Выбрать главу

* Палемічны выраз К.Каліноўскага.

Ясь зморшчыў нос, схаваў рукой крывую ўсмешку, шумна выдыхнуў.

- Разумееш, край у агні. Пачынаць змаганне без веры ў перамогу немагчыма... - Артур адкінуўся на спінку крэсла. - Галоўная зброя - не косы і не вілы, нават не стрэльбы, не штуцэры. Галоўная зброя - наша перакананасць у перамозе нашай ідэі. Разумееш?

- А якая ваша ідэя? - насцярожыўся Ясь.

- Незалежнасць... Свабода... Ты яшчэ пытаеш? - здзівіўся такому пытанню Артур. - Зрэшты, роўнасць паміж людзьмі... Няхай нават нас размятуць з палявых гармат - прыйдзе час, і ўсё адродзіцца. Бо так устаноўлена Богам: кожны жыве на сваёй зямлі, мае сваю мову...

Ясь маўчаў. Здавалася, што Артура ўважліва слухае толькі Інсургент, які глядзеў на паўстанцкага камандзіра спакойна і пільна - вачэй не спускаў. Здавалася яшчэ, варухні Ясь толькі мезенцам, і воўк імгненна рынецца ў атаку на гэтага маладога дзядзьку, які начальніцкім тонам павучае нечага ягонага гаспадара.

- Каб не губляць часу, - працягнуў сваю размову Артур, - скажу коратка. Жыў такі разумны чалавек, немец. Звалі яго Георг Крысціян Ліхтэнберг. Памёр напрыканцы XVIII стагоддзя. Ён сказаў: «Больш чым золата змяніў свет свінец, і найболей - той, які ў друкарскіх літарах, чым той, які ў кулях...»

Першы раз за прыход камандзіра паўстанцаў Ясь зірнуў на яго. Выцягнуў шыю і воўк.

- Чытаў я твае вершыкі, Ясю, - сказаў Артур. - Нічога не скажу, не адмысловец у паэзіі. Не паэт мне трэба, але друкар. Разумееш? Граматны, разумны і які любіць нашу мову...

- Аксана перадала? Негадзяшчая якая...

Артур узмахнуў рукой і, мабыць, зарэзка, бо Інсургент дрыгнуў, наструніўся.

- Пры чым тут пані Аксана? - праказаў Артур, са здзіўленнем зіркнуўшы на ваўка. - Карацей. У мяне няма нікога, хто б змог быць друкаром. У нас, у краёвай арганізацыі, ёсць друкарня, але адна. Пад Беластокам. Будзе і тут. Абсталяванне ёсць. Зрэшты, табе пані Аксана ўсё раскажа і пакажа. Ну, згода?

Ясь у нерашучасці пацёр лоб. Нейкі светлы праменьчык бліснуў у ягоных вачах.

- Я... згодзен, - усё яшчэ нерашуча, але ўжо з надзеяй, з бадзёрасцю прамовіў хлопец.

- Тады давай руку.

Яны абмяняліся поціскамі рук. Інсургент пачаў аблізвацца і замахаў хвастом.

- Ён воўк ці сабака? - спытаўся з недаверам Артур.

- Ён - мой сябра. Цяпер - і ваш. Ён добрых любіць...

- Добрых? Я не добры... Нельга цяпер быць добрым. Усё, ты - свабодны. Можаш ісці. Спачатку дахаты - адаспіся, адпачні. Потым знайдзі спосаб звязацца з пані Аксанай. Ніхто не павінен ведаць, што вас звязвае. Ты ўпарты: паказаў на справе з гэтымі штуцэрамі, мне такі чалавек якраз і патрэбны. Усё далейшае будзе залежаць толькі ад цябе.

Ужо на вуліцы, калі вочы самі зажмурыліся ад сляпучага сонца, Ясь сказаў Артуру:

- Скрынкі пад вярбою. У бучы... Там глыбока...

Артур толькі пасміхнуўся, сказаў вартавым:

- Варта здымаецца...

- Дзіўныя рэчы, - сказаў адзін са знятых вартавых, калі Ясь і Артур пайшлі кожны сам па сабе. - І крэсла цэлае, і вязень «раскалоўся»...

2. Выправа

Урэшце надышоў дзень, калі адслужылі малебен і рушылі на захад, дзе адбываліся ваенныя падзеі. На асвячэнне зброі ксёндз прыйшоў сам, а бацюшка ўпіраўся, ледзь не сілком прывялі.

Аканома на ўрачыстым малебне не было. Не было і пані аканомавай. Адзінае, што яна змагла вымаліць у мужа, - праводзіць паўстанцаў па дарозе на захад.

Урбановічу карцела паглядзець, як яна будзе развітвацца з Артурам. Але яму не хацелася паказвацца паўстанцам на вочы, паслаў Мондрыка.

Інсургентаў назбіралася сорак чалавек конных і больш сотні пяхоты. Пяхотай паўстанцаў можна было назваць умоўна. У некаторых не было аніякай зброі, калі не лічыць косаў.

Пад вясёлыя крыкі, бязладныя песні і лунанне самаробных штандараў вырушылі за мястэчка. Буевічаў Стасік, які страшэнна задзёр нос за брата-камандзіра, расказваў пра тое новае жыццё, якім зажывуць, калі адваююць свабоду.

- У нас будзе свая дзяржава, і мы назавём яе Беларуссю. У нас будуць свае школы, свае грошы... Як то было колісь...

- А свая паліцыя будзе? - пыталіся сяляне, якім было абы пацвеліць з маладзёна.

- А то як жа, абавязкова будзе. Толькі назавём яе не паліцыяй, а як-небудзь інакш, скажам, міліцыяй.

- І такі ж міліцыянт, як Вусаціха, будзе?

- А ён і зараз ёсць міліцыя...

Гучны рогат гаварыў пра ўздым і добры настрой інсургентаў.

Калі дзяўчаты сталі кідацца ў абдымкі і цалавацца-развітвацца з паўстанцамі, і гэта было натуральна, Аксана таксама абняла і пацалавала і Артура, і Стасіка. Пра гэтыя пацалункі аканому было данесена. Не мусіла яна рабіць гэтага, адзначыў потым аканом, як гжэчная, выхаваная, замужняя пані. Яна мусіла развітацца без пацалункаў. Але аканомава пацалавала спачатку Стасіка, потым Людовіка, і вось чарга дайшла да камандзіра. Ён і нахіліўся, паколькі быў конна. Нахіліўся, іх вусны зліліся.