонка. Урбановіч падняў галаву. Жонка мела заплаканы, нават апухлы твар.
- Што? - суха спытаўся аканом.
- Яны зараз прыйдуць, арыштуюць і пасадзяць у склеп.
- У склеп? Разам з Ясем Кавальцом? - зіркнуў Урбановіч. Яму чамусьці зрабілася смешна.
- І будуць судзіць як здрадніка... Як здрадніка і калабаранта...
Аканом скуксіўся. Ага, праўду кажуць: не радзіся, а ўдайся. Баяўся патрапіць у кіпцюры царскага двухгаловага арла, а ўскочыў пад капыты... Пагоні. Стопча, знішчыць. Ягоны твар прыняў плаксівы выгляд.
Каб схаваць гэта перад жанчынай, ён крыва пасміхнуўся:
- І што? Мо яшчэ і павесяць?
Аксана адвярнулася да акна.
- Я гэтулькі ўбухаў... грошай на гэтых галадранцаў... Нешта, дарагая, тут не гэтак. Тут Буевіч гэты нешта круціць. У яго і выхілкі ўсе бацькавы.
Аксана маўчала.
- Ну, няхай арыштуюць мяне... А як жа, як жа наша жанімства? - прамармытаў Урбановіч.
І тут ягоная жонка зрабіла тое, чаго аканом ніколі ад яе не чакаў. Канечне, у думках марыў пра гэта, але наяве - не чакаў. Аксана адвярнулася ад акна, рашуча сягнула да мужа і парывіста абняла яго. Паколькі ён сядзеў на крэсле, абняла за галаву і прыціснула яе да жывата.
- Бедны мой, любы, няшчасны Ўрбановіч... Ты не разумееш, што гэта - сур'ёзна. Што гэта - не гульня. Яны зараз прыйдуць арыштоўваць цябе...
- Яны?! Хто яны! - Урбановіч крутануў галавой, бо задыхаўся, адняў жончыны рукі.
Нечаканая сіла абудзілася ў ім. Ён адчуў сябе моцным-моцным. Ну і дурань жа ён, што раней не даваў ніякага адпору гэтаму Артуру. Цяпер - позна. Што рабіць?
- Я... Я буду бараніцца... Хто яны такія, урэшце?
Аканом падскочыў да стала. Там яшчэ з мінулага лета ляжалі зараджаныя пісталеты.
- Пакліч Мондрыка. Мы забарыкадуемся...
- Не трэба нічога рабіць, гэта - лёс, - сказала Аксана і зняможана апусцілася на канапу.
Мо праз якую гадзіну да афіцыны Манкевіцкай эканоміі напраўду пад'ехалі паўстанцы. Яны паскоквалі з коней, наставілі зброю напагатоў і сталі насцярожана падыходзіць да ўвахода ў дом. Нідзе ні душы, як вымерлі. Самыя зоркія бачылі, што ў афіцыне каля вокнаў стаяць узброеныя людзі. Гэта было сур'ёзна.